Сёння, 7 лютага, у Варшаве кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у публічных слуханнях Каардынацыйнай Рады. У фармаце пытанняў і адказаў чальцы фракцыяў і беларуская лідарка абмеркавалі вынікі працы дэмакратычных сілаў і прыярытэты на 2026–2027 гады.
Слуханні прайшлі публічна, з жывой трансляцыяй на афіцыйным YouTube-канале Каардынацыйнай Рады. Мадэравалі слуханні спікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан і віце-спікерка Лізавета Пракопчык.
У сваёй уступнай прамове Святлана Ціханоўская прадставіла агляд дзейнасці Кабінета і планы на 2026–2027 гады. Беларуская лідарка падкрэсліла, што, нягледзячы на гады рэпрэсіяў, выгнання і ціску, дэмакратычныя сілы Беларусі здолелі захаваць еднасць, выбудаваць працуючыя інстытуцыі і заставацца суб’ектам міжнароднай палітыкі.
Святлана Ціханоўская: «Нашая агульная мэта — каб пачаўся дыялог, безумоўна. Але гэта павінен быць дыялог не Лукашэнкі з Захадам. А гэта павінен быць дыялог з беларускім народам. Як кажуць — «нічога пра нас без нас». Толькі такі дыялог будзе мець плён. І мы да такога дыялогу заўжды гатовыя».
Падчас сесіі пытанняў і адказаў беларуская лідарка адказала на больш чым 60 пытанняў, якія сёння найбольш востра стаяць перад дэмакратычнымі сіламі і беларускім грамадствам: стратэгію і планы на бліжэйшы перыяд, працу Кабінета, выбары ў Каардынацыйную Раду, падтрымку палітвязняў, санкцыйную палітыку і далейшае ўзмацненне міжнароднага ціску на рэжым, у тым ліку па юрыдычных і міжнародных трэках.
Асобнае месца занялі пытанні вызвалення палітвязняў. Каментуючы сітуацыю, кіраўніца Кабінета адзначыла:
«Хачу падкрэсліць яшчэ раз — вызваленні палітвязняў не адбыліся выпадкова. Гэты вынік пяцігадовай працы дэмакратычных сілаў: Офіса, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Каардынацыйнай Рады, праваабаронцаў, нашых экспертных арганізацыяў, якія метадычна і сістэмна працавалі з Кангрэсам ЗША і амерыканскімі экспертнымі коламі. Каб беларускае пытанне было на парадку дня ў амерыканцаў. І тое, што кейс Беларусі зацікавіў прэзідэнта Трампа — вынік нашай супольнай працы».
Пра інстытуцыі дэмакратычных сілаў:
«Інстытуцыі — Кабінет, Офіс, Каардынацыйная Рада — гэта тое, што адрознівае наш рух ад іншых, і многія нацыі, якія апынуліся ў падобнай да нашай сітуацыі, нам сапраўды зайздросцяць».
«За апошні год мы істотна перафарматавалі працу Кабінета і Офіса. Сёння Кабінет — гэта зладжаная, моцная каманда. Мы працуем калегіяльна, збіраемся штотыдзень, кожны нясе адказнасць за свой напрамак, і ўсе рашэнні прымаюцца супольна».
Слуханні справаздачы кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святланы Ціханоўскай доўжыліся амаль 5 гадзінаў. Глядзець цалкам — па спасылцы.
