• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Навагодняе віншаванне Святланы Ціханоўскай і дэмакратычных сілаў 2026. Поўны тэкст

    31 снежня, 2025

    Святлана Ціханоўская: Дарагія мае беларусы,

    У дзяцінстве на Новы год мы часта ладзілі гульню: што я вазьму ў наступны год, а што пакіну ў мінулым. Запісвалі гэта на паперках — часам смешнае, часам сур’ёзнае. 

    Кепскае — рвалі на шматкі ці адкладвалі ў канверт. І нам здавалася: у новым годзе ўсё стане лепш і прасцей, а ўсе праблемы застануцца ў мінулым. Цяпер мы ведаем: кожны год розны. У ім заўсёды ёсць добрае — але разам з ім прыходзяць і новыя выпрабаванні.

    У мінулым годзе я б пакінула пустыя спрэчкі, рознагалоссі, крыўды, якія нас раз’ядноўваюць. 

    Брахню з тэлеэкранаў, амаральную ваенную прапаганду, ура-патрыятызм і бясконцы пошук ворагаў. Арышты, звальненні, абсурдныя забароны ўладаў і «заканатворчасць» — якая не мае нічога супольнага з законам. Усю тую несправядлівасць, якую адчувае кожны беларус. 

    Рэжым гэта ўсё робіць, каб утрымацца. Сённяшняя ўлада няздольная нічога даць людзям, а толькі забірае.

    І канешне, як і многія беларусы, у мінулым я хацела б пакінуць пасінелыя пальцы аднаго дзеда, але здаецца, яны ўсё яшчэ чапляюцца і збіраюцца з намі ў новы год. 

    А ў дваццаць шосты я вазьму тыя важныя справы, якія нам трэба працягваць. Тое, што робяць нашы праваабаронцы, падтрымліваючы тых, хто трапіў у бяду. Журналісты, якія даносяць праўду. Людзі культуры, якія зберагаюць нашу мову, памяць, нацыянальную ідэнтычнасць. Настаўнікі, што вучаць дзяцей думаць. Дактары, якія ратуюць жыцці. Прадпрымальнікі, якія знаходзяць рашэнні і даюць перспектыву. Рабочыя, якія ствараюць наш дабрабыт. Людзі зямлі, якія кормяць краіну. Вы ўсе патрэбныя Беларусі.

    У дзяцінстве на Новы год мы чакалі цудаў. Цяпер я іх не чакаю. Я ведаю, што цуды не падаюць з неба. Іх ствараюць людзі, мы з вамі. Таксама і праблемы не знікаюць самі. Іх трэба вырашаць. І ў асабістым жыцці. І на ўзроўні ўсёй краіны.

    А яшчэ мы загадвалі слова, якое мусіць стаць галоўным у новым годзе. Маё слова году — надзея. 

    Хтосьці па-ранейшаму суцяшае сябе: «Затое ў нас няма вайны». Але дроны працягваюць лётаць у нашым небе. Будуюцца ваенныя заводы, снарады для краіны-агрэсара. Размяшчаюць Арэшнік і ядзерную зброю — ператвараючы Беларусь у ваенную мішэнь. Улады ўсё больш заганяюць краіну ў ізаляцыю і правакуюць суседзяў на закрыццё межаў. 

    За агрэсіўнымі дзеяннямі рэжыму — свет не бачыць самае каштоўнае, што ёсць у Беларусі. А гэта — людзі. Міралюбныя, таленавітыя, смелыя. Якія супраць вайны, не прымаюць гвалту і хочуць проста нармальна жыць.

    Дык вось маё слова году – надзея, надзея, што скончыцца вайна — гэтая несправядлівая, разбуральная вайна. Спыняцца абстрэлы. Сем’і ўз’яднаюцца. Вернецца мір ва Украіну, і Беларусь нарэшце перастане быць закладніцай тыранаў. І нам з вамі трэба быць да гэтага падрыхтаванымі. Нам не патрэбныя начальнікі ці «старэйшыя браты», якія ведаюць, як лепш. Беларусы самі здольныя разабрацца і пабудаваць краіну для жыцця.

