Беларускія сем’і зноўку сутыкнуліся з праблемай: зборы ў школу – гэта дорага. Кожны год цэны растуць, але ўлады працягваюць ігнараваць гэтае пытанне і тлумачаць усё інфляцыяй. Пры гэтым рэжым працягвае сцвярджаць: Беларусь – сацыяльная дзяржава. На практыцы ж дапамога абмяжоўваецца скідкамі на школьных кірмашах і мінімальнай падтрымкай шматдзетных сем’яў. У выніку толькі 25% школьнікаў атрымліваюць дапамогу: крыху больш за 100 рублёў, пры выдатках, якія могуць перавысіць 1000 рублёў. Відавочна, гэтага недастаткова для рэальнай падтрымкі сямей.
Для параўнання, у многіх краінах Еўропы дзяржава не толькі абяцае дапамогу, але і рэальна аказвае яе:
📌 Польшча. Праграма «Dobry Start» – 300 злотых (каля 70 еўра) для кожнага школьніка.
📌 Літва. Малазабяспечаныя сем’і атрымліваюць 110 еўра на школьныя прылады. Таксама падтрымка гарантавана і звычайным сем’ям.
📌 Латвія. Грашовая дапамога вар’іруюцца ў залежнасці ад муніцыпалітэта і ёсць выплата для першакласнікаў.
📌 Эстонія. На падрыхтоўку да школы выплачваецца «Заплечнікавая дапамога». Сума залежыць ад горада: у Таліне бацькам першакласніка дзяржава выплачвае 320 еўра, пачынаючы з другога класа – па 100 еўра.
Гэтыя прыклады сведчаць, што для Беларусі важна мець умовы, дзе людзі атрымліваюць рэальную падтрымку і клопат, роўныя магчымасці для ўсіх сямей, а не толькі абяцанні і разавыя скідкі на кірмашах.