• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская: «Каб дайсці да канца, нам патрэбныя цярпенне, вытрымка і паслядоўнасць»

    22 мая, 2024

    22 траўня Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай на панэльнай дыскусіі аб дапамозе дэмакратычнаму руху на Стакгольмскай канферэнцыі па Беларусі:

    «Паважаны амбасадар Лінкявічус,

    Паважаная спецпасланніца Ёханэсан,

    Паважаны дырэктар Ван дэр Стаак,

    Дарагія сябры,

    Дазвольце мне пачаць са словаў падзякі паважаным арганізатарам – міжнароднай арганізацыі IDEA і Амбасадзе Літоўскай Рэспублікі.

    Міжнародная арганізацыя IDEA цягам многіх гадоў з’яўляецца важным партнёрам беларускіх дэмакратычных сілаў. Пры вашай падтрымцы мы распрацавалі новую Канстытуцыю Беларусі. Гэты найважнейшы дакумент дапаможа нам ператварыць Беларусь у па-сапраўднаму дэмакратычную дзяржаву і прадухіліць узнікненне дыктатуры ў будучыні.

    Акрамя таго, мы распрацавалі законы аб Парламенце, Прэзідэнце, Канстытуцыйным судзе і мясцовым самакіраванні. Два месяцы таму ў Вільні мы разам з IDEA правялі вялікую міжнародную канферэнцыю, на якой прадставілі нашае бачанне Новай Беларусі. Дзякуй, што падзяліліся вашымі заключэннямі і досведам і падтрымалі нас.

    Мы не ведаем, калі і як адбудуцца змены ў Беларусі, але мы павінны быць да іх гатовыя. Мы мусім быць у стане хутка правесці ўсе неабходныя рэформы, каб вывесці Беларусь з расійскай арбіты і прывесці яе ў еўрапейскую сям’ю, дзе і ёсць гістарычнае месца Беларусі.

    Я ўпэўнена, што Еўрапейская Камісія не проста не застанецца ў баку, але і акажа нам дапамогу на гэтым нялёгкім шляху. Паважаны Дэвід Кален, я зараз гляджу на вас. Калі ласка, разглядайце падтрымку дэмакратычнай Беларусі як свае інвестыцыі ў мір і бяспеку на ўсім кантыненце. Без свабодных Беларусі і Украіны праект Еўропы ніколі не будзе завершаны.

    Я рада бачыць у гэтай зале амбасадара Лінаса Лінкявічуса. Лінас быў першым замежным палітыкам, якога я сустрэла ў сваёй нядаўна і нечакана распачатай кар’еры. Калі ў 2020 годзе рэжым Лукашэнкі пачаў сваю расправу над народам і мяне сілком вымусілі пакінуць краіну, Лінас працягнуў руку дапамогі. Ён даў нам прытулак і інфраструктуру, якая дазволіла нам прадоўжыць нашу мірную рэвалюцыю. Гэта быў не проста жэст салідарнасці, але і дэманстрацыя смеласці і прынцыповай палітыкі, якой мы чакаем ад міжнароднай супольнасці.

    Я радая, што гэтая дыскусія праходзіць на палях першай у сваім родзе Стакгольмскай канферэнцыі па Беларусі. Я хачу падзякаваць за гэта Крысціне і МЗС Швецыі! Дзякуй!

    Мерапрыемства такога высокага ўзроўню паказвае, што Беларусь па-ранейшаму займае важнае месца на парадку дня. Яно таксама дэманструе доўгатэрміновую прыхільнасць Швецыі да дэмакратыі ў Беларусі. Швецыя, нараўне з Польшчай і іншымі краінамі, заўсёды была адным з найбуйнейшых донараў беларускай грамадзянскай супольнасці, сродкаў масавай інфармацыі і моладзі.

    Падзеі ў Беларусі 2020 года ніколі б не адбыліся без вашых інвестыцыяў у беларускі народ. 2020 год стаў годам незвароту для беларускага грамадства. Аднак рэвалюцыя яшчэ не скончаная.

    У 2020 годзе міжнародная супольнасць не была гатовая. Мы памятаем вельмі марудную рэакцыю Захаду: сапраўдныя санкцыі былі ўведзены ўсяго праз 9 месяцаў пасля рэпрэсіяў. 

    Сёння мы разумеем, што нашая барацьба – гэта не спрынт, а марафон. Каб дайсці да канца, нам патрэбныя цярпенне, вытрымка і паслядоўнасць. І, вядома ж, нам патрэбныя такія саюзнікі, як людзі, якія прысутнічаюць у гэтай зале.

