• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская: «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць, культура і мова — наша самая моцная зброя супраць «рускага міру»

    22 мая, 2024

    22 траўня падчас адкрыцця другога дня Стакгольмскай канферэнцыі па Беларусі Святлана Ціханоўская выступіла перад прысутными:

    Дзякуй, дырэктар Фрэдрык Лёйдквіст.

    І добрай раніцы, паважаныя ўдзельнікі Канферэнцыі!

    Перш за ўсё хачу падзякаваць арганізатарам і ўдзельнікам за першы дзень Канферэнцыі. Ён быў пазнавальным і натхняльным. Дзякуй за ўсе тыя ідэі, якімі вы падзяліліся. І іх было шмат! Засталося толькі ўвасобіць гэтыя ідэі ў практычную працу.

    Асабліва важнай учора была дыскусія пра беларускую ідэнтычнасць і мову. Я не магла сабе ўявіць такую дыскусію на такім высокім узроўні некалькі гадоў таму. Гэтае пытанне ніколі не разглядалася як прыярытэт у палітыцы ў адносінах да Беларусі. Але я рада бачыць, што сітуацыя змянілася, і міжнародная супольнасць разумее важнасць падтрымкі беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, культуры і мовы. Гэта наша наймацнейшая зброя супраць «‎рускага свету»‎.

    Канцэрт учора ўвечары быў вельмі кранальным. Мы ўбачылі і адчулі сутнасць сучаснай беларускай літаратуры. І мы ўбачылі, як пераплятаюцца беларуская і шведская культуры. Нішто так не паказвае нашую еўрапейскасць, як нашая культура.

    Я хачу падзякаваць кожнаму і кожнай з вас, хто ўчора далучыўся да мітынгу ў падтрымку палітвязняў. Вы ведаеце, як гэта важна для нас. 

    Учора больш за 30 краінаў далучыліся да Міжнароднага дня салідарнасці з палітвязнямі. Мы правялі мітынгі па ўсім свеце, шмат якія палітыкі выступілі з заявамі. На жаль, рэжым адчувае беспакаранасць і не праяўляе ніякай гатоўнасці вызваліць з турмаў невінаватых людзей – нават тых, хто знаходзіцца ў цяжкім стане. 

    Учора з турмы не выйшла бясстрашная Паліна Шарэнда-Панасюк, хаця яна цалкам адбыла свой 4-гадовы незаконны тэрмін і павінна была выйсці. У турме яе катавалі і жорстка з ёй абыходзіліся. Я заклікаю міжнародную супольнасць не ігнараваць гэта.

    Кожны палітвязень – гэта сімвал надзеі і мужнасці. Я думаю, што ў кожнага беларускага ўдзельніка ў гэтай залі ёсць за кратамі сябар ці сваяк. І яны не павінны адчуваць сябе кінутымі. Нам трэба змагацца – кожны дзень – за іх вызваленне.

    Я з нецярпеннем чакаю магчымасці абмеркаваць сёння тэму палітычных вязняў. Мы павінны падтрымаць тых, хто знаходзіцца за кратамі, іх сем’і і тых, хто ўжо адбыў тэрмін. Таму дазвольце мне паўтарыць свой заклік унесці свой унёсак у Міжнародны гуманітарны фонд для палітычных зняволеных, як гэта ўжо зрабілі Швецыя і Нарвегія. Сама меней 1600 чалавек ужо адбылі свае тэрміны і маюць патрэбу ў неадкладнай дапамозе. 

    Мы павінны расказваць праўду пра палітвязняў і сітуацыю ўнутры Беларусі. І гэта магчыма толькі дзякуючы нашым адважным журналістам і блогерам. Нашыя незалежныя СМІ не толькі змагаюцца з таксічнай прапагандай, але і забяспечваюць сувязь паміж беларусамі ў выгнанні і беларусамі ўнутры краіны. 

    Нягледзячы на цэнзуру і тэрор, ім удалося захаваць аўдыторыю ўнутры краіны. І яны вельмі крэатыўныя. Яны працуюць у Tiktok і YouTube, Instagram і Facebook. Трэба, каб тэхналагічныя кампаніі давалі інструменты і дапамогу нашым журналістам, а таксама падтрымлівалі іх працу. Бо рэжым таксама выкарыстоўвае сацыяльныя сеткі. Каб сеяць хлусню і страх. 

    Мы ўжо працуем з Google і YouTube. Яны блакуюць на сваіх платформах прапагандысцкі кантэнт, а таксама запісаныя КДБ так званыя «пакаяльныя» відэа. А Signal на гэтым тыдні выпусціў беларускамоўную версію свайго мэсэнджэра. І дадаў некаторыя функцыі бяспекі для карыстальнікаў унутры краіны. Але зрабіць можна значна болей. 

    Гэтай восенню мы плануем правесці канферэнцыю Tech For Democratic Belarus. На ёй мы хочам сабраць актывістаў, журналістаў і прадстаўнікоў найбуйнейшых платформаў, каб абмеркаваць найлепшыя практыкі і супрацоўніцтва.

    І заключная размова сённяшняга дня будзе пра моладзь. І я хачу сказаць дзякуй Крысціне Ёханэсан за тое, што яна дадала ў праграму гэтую тэму. Мы схільныя забываць, што менавіта маладыя людзі з’яўляюцца рухаючай сілай пераменаў. Менавіта маладыя людзі выйшлі на вуліцы ў 2020 годзе. Менавіта маладыя людзі будуць вырашаць будучыню Беларусі.

    Учора мы размаўлялі з прадстаўнікамі шведскіх палітычных партыяў і іх моладзевых арганізацыяў пра пачатак супрацоўніцтва з беларускімі моладзевымі арганізацыямі. 

    Мая дарадца Маргарыта Ворыхава актыўна працуе над уцягваннем беларускіх моладзевых ініцыятываў у працу міжнародных арганізацыяў. А нядаўна яна была абраная сустаршынёй Кансультатыўнай рады па справах моладзі Рады Еўропы. 

    Нам трэба інвеставаць у моладзь у Беларусі. І я хачу папрасіць усе краіны даць маладым людзям стыпендыі, стажыроўкі і візы. Запрашайце іх на свае мерапрыемствы і праграмы. Нам трэба пасвячаць іх у Еўропу і еўрапейскія каштоўнасці. У адваротным выпадку яны будуць больш адкрытыя да Расіі. І калі мы страцім моладзь, мы страцім будучыню.

    Дарагія сябры,

    Я думаю, што сённяшняя Канферэнцыя ў Стакгольме – вялікая вяха для ўсіх нас. Нехта казаў, што гэта толькі пачатак. Але для мяне гэтая канферэнцыя з’яўляецца лагічным працягам умацавання адносінаў паміж Беларуссю і Швецыяй, а таксама паміж Беларуссю і свабодным светам. 

    Як я казала ўчора, у Беларусі трэба бачыць не толькі праблему, але і магчымасць. І я ўпэўненая – яна стане гісторыяй поспеху.

    Дзякуй!

    Жыве Беларусь!»

    Апошнія навіны