• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская: “Калі ты адчуваеш падтрымку і салідарнасць – гэта дае сілы змагацца”

    22 мая, 2024

    21 траўня Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Стакгольме з беларусамі і беларускамі Швецыі. Перад дыялогам з дыяспарай і ўдзелам у акцыі салідарнасці з палітзняволенымі Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай:

    «Дарагія беларусы і беларускі Швецыі, шаноўныя сябры

    Сёння мы адзначаем дзень салідарнасці з палітычнымі вязнямі. 

    Само словазлучэнне – палітычны вязень – выклікае пачуццё нясцерпнага болю.  Гэта такі боль, які немагчыма зняць таблеткамі, яго немагчыма заглушыць. 

    Боль, які цябе суправаджае падчас афіцыйных сустрэчаў, калі трэба ўсміхацца і падтрымліваць размову. Гэта боль, з якім кладзешся спаць ці прачынаешся. 

    Гэты боль толькі мацнее ад думкі, што ўжо даўно не было ніякай сувязі з родным чалавекам, і ў галаву лезуць думкі, каб не здарылася самае горшае. 

    Я вось думаю, калі так баліць дарослым, а ўявіце як баліць нашым дзецям. Мая дачка, пры адным узгадванні імя таты, пачынае плакаць. 

    Мне баліць ад думкі, што праз нейкі час, яна можа забыць яго голас, ці як ён выглядае, і таму спецыяльна на сценках у яе пакоі я павесіла яго фотаздымкі. 

    Боль паралізуе. Таму я стараюся ператвараць яго ў энергію. Я разумею, што аднымі сваімі перажываннямі, я не дапамагу палітзняволеным. А яны, хто там у засценках, разлічваюць на нас.

    Я не ведаю дакладна, што адчуваюць тыя, хто за кратамі, але мне здаецца, там у ізаляцыі – самы вялікі страх, гэта страх быць забытым. І менавіта рэжым на гэта разлічвае. 

    Бо калі ты адчуваеш падтрымку і салідарнасць – гэта дае сілы змагацца. Ты ведаеш, што твае пакуты недарэмныя, што справа дзеля, якой ты ахвяраваў свабодай – жыве.

    Палітвязні ня могуць сёння гаварыць. Але мы можам стаць іх галасамі. Я думаю, у кожнага прысутнага ёсць нехта, хто цяпер у турме. Мы павінны расказваць іх гісторыі, быць іх адвакатамі і іх надзеяй. 

    Мы павінны яшчэ больш ангажаваць міжнародную супольнасць. Вам можа здавацца, што пра нашых палітвязняў усе ведаюць. Нават тут, у Швецыі, вельмі мала інфармацыі з’яўляецца пра Беларусь, і яшчэ менш – пра палітвязняў. 

    І мы часта скардзімся, маўляў, на Беларусь забываюць. Але давайце самі зададзім пытаньне сабе: ці дастаткова мы зрабілі, каб гэта выправіць? Ці дастаткова мы нагадваем пра сябе ў прэсе? Ці дастаткова мы робім публічных акцый, ці так, як учора, далучаемся да іншых пад нашымі сцягамі?

    Я думаю, што праз гісторыю Галіны Краснянскай – мы можам вярнуць увагу шведскага грамадства да Беларусі. Сёння я прасіла шведскі парламент і ўрад пачаць кампанію па яе вызваленні, і спадзяюся, вы як дыяспара Швецыі, станеце лакаматывам гэтай кампаніі. 

    Учора я гаварыла пра палітвязняў і на традыцыйным панядзелкавым мітынгу ў падтрымку Украіны. І я была радая бачыць бел-чырвона-белыя сьцягі на ім. Ня ведаю, ці гэта быў хтосьці з вас, але потым падыходзілі людзі і дзякавалі, што беларусы прыходзяць і падтрымліваюць.

    Я ведаю, як шмат робяць беларусы Швецыі, і Народная Амбасада, але я ўпэўнена, што мы можам рабіць яшчэ больш. Уцягвайце іншых беларусаў, якія з тых ці іншых прычынаў не ўдзельнічаюць у беларускіх справах. І безумоўна, працуйце са шведскімі палітыкамі і грамадствам. Каб тэма палітвязняў і Беларусі была высока на парадку дня. І не толькі ў дзень салідарнасці з палітвязнямі, а кожны дзень. 

    Дзякуй вялікі вам! Жыве Беларусь!»

     

    Апошнія навіны