    Рэжым Лукашэнкі значна больш уразлівы, чым здаецца. Ён як крэсла на трох ножках: грошы, рэпрэсіі і Расія. Калі ўпадзе адна ножка, абрынецца ўсё крэсла.

    Таму вельмі важна працягваць ізаляваць рэжым эканамічна, палітычна і дыпламатычна. Важна ўзмацніць санкцыі і адкрыць справы супраць вінаватых. Таксама важна дапамагчы Украіне і аслабіць Расію, якая з’яўляецца галоўным спонсарам рэжыму Лукашэнкі і без якой немагчымае яго існаванне.

    Але аднымі толькі санкцыямі не змяніць рэжым. Перамены могуць прыйсці толькі знутры і толькі дзякуючы беларусам. Пра гэта часта забываюцца палітыкі. Таму вельмі важна заўжды спалучаць санкцыі з дапамогай людзям.

    Дапамога павінна быць накіраваная беларускім незалежным СМІ, грамадзянскай супольнасці, сем’ям рэпрэсаваных, прафсаюзам, праваабаронцам і інстытутам дэмакратычных сілаў.

    Мы ўдзячныя Еўрапейскай камісіі і нацыянальным урадам за ўсю прадстаўленую вамі падтрымку. 

    Гэтыя параўнальна невялікія інвестыцыі ў беларускую дэмакратыю могуць аказаць вялікі ўплыў на ўвесь рэгіён. 

    Гэтай падтрымкі недастаткова, але я радая, што некаторыя краіны гэта разумеюць. Швецыя, напрыклад, сёлета значна павялічыла дапамогу беларускай культуры і ўчора заявіла аб унёску 5 мільёнаў кронаў на падтрымку палітвязняў.

    Нам таксама трэба ўзмацніць прадстаўніцтва дэмакратычных сілаў у Беларусі. Калі з’явіцца акно магчымасцяў, дэмакратычныя сілы павінны быць гатовымі і дастаткова моцнымі, каб узяць уладу ў свае рукі і павесці Беларусь да дэмакратыі.

    Мы просім фармалізаваць адносіны з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, прызначыць спецпрадстаўнікоў і не ўручаць даверчыя граматы нелегітымнаму Лукашэнку. Падтрымайце адкрыццё нашых прадстаўніцтваў у вашых сталіцах і стварыце ў парламентах групы «За дэмакратычную Беларусь» – як намаганнямі Густава ўжо зрабіў Рыксдаг.

    Дзякуючы дапамозе Кіма Кільюнена беларускія дэмакратычныя сілы ўжо ўдзельнічаюць у працы ПАРЕ, хаця Беларусь не з’яўляецца сябрам Рады Еўропы. Дзякуючы гэтаму, у нас з’явіўся свой голас, а таксама магчымасць пабудаваць важныя кантакты на будучыню.

    Падтрымайце еўрапейскія імкненні беларусаў, як альтэрнатыву «рускаму свету». Паўтарайце як мага часцей: «Будучыня Беларусі – у Еўропе!». Беларусам трэба чуць, што дзверы Еўропы будуць адчыненыя для іх.

    І калі ласка, не кладзіце нас у адзін кошык з Расіяй. Замест гэтага нароўні з Украінай і Малдовай кажыце пра Беларусь як пра краіну, якой патрэбныя падтрымка і ўвага.

    Дапамажыце нам не толькі падрыхтаваць рэформы, але і расказаць пра нашае бачанне будучыні беларусам. Я ўпэўненая, што ў супрацоўніцтве з IDEA, Камісіяй і іншымі партнёрамі мы зможам стварыць вобраз Новай Беларусі. Нам трэба паказаць беларусам, што ёсць і іншы шлях, а тое, што прапануюць дэмакратычныя сілы, лепш.

    І, вядома ж, дапамажыце нам захаваць пытанне аб палітычных зняволеных на парадку дня. Для нас гэта самая балючая тэма. Людзі літаральна паміраюць за кратамі. Трэба ўзмацніць ціск на рэжым. Рэжым адчувае беспакаранасць і працягвае браць закладнікаў. 

    Заўтра ў Празе пройдзе вялікі міжнародны форум, прысвечаны тэме палітвязняў. Мы будзем абмяркоўваць спосабы дапамагчы рэпрэсаваным, іх сем’ям, а таксама дабіцца іх вызвалення.

    Дарагія сябры,

    Канферэнцыя ўчора натхніла мяне. Я ўбачыла так шмат людзей з самых розных краін, якім так важна Беларусь. Я ўпэўнена, што з такімі сябрамі і саюзнікамі мы зможам атрымаць перамогу, аднавіць свабоду, дэмакратыю і незалежнасць нашай краіны.

    Дзякуй.»

    Апошнія навіны