Падчас візіту ў ЗША нацыянальная лідарка сустрэлася з беларусамі і беларускамі Вашынгтона. Ціханоўская падзякавала за актыўную грамадскую і культурніцкую працу, арганізацыю мітынгаў і беларускіх мерапрыемстваў, а таксама за ўдзел у выбарах у Каардынацыйную Раду.
Лідарка падзялілася з беларусамі і беларускамі прыярытэтамі працы каманды на бліжэйшы час. Ціханоўская адзначыла важнасць працы над тэрміновым вызваленнем палітвязняў, захаваннем суб’ектнасці Беларусі, эфектыўным ціскам на рэжым, падтрымкай рэпрэсаваных і вырашэннем праблемаў беларусаў за мяжой. Акрамя таго, лідарка падкрэсліла: трэба ўмацоўваць нашую нацыянальную ідэнтычнасць і падтрымліваць беларускую культуру.
Таксама Святлана Ціханоўская распавяла прадстаўнікам дыяспары пра мэты візіту ў ЗША, а менавіта – вяртанне ўвагі да Беларусі, падтрымка медыя, а таксама лабіраванне прыняцця Акту аб дэмакратыі і вырашэнне пытанняў беларусаў у ЗША.