«Сёння Ігар Лосік сустракае 33-гі дзень народзінаў у поўнай ізаляцыі. Больш за 800 дзён — без званкоў, без лістоў, без сустрэчаў. Гэты чалавек, які сам быў голасам для тысячаў беларусаў, цяпер знаходзіцца ў поўнай цішыні. Менавіта таму, што ён умеў гаварыць так, каб чулі.
Ігар — адзін з тых журналістаў, хто з усмешкай на твары ўпарта імкнуўся да праўды, празрыстасці і справядлівасці, нягледзячы на пагрозы і небяспеку. Ён тлумачыў, жартаваў, крытыкаваў, натхняў. І рабіў гэта з рэдкім спалучэннем дакладнасці і іроніі. Усё гэта рэжым палічыў такой вялізнай для сябе пагрозай, што не толькі пазбавіў яго волі, але і зрабіў усё, каб ён знік з публічнай прасторы. Каб яго голас сціх.
Але нават маўчанне Ігара сёння гучыць. Мы — усе, хто чытаў яго тэксты, слухаў яго думкі — памятаем. Мы ўспамінаем яго тонкія назіранні, яго здольнасць бачыць галоўнае, яго адданасць праўдзе. Я ведаю, як шмат хто сёння думае: «А што б сказаў Ігар?» Гэта значыць — ён з намі. Нягледзячы на ўсе спробы ізаляваць яго ад свету.
Жахліва, што ягоная дачка Паўліна расце, чакаючы бацьку з месца, дзе ён не павінен быў апынуцца ўвогуле. Гэта неапісальнае выпрабаванне для любой сям’і. Калі мы з дзецьмі гаворым пра Сяргея, я бачу ў іх вачах той боль, які можа залячыць толькі ўз’яднанне з роднымі. І я вельмі хачу, каб як мага хутчэй сям’я Лосікаў была разам.
Ігар — як і Сяргей, як і Віктар, Маша, Максім, Мікола — цяпер у зняволенні. Але мы свабодныя, каб гаварыць пра іх.
Пішыце. Гаварыце. Памятайце. Пакуль нашыя сэрцы з палітвязнямі — ніякая турма не зможа іх зламаць».