• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская: “Нават у самыя змрочныя часы мы знаходзілі ў сабе сілы змагацца — мы выжылі і адрадзіліся.”

    22 мая, 2024

    21 траўня Святлана Ціханоўская выступіла з уступнай прамовай на адкрыцці Стакгольмскай канферэнцыі па Беларусі:

    “Паважаны міністр Ёхан Форсэль,

    Паважаны дырэктар Фрыдэрык Лёйдквіст

    Паважаны амбасадар Ёханесан,

    Паважаныя ўдзельнікі Стакгольмскай канферэнцыі па Беларусі!

    Мае дарагія беларускія сябры!

    Я памятаю нашу сустрэчу з міністрам Більстромам, калі мы ўпершыню абмяркоўвалі ідэю гэтай канферэнцыі.

    Мы казалі пра неабходнасць арганізаваць сустрэчу беларускіх і міжнародных актараў, каб распрацаваць стратэгію па Беларусі – што працуе, а што не. І што можна палепшыць…

    Шчыра кажучы, я не чакала, што ў нас атрымаецца правесці такую канферэнцыю, і ўжо тым больш не чакала такога высокага ўзроўню арганізацыі.

    Канферэнцыя стала буйным міжнародным форумам. Тут прысутнічаюць удзельнікі з больш як 20 краінаў, прадстаўнікі ўсіх сектараў беларускай грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сілаў.

    Гэта паказвае, што Беларусь застаецца на парадку дня, і пасылае сігнал беларусам унутры краіны: вы не самотныя ў сваёй барацьбе за свабоду!

    Я хачу падзякаваць міністру Більстрому, усёй камандзе МЗС Швецыі і амбасадару Ёханэсану за вашае неверагоднае цярпенне ў падрыхтоўцы гэтага мерапрыемства. І за вашую вялізную падтрымку беларусаў у нашай барацьбе. Дзякуй!

    І, вядома ж, вялікі дзякуй за арганізацыю гэтага мерапрыемства Стакгольмскаму цэнтру ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Шведскага інстытута міжнародных адносінаў. Я ўпэўненая, што гэта толькі пачатак нашага доўгатэрміновага партнёрства.

    Мне заўжды было цікава, чаму Швецыя так падтрымлівае свабодную Беларусь. І калі я задала гэтае пытанне шведскім палітыкам, то мне адказалі: дык мы ж суседзі!

    І сапраўды, адлегласць ад Стакгольма да Беларусі ўдвая меншая, чым да Парыжа. Але мы не проста блізкія геаграфічна – у нас адны і тыя ж каштоўнасці і аднолькавае бачанне будучыні. Для многіх беларусаў Швецыя – гэта краіна, прыкладу якой яны хочуць прытрымлівацца і ў якой хочуць вучыцца.

    Занадта доўга Беларусь жыла ў ценю імперыі. Мы перажылі цяжкія часы, войны і тыранію. Мы практычна страцілі сваю незалежнасць і нацыянальную ідэнтычнасць.

    Але нават у самыя змрочныя часы мы знаходзілі ў сабе сілы змагацца. Мы выжылі і адрадзіліся. Мы справімся і з цяперашнімі выклікамі.

    Гадамі многія краіны разглядалі Беларусь як прыдатак Расіі. Але так болей не будзе. Мы гордая еўрапейская нацыя – са сваёй культурай і гісторыяй, са сваімі героямі і марамі.

    І я веру, што з вашай дапамогай мы зможам разарваць гэтае заганнае кола, перамагчы тыранію і вярнуць Беларусь у еўрапейскую сям’ю нацый, да якой мы гістарычна належым.

    Я веру, што Беларусь можа стаць гісторыяй поспеху. Гісторыяй пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі. Свабодная Беларусь будзе садзейнічаць міру і стабільнасці ва ўсім рэгіёне.

    Але мы не дасягнём гэтага ў адзіночку. Нам патрэбна дапамога вольнага свету. Тут, у гэтай зале, шмат нашых сяброў і саюзнікаў, і я звяртаюся сёння да вас.

    Разглядайце Беларусь не толькі як пагрозу, але і як магчымасць. Інвестуючы ў свабодную Беларусь – вы інвесціруеце ў мір, інвесціруеце ў дэмакратыю. Мы не просім вас змагацца замест нас – гэта нашая задача. Але мы просім вас падтрымаць нас.

