Напярэдадні Канферэнцыі «Новая Беларусь 2024» Офіс Святланы Ціханоўскай падвёў вынікі працы дэмакратычных сілаў Беларусі за мінулы год. У іх адлюстраваныя розныя напрамкі дзейнасці: міжнародная праца, адукацыя і культура, дапамога добраахвотнікам, узаемадзеянне з дыяспарамі, і іншае. Падрабязней з вынікамі можна азнаёміцца ніжэй.
Міжнароднае супрацоўніцтва
У сваіх прамовах Святлана Ціханоўская заўжды падкрэслівала, што нашая прысутнасць у міжнародным полі – адзіная магчымасць данесці голас вольнай Беларусі да міжнароднай супольнасці, і галоўнае – гэта дае нам сапраўдную магчымасць быць пачутымі.
Міжнародная праца з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Офіса. Так, у 2023 годзе былі прынятыя рэзалюцыі Еўрапарламента і Бундэстага, Акт «Аб дэмакратыі ў Беларусі» ў Сенаце Кангрэса ЗША, праведзеныя сустрэчы Стратэгічнага Дыялогу «Беларусь – ЗША». Зробленае заключэнне Еўрапейскай Рады па Беларусі і падпісаны Ліст аб намерах аб супрацоўніцтве з Еўрапейскім парламентам. Прадстаўленыя законапраекты аб дэмакратыі ў Беларусі ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэса ЗША і інш.
Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у тыдні высокага ўзроўню Генеральнай Асамблеі ААН і правяла шэраг сустрэчаў з высокапастаўленымі палітыкамі. Па выніках хадайніцтва Кабінета рэжым згубіў манаполію на прадстаўленне інтарэсаў Беларусі ў ААН: кандыдатуру афіцыйнага Мінска адхілілі на выбарах у Камісію ААН па папярэджанні злачыннасці і крымінальным правасуддзі. Беларуская лідарка адзначыла, што менавіта гэтую працу лічыць асаблівым дасягненнем.
Адзначым, што Рада па правах чалавека ААН прыняла рашэнне стварыць новы следчы орган для прыцягнення Лукашэнкі і яго хаўруснікаў да адказнасці за здзейсненыя злачынствы і падоўжыць мандат спецдакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
Восенню 2023 года было абвешчана пра стварэнне групы «Сяброў дэмакратычнай Беларусі» з краін-удзельніц АБСЕ, а вясной 2024 года прадстаўніцтва Кабінета было запрошана на саміт «Вялікай сямёркі». Беларусь і нашыя інтарэсы ўпершыню ў гісторыі былі прадстаўленыя на саміце G7. Гэтай жа вясной быў падпісаны першы дакумент, які замацоўвае супрацоўніцтва дэмакратычных сілаў Беларусі з афіцыйным замежным палітычным органам – Ліст аб намеры супрацоўніцтва з Еўрапейскім парламентам. Паводле дакументаў, Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі і Каардынацыйная Рада павінны разглядацца міжнароднай супольнасцю як прадстаўнікі народа Беларусі.
Асабістыя размовы, мерапрыемствы за мяжой і Народныя амбасады
Офіс рэгулярна камунікуе з беларусамі больш чым з 30 краінаў. Святлана Ціханоўская правяла каля 100 прыватных сустрэчаў і ў межах Асабістых размоваў, а таксама адказала на больш за 1000 асабістых паведамленняў і запытаў.
Ладзіцца шмат міжнародных мерапрыемстваў, у якіх удзельнічаюць беларусы, ці самі іх ініцыююць. У сакавіку 2024 года ў Чэхіі прайшла ІІІ Канферэнцыя беларусаў і беларусак свету. У Літве падпісалі першую сумесную Дэкларацыю пра каштоўнасці і погляды, якую перадалі ў Сейм. А ва Украіне, пры падтрымцы Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве, правялі сустрэчы з народнымі дэпутатамі. Агулам ва Украіне, дзякуючы НДА і валанцёрам, робіцца вельмі шмат для нашай вольнай будучыні.
Пры падтрымцы Офіса былі праведзеныя мерапрыемствы беларускіх арганізацыяў і ініцыятываў за мяжой, такія як Чарнобыльскі Шлях, Ноч расстраляных паэтаў, мітынг з нагоды Дня Волі 25 сакавіка, цырымонія з нагоды гадавіны катастрофы на ЧАЭС.
Пры непасрэдным удзеле Народных амбасадаў адбываецца важная праца на месцах – абараняюцца інтарэсы беларусаў. Ім дапамагаюць у атрыманні прытулку, пашпартоў замежніка, спыненні пераследу праз Інтэрпол. Кансультуюць беларусаў у розных напрамках вырашэння праблемаў у 15 краінах Еўрасаюза. У прыватнасці, дамагліся выкладання беларускай мовы ў шведскіх школах, сабралі сродкі для дзяцей палітзняволеных і арганізавалі летнікі і вакацыі для беларускіх уцекачоў і дзяцей рэпрэсаваных і палітвязняў.
