• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • «Узмацніць адно аднаго і вярнуць нашу краіну». Ціханоўская адкрыла Канферэнцыю Новая Беларусь 2023

    06 жніўня, 2023

    Святлана Ціханоўская:

    «Мы звыклі, што на кожнае публічна сказанае слова прыпадае два словы падтрымкі, але і дзесяць слоў крытыкі. Мы звыклі, што ў нас няма магічнай сілы, каб заўтра спыніць вайну і выратаваць усіх палонных. Болей за тое, мы пачынаем звыкаць, што месяцамі не маем вестак ад нашых палітзняволенных. Я ніколі не думала, што ў маім жыцці будзе момант, калі я пагляджу на відэа з Сяргеем – і не буду з першага моманту ўпэўненая, ці гэта ён. З намі адбылося так шмат бесчалавечных, балючых, пакутлівых падзей, што мы прызвычаіліся чакаць горшага. Але сёння я заклікаю вас адшукаць тое, што пазбавіць нас гэтай дрэннай звычкі.

    Само тое, што сёння мы знаходзімся тут, ладзім адкрытыя дыскусіі, праводзім публічныя слуханні Кабінету – гэта вялікае дасягненне для грамадства, якое амаль 30 гадоў не бачыла жыцця ў вольнай краіне. Бо празрыстасць, разнастайнасць поглядаў і свабода слова – гэта фундамент, на якім будуецца дэмакратычная ўлада. Што за будынак з’явіцца на гэтым фундаменце, залежыць толькі ад нас з вамі. Я заклікаю вас: захоўвайце ў памяці моманты, якія вас натхняюць. Я заклікаю вас змагацца са звычкай заўжды чакаць горшага. Я дзякую вам за ўсё, што вы ўжо зрабілі».