Сёння беларуская лідарка распачала працоўны візіт у Страсбург з сустрэчы з прэзідэнткай Еўрапарламента Рабертай Метсолай. Падчас сустрэчы палітыкі абмеркавалі стан палітзняволеных у Беларусі і супрацоўніцтва паміж Еўрапарламентам і дэмакратычнымі сіламі. Акрамя таго, на сустрэчы прысутнічала Паліна Шарэнда-Панасюк, якая падчас свайго зняволення стала сімвалічнай хроснай дачкой Раберты.
Асноўнымі тэмамі размовы сталі:
– Палітзняволеныя. Святлана Ціханоўская расказала пра стан палітзняволеных у Беларусі і падзялілася вынікамі дакладу праваабарончага цэнтра «Вясна» пра сістэматычныя парушэнні правоў жанчын у турмах.
– Супрацоўніцтва паміж дэмакратычнымі сіламі і Еўрапарламентам. Лідарка падкрэсліла важнасць актыўнага ўзаемадзеяння з еўрапейскімі структурамі.
– Сумесныя мерапрыемствы і семінары. Абмяркоўваліся магчымасці больш шырокага прадстаўніцтва беларускіх дэмакратычных сілаў на мерапрыемствах Еўрапарламента.
– Дапамога беларускім арганізацыям і медыя. Святлана Ціханоўская адзначыла жыццёвую неабходнасць падтрымкі незалежнай журналістыкі і праваабарончых ініцыятываў.
Святлана Ціханоўская: «Хачу падзякаваць прэзідэнтцы Метсоле за сённяшнюю цёплую сустрэчу. Нарэшце Раберта пабачылася з Палінай Шарэндай-Панасюк. Менавіта прэзідэнтка Еўрапарламента падчас зняволення Паліны стала яе хроснай маці ў рамках ініцыятывы Libereco па падтрымцы палітвязняў. Гэта яшчэ раз нагадвае нам – за кожнай гісторыяй стаіць чалавек, які не зламаўся, і супольнасць, якая не дазваляе яму застацца сам-насам з рэпрэсіямі».