«Апошні раз я чула голас мужа больш за чатыры гады таму. У мяне было ўсяго пяць хвілінаў, каб падтрымаць яго, расказаць пра дзяцей, спытаць пра здароўе. Тады я яшчэ не ведала, што нам больш не дазволяць пагаварыць. Часта ўспамінаю тую размову і думаю, што яшчэ магла б сказаць…
Вось ужо 700 дзён ад Сяргея няма навінаў. Я не ведаю, ці атрымлівае ён віншаванні з днём нараджэння, ці бачыў паштоўкі, намаляваныя дачкой. Не ведаю, калі зноў змагу пачуць ягоны голас. Нават адзін дзень без вестак ад блізкага чалавека – гэта ўжо нагода для трывогі. Разам з Карнеем і Агніяй мы жывём у гэтай трывозе ўжо некалькі гадоў.
Але я ўпэўненая, што ён адчувае нашую падтрымку. Што ягоная ўнутраная сіла з ім. І нават за гэты час без сувязі – ён надае гэтую сілу і мне. Мы не спынімся, пакуль Сяргей і ўсе палітвязні не будуць на волі».