Народныя амбасады прадстаўлялі Беларусь па ўсім свеце і клапаціліся пра сваіх землякоў. Арганізавалі дзясяткі выставаў, паказаў фільмаў, прэзентацый кніг і культурніцкіх падзеяў, арт-перфомансаў і мітынгаў. Дзякуючы сваёй актыўнай працы на карысць беларусаў, у самой Беларусі яны былі прызнаныя экстрэмісцкім фармаваннем.
Распрацоўка стратэгій, дэкларацый і парламенцкае супрацоўніцтва
Сумесна з прадстаўнікамі іншых палітычных арганізацыяў Офіс распрацаваў важныя заявы і дэкларацыі: «Стратэгію пераходу да Новай Беларусі», «Пратакол узаемадзеяння паміж Офісам, Аб’яднаным Пераходным Кабінетам Беларусі і Каардынацыйнай Рады», «Неканстытуцыйны захоп улады: чаму А. Лукашэнка павінен быць адхілены ад удзелу ў выбарах 2025 года», «Дэкларацыю аб адказнасці і аднаўленні справядлівасці», «Дэкларацыя аб знешнепалітычных прыярытэтах дэмакратычнай Беларусі», «Праект дэкларацыі аб падтрымцы працы незалежных медыя», «Праект дэкларацыі аб неабходнасці вызвалення і падтрымкі палітвязняў», «Праект дэкларацыі аб моладзевай палітыцы Дэмакратычных Сілаў Беларусі».
Офіс правёў шэраг сустрэчаў з бізнес-асацыяцыямі, палітычнымі партыямі, незалежнымі прафсаюзамі і экспертнымі супольнасцямі. Былі праведзеныя выбары ў Каардынацыйную Раду ІІІ склікання.
Пад кіраўніцтвам Анатоля Лябедзькі створаны Альянс дэпутацкіх групаў «За Дэмакратычную Беларусь», які аб’ядноўвае 24 еўрапейскія парламенты і дэлегацыі. Падпісаныя пагадненні пра супрацоўніцтва паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і Еўрапарламентам. З удзелам прадстаўнікоў Офіса прынята 14 рэзалюцыяў па сітуацыі ў Беларусі, у тым ліку Парламенцкай Асамблеяй Рады Еўропы і Еўрапарламентам. Распрацавана 7 праектаў законаў развіцця праекта Канстытуцыі Новай Беларусі.
Салідарнасць, падтрымка і дапамога добраахвотнікам
Па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай быў створаны Міжнародны гуманітарны фонд для падтрымкі сем’яў рэпрэсаваных і былых палітзняволеных. Распараджацца фондам будуць беларускія арганізацыі і ініцыятывы, якія дапамагаюць палітзняволеным.
Чатыры арганізацыі па дапамозе палітычным рэпрэсаваным абвясцілі пра стварэнне «Службы хуткай гуманітарнай дапамогі». Былі адкрытыя новыя шэлтары ва Уроцлаве і Вільні.
Дзякуючы камандам ByHelp і BySol рэпрэсаваным беларусам і палітвязням працягваюць ратаваць жыцці і здароўе. І гэта не толькі пра эвакуацыю з Беларусі, але і пра зборы для пацярпелых.
Сродкі, сабраныя падчас Марафону Салідарнасці «Нам не ўсё адно» былі цалкам размеркаваныя паміж фондамі і арганізацыямі дапамогі палітзняволеным.
Беларусы ствараюць маленькія смелыя прыватныя праекты, якія дапамагаюць палітвязням, іх сем’ям і актывістам унутры краіны. Нават арганізоўваюць падтрымку людзей за кратамі: перадаюць туды іх любімыя рэчы, ежу, паштоўкі, сродкі гігіены і касметыку. Шмат ініцыятываў і імёнаў пакуль нельга апублікаваць у мэтах бяспекі, але гэты час прыйдзе, бо яны вартыя вялікай падзякі.
Таксама Офіс працягвае дапамогу добраахвотнікам, перадае беларускаму падраздзяленню ЗСУ партыю сучаснага ўзбраення. Палку Каліноўскага працягвае дапамагаць Павел Латушка супольна з іншымі арганізацыямі. Беларускія валанцёры няспынна перавозяць машыны на фронт, сярод гэтых валанцёраў ёсць і нашыя сола-маці, былыя палітзняволеныя. І ў гэтым таксама нашая сіла.
Моладзь і адукацыя
Офіс актыўна супрацоўнічае з беларуская моладдзю як унутры краіны, так і за мяжой. Была створаная Платформа ўзаемадзеяння моладзевых нацыянальных Рад Усходняга партнёрства, прыняты ўдзел у II рэзалюцыі ў межах Еўрапейскага моладзевага форума па маладых беларускіх палітзняволеных, а таксама ў Кантактнай і Кансультатыўнай групе Рады Еўропы па моладзі.
