34 гады таму была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Гэтага свята няма ў календары. Але, на мой погляд, тое, што адбылося 27 ліпеня 1990 года – адзін з ключавых этапаў у гісторыі краіны. Бо рашэнне, якое было ўхваленае ў Мінску, афіцыйна аформіла наша імкненне да свабоды і незалежнасці.
Шлях да мары быў доўгім і поўным выпрабаванняў. Мы памятаем Кастуся Каліноўскага, які аддаў жыццё за нашую свабоду, і ўдзельнікаў Слуцкага паўстання, што ахвяравалі сабой, каб абараніць незалежнасць БНР. Шануем тых, хто не даў знішчыць нашую самабытнасць і гісторыю ў 30-х гадах ХХ стагоддзя – нягледзячы на няспынныя рэпрэсіі і гвалт. Мы распавядаем дзецям пра тых, хто не дазволіў згаснуць беларускім культуры і мове – пра Купалу, Коласа, Багдановіча, Чарота, Караткевіча, Быкава… Нам важна не даць гэтым імёнам знікнуць са старонак падручнікаў, з людской памяці – гэта таксама пра штодзённую барацьбу за незалежнасць.
А яшчэ незалежнасць – гэта:
– пра свабоду думак, выказванняў і самавыяўлення, а не толькі пра афіцыйныя паперы і законы;
– пра нашае імкненне жыць у гармоніі з сабой і навакольным светам, паважаць годнасць і правы адно аднаго;
– пра магчымасць самастойна абіраць свой, незалежны шлях, і жыць у добрых адносінах з суседзямі.
Але самае галоўнае ў тым, што сапраўдная незалежнасць пачынаецца з кожнага з нас. Як толькі мы прымаем адказнасць за свой лёс, абіраем быць адкрытымі і справядлівымі. Калі разумеем, што нашая будучыня – гэта пэўныя ўчынкі і штодзённыя рашэнні, а не старонкі падручнікаў гісторыі.
І зараз гэтыя ўчынкі трэба рабіць нам, і нам – прымаць гэтыя рашэнні. Як Алесь Бяляцкі ці Марфа Рабкова, якія абралі шлях абароны правоў і свабод беларусаў. Альбо як Кацярына Андрэева, што даносіла да людзей праўду, нягледзячы на ўвесь супраціў прапаганды.
Я ўпэўненая, што нашыя рашэнні будуць правільнымі, бо ў нас ёсць пэўная мэта і цудоўныя прыклады. Гэта абавязкова прывядзе да таго, што сённяшні дзень стане сапраўдным нацыянальным святам.
Віншую вас, дарагія беларусы!