    Мы сядалі за стол, і кожны называў некалькі рэчаў, за якія хацеў бы падзякаваць мінуламу году, нават калі ён быў цяжкі. Я — дзякую ўсім беларусам, якія не здрадзілі прынцыпам, каштоўнасцям, перакананням. Я ведаю, сярод вас ёсць тыя, хто з гонарам можа сказаць: Я не здрадзіў сабе, таму што застаўся ў Беларусі нягледзячы ні на што. Я не здрадзіла сабе, бо адмовілася маўчаць, хоць гэта і каштавала дома. Мы не здрадзілі сабе, таму што працягваем рабіць сваю справу. І робім тое, што можам. 

    А потым мы казалі адно аднаму пажаданні. Маё пажаданне для вас, мае дарагія беларусы, такое: пакуль дыктатары ўзводзяць сцены, давайце будаваць масты. Не дзяліць на сваіх і чужых, на тых, хто выехаў ці застаўся. Не шукаць вінаватых адно ў адным. А шукаць тое, што яднае і ўзмацняе наш народ. Адзінства дало нам сілу тады ў дваццатым. Але асабліва важна яднацца цяпер, калі галоўнай задачай рэжыму стала нас падзяліць.

    Накрывалі стол, накладалі аліўе, пакуль дзеці расцягвалі мандарынкі. І чакалі гасцей. І сёння нарэшце за нашым святочным сталом можам вітаць тых, каго не было з намі пяць гадоў. Гэта той цуд, якога дабіліся мы разам з вамі і нашы саюзнікі. 

    Марыя Калеснікава:

    Не ўсе нашыя планы здзяйсняюцца. Нядаўна я атрымала 80 рублёў свайго заробку, пайшла ў турэмную краму і купіла згушчонку, каб зрабіць з яе святочны навагодні торт. Мы з дзяўчынкамі збіраліся накрыць на стол, піць гарбату, размаўляць. Я б думала пра сваю сям’ю і ведала, што яны прыгадваюць мяне ў гэты момант. Як і кожны папярэдні Новы год у турме.

    Цяпер, калі вы глядзіце гэтае відэа, я абдымаю сваю сястру і тату, згушчонка засталася ў калоніі, а я ведаю, што калі ўсё здараецца не так, як мы планавалі, то можа здарыцца нават яшчэ лепш. Усё змянілася, і цяпер мы гатовыя да таго, што ў гэтым свеце можа адбыцца ўсё, што заўгодна. Але важна памятаць, што заўгодна можа быць і нечым добрым.

    Мяне не было тут пяць гадоў. Я з цікавасцю спазнаю новы свет. Я выйшла і даведалася, што здарылася шмат дрэннага, шмат дзіўнага, страшнага. Я выйшла і я не ўбачыла ніводнага чалавека, якому лёгка. Я не чула нікога, хто б сказаў, што гэтыя пяць год прайшлі гладка. Але я не ўбачыла зламаных людзей, людзей, якія забыліся на салідарнасць ці любоў. Я ўбачыла, як шмат дасягнулі беларусы ў сваіх ідэях, у культуры, думцы, глабальным свеце, у краіне, за яе межамі.

    На жаль, шматлікія з нас забыліся як важныя ўсмешкі адно аднаму прама цяпер, вочы каханых, цеплыня, дабро, добрае слова. Але мы ўспомнім, таму што мы не расчараваліся, мы проста пасталелі.

    Я шмат чаго страціла за гэтыя пяць гадоў. Шмат, але не надзею. Я працягваю спадзявацца на галоўныя каштоўнасці гэтага свету — дабро і суперажыванне, яны сталі яшчэ больш патрэбнымі цяпер. І яны ў нас ёсць. І мы ў нас ёсць.

