Важнай часткай візіту ў Варшаву стаў удзел беларускай лідаркі ў юбілейнай імпрэзе з нагоды 30-годдзя Фонду Школы Лідараў. Фонд Школы Лідараў працуе над развіццём усвядомленага лідарства ў розных сферах грамадскага жыцця: у няўрадавых арганізацыях, органах мясцовага самакіравання, палітычных партыях і арганізацыях.
Мерапрыемства прайшло ў Музеі гісторыі Польшчы і сабрала вядомых экспертаў з розных краінаў.
У прамове Ціханоўская падкрэсліла, як важна праяўляць настойлівасць і адвагу на шляху да волі, а таксама заклікала ўдзельнікаў да актыўнай ролі ў прасоўванні дэмакратычных каштоўнасцяў і правоў чалавека.
📌 Лідарства і адказнасць
«Нашая агульная гісторыя вучыць: лідарства – гэта прыняцце адказнасці ў безвыходных сітуацыях. Вучыцца на хаду, быць прынцыповым, паслядоўным, адважным і дапамагаць іншым. Я заклікаю вас скарыстаць свой голас, свае веды і свой запал для стварэння зменаў».
📌 Як з’яўляюцца лідары
«Я даведалася, што лідарамі не нараджаюцца. Большасць людзей нават не хочуць імі быць. Я стала палітыкам з-за кахання да свайго мужа – і з любові беларусаў да волі. Наш народ прагнуў волі і зменаў, і дыктатарскі рэжым не мог стрымаць гэту энергію».
📌 Жаночае лідарства
«Жаночае» выхаванне таксама не падрыхтоўвае да палітычнай дзейнасці. У нашым грамадстве жанчын часта ігнаруюць. Нават сам дыктатар казаў, што людзі ніколі не прагаласуюць за жанчыну, але ён памыляўся».
📌 Салідарнасць Польшчы і Беларусі
«Я веру ў наш беларускі народ і веру ў вас, у будучыню вашай нацыі. Упэўненая, што ніхто са студэнтаў Школы лідараў, стаўшы палітыкам, юрыстам ці бізнесменам, не перастане клапаціцца пра Беларусь. Тое ж самае можна сказаць і пра беларусаў: мы ніколі не забудзем дапамогі людзей Польшчы. У абодвух нашых народаў вялікі досвед салідарнасці».