Падрыхтаваная дарожная мапа дэмакратызацыі вышэйшай адукацыі і рэформы сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі на 50-100-500 дзён. Дзякуючы ўзаемадзеянню з міжнароднымі партнёрамі ладзіцца падтрымка беларускіх навукоўцаў, на патрэбы якіх было выдзелена каля мільёна еўра. А больш за 400 студэнтаў атрымалі стыпендыі на навучання ў ВНУ ЕС.
Дакументацыя злачынстваў рэжыму, кампенсацыі шкоды і праца з нейтральнай аўдыторыя
Дзякуючы дзейнасці Legal Initiative ў межах крымінальнай справы па ўніверсальнай юрысдыкцыі ў Літве 13 асобаў былі прызнаныя пацярпелымі ад рэжыму. Падрыхтаваныя і апублікаваныя расследаванні пра катаванні ў мінскіх РУУСах у жніўні 2020. Зроблены інфармацыйна-аналітычны агляд «Палітычныя забойства па віне рэжыму». Праведзена актыўная праца з ААН і, як вынік, ужо задакументавана 60 асобаў, якія прайшлі праз катаванні.
Асаблівая заслуга Паўла Латушкі і яго каманды ў выданні 6-ці ордараў на міжнародны вышук у дачыненні да начальнікаў катавальняў на Акрэсціна, у Жодзіна, і іншых злачынцаў рэжыму. Два пакеты дакументаў з доказамі ваеннага злачынства рэжыму Лукашэнкі перададзена ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. Больш за 100 прыхільнікаў рэжыму і чыноўнікаў Саюзнай дзяржавы, трапілі ў санкцыйныя спісы па падрыхтаваных Офісам доказах. Распачаўся працэс прызнання КДБ і ГУБАЗіКа арганізацыямі, датычнымі да тэрарыстычнай дзейнасці.
Дзякуючы юрыдычнай камандзе Офіса паўстала Канцэпцыя кампенсацыі шкоды пацярпелым ад рэпрэсіяў рэжыму. На базе Офіса была створаная працоўная экспертная група па пытаннях практычных магчымасцяў прыцягнення да адказнасці рэжыму Лукашэнкі з выкарыстаннем міжнародных механізмаў.
У выніку дзейнасці ініцыятывы «Сумленныя людзі» за год адбылося больш за 5 мільёнаў праглядаў відэаматэрыялаў супраць дыктатуры. А падчас правядзення кампаніі «МыВартыяНайлепшага» змаглі ахапіць сваімі матэрыяламі больш за 3,5 мільёны беларусаў і беларусак.
Новая Беларусь запусціла праект «Усё будзе легальна» для супольнасцяў па ўзаемадапамозе з праблемай легалізацыі і інструмент Digital-офісы.
Культура і мова
Захаванне і падтрымка нацыянальнай ідэнтычнасці – таксама важны напрамак дзейнасці Офіса. Зараз ідзе моцная хваля русіфікацыі, перапісваецца гісторыя, а прапаганда вядзецца амаль з дзіцячага садку, таму трэба шукаць шляхі для супрацьстаяння.
Беларуская мова – мова вольных беларусаў. Офіс займаецца Стратэгіяй нацыянальнага адраджэння, асаблівая ўвага надаецца падтрымцы беларускіх прастораў і імпрэзаў. У Польшчы быў створаны «Беларускі інстытут публічнай гісторыі», у Гданьску адбыўся Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі, у Варшаве – Першы Кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі.
Былі заснаваныя і дзейнічаюць інстытуты і прафесійныя супольнасці ў сферы культуры – гэта рух на аб’яднанне, пабудову жыццяздольнай інфраструктуры для незалежнай культуры.
З’яўляюцца новыя медыйныя праекты, мы назіраем новую хвалю жанравых і галіновых медыйных каналаў, рост колькасці даследаванняў у сферы культуры – гэта сведчыць пра аднаўленне экспертнай дзейнасці.
Нашая культура стаіць у прыярытэтах на буйных канферэнцыях і палітычных сустрэчах, а таксама ў праграмах падтрымкі, такіх як ArtPower, Vasminog (Васьміног), EU4Culture, Most+. Гэта дало магчымасць рэалізаваць мноства буйных і якасных культурніцкіх праектаў, бо менавіта яны аб’ядноўваюць дыяспару і людзей унутры Беларусі, а таксама ствараюць і падтрымліваюць нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў. Беларуская Рада Культуры за апошні год фінансава падтрымала больш за 70 культурніцкіх праектаў і мабільнасцяў. Таксама беларускі ПЭН-цэнтр працягвае займацца падтрымкай беларускіх творцаў і манітараваннем парушэнняў правоў і рэпрэсіяў творцаў у Беларусі.
Уся акрэсленая дзейнасць вельмі важная для стварэння новай вольнай Беларусі і яна будзе працягнута.