    Як паказвае гісторыя, усе дыктатуры разбураюцца – і звычайна тады, калі гэтага ніхто не чакае. Мы не можам прадказаць, як і калі адбудуцца змены, але мы можам падрыхтавацца да іх і наблізіць іх.

    Каб перамагчы тыранію, нам патрэбнае моцнае і ўстойлівае грамадства. Таму я прашу вас падтрымаць усіх тых беларусаў, якія, нягледзячы на страх і рэпрэсіі, працягваюць працаваць на змены ўнутры краіны.

    Падтрымайце беларускіх журналістаў, якія вядуць няроўную барацьбу з прапагандай.

    Дапамажыце праваабаронцам, якія збіраюць доказы злачынстваў Лукашэнкі.

    Дайце дапамогу культурніцкім ініцыятывам, якія дапамагаюць умацаваць нацыянальную ідэнтычнасць. Моцная нацыянальная ідэнтычнасць – лепшае проціяддзе ад «рускага свету».

    Дапамажыце ўсім тым, хто быў вымушаны збегчы з краіны з-за рэпрэсіяў, і зараз мае праблемы з дакументамі і легалізацыяй.

    Многія беларускія арганізацыі, сумленныя бізнесы, моладзевыя і жаночыя ініцыятывы зараз спрабуюць працаваць з выгнання, і ім таксама патрэбная ваша дапамога.

    Працягвайце аказваць ціск на нелегітымны рэжым. Я ведаю, што санкцыі не панацэя. Яны інструмент – які можа дапамагчы спыніць рэпрэсіі, вызваліць людзей з турмаў і спыніць удзел Беларусі ў вайне.

    Некаторыя кажуць, што санкцыі штурхаюць рэжым у бок Расіі. Паверце: ён ужо ў руках Расіі.

    Але не штурхайце ў Расію беларусаў. Нельга дапусціць жалезнай заслоны паміж беларусамі і Еўропай. Падтрымлівайце мабільнасць беларусаў, давайце ім візы, стыпендыі, магчымасць падарожнічаць і наладжваць сувязі паміж людзьмі.

    Гэта найлепшы спосаб вывесці беларускае грамадства з-пад расійскага ўплыву і наблізіць яго да Еўропы.

    Дарагія сябры!

    Сёння мы адзначаем Міжнародны дзень салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі. У гэты дзень тры гады таму ў лукашэнкаўскай турме памёр актывіст Вітольд Ашурак. Вітольд не дажыў да свабоднай Беларусі, але мы зробім усё, каб ягоная мара спраўдзілася.

    На гэты момант за кратамі знаходзяцца тысячы беларусаў. Яны сутыкаюцца з катаваннямі і зневажэннем. Многія з іх знаходзяцца ў крытычным стане.

    Некаторых трымаюць без сувязі са знешнім светам, у тым ліку майго мужа Сяргея ці Машу Калеснікаву, сястра якой зараз знаходзіцца ў гэтай зале.

    Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб вызваліць нашых палітычных вязняў. Гэта не проста палітычнае, гэта гуманітарнае пытанне. Людзі літаральна паміраюць. Між тым трэба таксама падтрымаць іх сем’і і тых, хто ўжо адбыў свой тэрмін. І я радая, што на канферэнцыі па гэтым пытанні будзе асобная дыскусія.

    Паважаныя ўдзельнікі,

    Лёс Беларусі глыбока звязаны з лёсам Украіны. Без свабоднай Украіны не будзе свабоднай Беларусі – і наадварот. Таму мы мусім зрабіць усё магчымае, каб падтрымаць Украіну.

    Я рада бачыць сёння з намі амбасадара Украіны Ігара Кізіма. Я хачу вам дакладна сказаць: мы, беларускі народ, побач з вамі! Абедзве нашыя краіны змагаюцца з адным і тым жа злом і дзеля адной і той жа будучыні. І перамога Украіны будзе і нашай перамогай.

    Паважаныя ўдзельнікі канферэнцыі,

    Яшчэ раз дзякуй за падтрымку Беларусі. Я ведаю, што шлях да свабоды можа быць доўгім і цяжкім. Але гэта адзіны правільны шлях. І давайце пройдзем яго разам.

    Жыве Беларусь! І Слава Украіне!

    Апошнія навіны