    Павел Севярынец:

    Вы дапамагалі палітзняволеным, іх сем’ям. Слалі кветкі жонкам і маці, якім трэба была падтрымка ў цяжкую хвіліну. Давалі грошы пры кожнай нагодзе. Дапамагалі гадаваць ні ў чым не вінаватых дзяцей, пазбаўленых бацькоўскай прысутнасці. Тое, што людзі захаваліся, не зламаліся – стала магчыма і дзякуючы вам — вашай веры і вашай салідарнасці. Калі разумееш, што пра цябе памятаюць, за цябе моляцца — гэта дае сілу трымацца. Упершыню за пяць год я змог абняць жонку Волю і сына Францішка, якому было два, калі мяне пасадзілі. 

    Мы павінны змагацца за кожнага і кожную, хто застаецца ў турмах. Каб рэпрэсіі скончыліся. Каб і Мікола Статкевіч мог абняць сваю жонку, а кожны вызвалены мог абіраць дзе жыць. Каб само паняцце «палітычны зняволены» сышло ў нябыт. 

    Мяне глыбока кранула і тое, як беларусы падтрымліваюць украінскі народ. Хтосьці — служэннем, хтосьці валанцёрствам. Хтосьці — на фронце, а хтосьці — рублём. Лёсы Беларусі і Украіны неразрыўна звязаныя. Калі Украіна будзе моцнай і вольнай, гэта адкрые шлях і для незалежнай, еўрапейскай Беларусі.

    Павел Латушка: І тут я хачу звярнуцца да дзяржаўных служачых у Беларусі. Кожны год Лукашэнка і яго прапагандысты паўтараюць, што мы вось-вось здадзімся. Але мы працягваем працаваць на будучыню кожнага беларуса і кожнай беларускі, на лепшую будучыню краіны. Вы бачыце, што сістэма зайшла ў тупік. Вы штодня сутыкаецеся з рашэннямі, якія прымаюцца не ў інтарэсах людзей, а дзеля аднаго чалавека. Але мы з вамі хочам аднаго: павагі, свабоды і бяспекі. Мы ўсе марым пра лепшае жыццё.

    Напярэдадні Новага года падумайце, які след вы хочаце пакінуць пасля сябе. След чалавека, які проста трымаецца за крэсла, ці чалавека, які дапамог вярнуць сваёй краіне будучыню. Менавіта ад нас залежыць, у якой краіне жыць. Вы патрэбныя Беларусі.

    Мы, дэмакратычныя сілы, прапануем пачаць дыялог для выхаду з крызісу, для незалежнасці і свабоды. Дыялог для развіцця замест застою. Дыялог для лепшай будучыні, якой заслугоўваюць беларусы. Якой заслугоўвае наша Радзіма. 

    Святлана Ціханоўская: Так, мы — беларусы — усе розныя. У нас розныя лёсы, розныя погляды і шляхі. І менавіта ў гэтай разнастайнасці — наша сіла.

    Але ёсць тое, што аб’ядноўвае нас усіх. Вольная, мірная, заможная Беларусь, пра якую мы марым і за якую змагаемся. 

    І сёння мы хочам сказаць вам усім дзякуй. За тое, што выстаялі. За тое, што не апусцілі рук. За тое, што працягваеце верыць і ісці да нашай мэты.

    Пад бой гадзінніка мы загадвалі жаданні і запальвалі бенгальскія агні. Да новага, 2026 года засталіся лічаныя імгненні. Прысвяціце іх сабе. Спытайце сябе: «Чаго я хачу?»

    Заплюшчыце вочы. Загадайце жаданне. Абдыміце блізкіх — хто побач. І згадайце тых, каго сёння з намі няма.

    Памятайце: цуды, якіх мы чакаем, не здараюцца выпадкова. Мы ствараем іх самі. Разам.

    З Новым годам, дарагія беларусы.

    Жыве Беларусь!

    Апошнія навіны