• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • «Рэжым здзяйсняе злачынствы супраць чалавечнасці не толькі ў Беларусі, але і на тэрыторыі Еўрапейскага Саюза», — Святлана Ціханоўская 

    01 кастрычніка, 2024

    Сёння ў Гаазе адбылася прэс-канферэнцыя з удзелам лідаркі дэмакратычных сілаў Святланы Ціханоўскай і кіраўніка НАУ Паўла Латушкі. Падчас канферэнцыі яны распавялі падрабязнасці пра перадачу ўрадам Літвы дакументаў у Міжнародны крымінальны суд аб злачынствах рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў.

    Упершыню міжнародная судовая інстытуцыя афіцыйна разгледзіць злачынствы рэжыму, што сведчыць пра сур’ёзнасць адносінаў да сітуацыі ў Беларусі на сусветным узроўні. Гэта не толькі ўзмацніць міжнародны ціск на рэжым, але і створыць прэцэдэнт для іншых краін звяртацца ў суды па справах супраць рэжыму Лукашэнкі.

    Святлана Ціханоўская:

    «Паважаныя сябры, эксперты, праваабаронцы,

    Паважаныя журналісты,

    Сёння гістарычны дзень. Сёння надзея з’явілася ў сотняў тысячаў людзей, якія пацярпелі ад рэжыму ў Беларусі. Надзея на справядлівасць. І надзея на тое, што ўсе вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці.

    Я хачу падзякаваць Літве ў асобе намесніцы міністра юстыцыі Габіі Грыгайтэ-Даўгірдэ. На працягу многіх гадоў Літва падтрымлівала наш народ і ўсіх тых, хто падвергся рэпрэсіям. Вы – разам з Польшчай, Латвіяй, Германіяй і іншымі краінамі – далі прытулак дзясяткам тысячаў людзей, якія ратуюцца ад рэпрэсіяў.

    Шаноўная міністарка, дзякуй вам, што перадалі справу Беларусі ў Міжнародны крымінальны суд. Гэта першы крок да аднаўлення правасуддзя ў Беларусі і спынення гэтага заганнага кола тэрору.

    З 2020 года ў Беларусі адбываліся масавыя зверствы і маштабныя міжнародныя злачынствы. Масавыя катаванні, бесчалавечнае і зневажальнае абыходжанне, згвалтаванні і іншы сэксуалізаваны гвалт, гвалтоўныя знікненні, адвольныя зняволенні і забойствы, якія здзяйсняюцца рэжымам. І ўсе гэтыя зверствы адбываліся ва ўмовах поўнай беспакаранасці для вінаватых.

    З-за пераследу і страху сотні тысячаў беларусаў былі вымушаныя пакінуць сваю радзіму, пакінуўшы ўсё – свае жыцці, дамы і блізкіх. Ахвярамі злачынства дэпартацыі сталі больш за 300 тысячаў чалавек.

    Аднак дыктатар не проста выганяе людзей за межы Беларусі. Ён працягвае пераследаваць іх і за мяжой. Людзі сутыкаюцца з запалохваннем, пагрозамі гвалту; крымінальным пераследам іх сваякоў і сяброў; завочнымі судовымі працэсамі, трансгранічным пераследам, канфіскацыяй маёмасці; пазбаўленнем іншых асноўных правоў.

    Гэтыя злачынствы можна кваліфікаваць як злачынствы супраць чалавечнасці. Яны здзяйсняюцца вышэйшымі службовымі асобамі рэжыму ў дачыненні да беларусаў у выгнанні. І некаторыя з іх былі здзейсненыя на тэрыторыях краінаў, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі Рымскага статута Міжнароднага крымінальнага суда.

    Мы хочам, каб свет пачуў гэта: рэжым здзяйсняе злачынствы супраць чалавечнасці на тэрыторыі Еўрапейскага Саюза.

    Дарагія сябры,

    Сёння мы заклікаем іншыя краіны падтрымаць зварот Літвы ў МКС. Пакажыце сваю прыхільнасць ідэалам і каштоўнасцям дэмакратычнага свету і справядлівасці. Мы заклікаем вас скарыстацца сваім правам у адпаведнасці з артыкулам 14 Рымскага статута.

    Зрабіце гэта дзеля правасуддзя. Зрабіце гэта дзеля нас. Беларусы пакуль не могуць скарыстацца гэтым правам.

    Але сёння я хачу заявіць ад імя беларускага народа: Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суда стане першай дамовай, якую ратыфікуе новая Беларусь пасля падзення дыктатуры.

    У новай Беларусі не будзе месца для міжнародных злачынстваў ці злачынцаў, якія спрабуюць уцячы ад міжнароднага правасуддзя. Беларусь стане тэрыторыяй, дзе будзе дзейнічаць юрысдыкцыя Міжнароднага крымінальнага суда.

    Дарагія сябры,

    Я хачу выказаць удзячнасць усім партнёрам, міжнародным экспертам і праваабаронцам, дзякуючы якім гэтая справа стала магчымай. Многія з іх знаходзяцца ў гэтай зале.

    Асобна хачу падзякаваць майму намесніку Паўлу Латушку і камандзе Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, якія прарабілі выдатную работу па перадачы справы Беларусі ў міжнародныя суды.

    Я хачу падзякаваць Праваабарончаму цэнтру «Вясна», Цэнтру па глабальным правасуддзі і правам чалавека M.A.R.A., Міжнароднай платформе для Беларусі па прыцягненню вінаватых да адказнасці, якія сабралі велізарную колькасць дадзеных і доказаў злачынстваў рэжыму.

    Я дзякую ўсім амбасадарам і дыпламатам усіх урадаў, якія дапамагаюць беларускаму народу. Не толькі падтрымліваючы нас у пытаннях прыцягнення вінаватых да адказнасці, але і падтрымліваючы нашу грамадзянскую супольнасць, незалежныя СМІ і праваабаронцаў. Калі ласка, працягвайце гэтую працу. Вашая дапамога для нас вельмі важная.

    Нядаўна мы таксама запусцілі Міжнародны гуманітарны фонд для падтрымкі рэпрэсаваных у Беларусі. Нарвегія і Швецыя сталі першымі краінамі, якія зрабілі ўнёскі, і я заклікаю ўсе ўрады далучыцца да іх.

    Я ўпэўненая, што разам мы адновім правасуддзе і прыцягнем рэжым да адказнасці за яго злачынствы.

    Мы павінны працягваць дабівацца справядлівасці для кожнага пацярпелага.

    Дзякуй!»

    Апошнія навіны