Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч распавёў, якую фінансавую і эканамічную падтрымку атрымае дэмакратычная Беларусь ад міжнароднай супольнасці.
- 11 верасня прэм’еры краін Вышаградскай групы (Польшча, Чэхія, Венгрыя, Славакія) заявілі аб намеры стварэння праграмы эканамічнай падтрымкі для Беларусі пасля новых выбараў. Пасля правядзення паўторных дэмакратычных выбараў, Беларусь магла б разлічваць на эканамічную дапамогу, «план Маршала для Беларусі», у тым ліку стварэнне стабілізацыйнага фонду.
- 17 верасня прэм'ер Польшчы Матэўш Маравецкі пасля сустрэчы з Саўлюсам Сквярнялісам (прэм'ер-міністрам Літвы на той момант) заявіў, што ЕС павінен стварыць стабілізацыйны фонд для Беларусі памерам не менш за €1 млрд.
- 2 кастрычніка Еўрапейская Рада, найвышэйшы палітычны орган ЕС (складаецца з кіраўнікоў 27 краін – прэм’ераў або прэзідэнтаў), аднагалосна заклікала Еўракамісію падрыхтаваць «Усёабдымны план эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі».
Як прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах і прадстаўнік Эканамічнай групы Каардынацыйнай Рады я знаходжуся ў сталым кантакце з Еўракамісіяй. На экспертным узроўні, сумесна з іншымі беларускімі эканамістамі, мы абменьваемся інфармацыяй аб эканамічнай сітуацыі ў Беларусі, прыярытэтных накірунках рэформ і неабходнай падтрымцы.
У праекце плана ЕС шмат карысных прапаноў для эканомікі Беларусі. Да іх адносяцца ў тым ліку:
– значнае павелічэнне фінансавання прыватнага бізнесу і буйных інфраструктурных праектаў праз ЕБРР і Еўрапейскі інвестыцыйны банк;
– развіццё энергетычных, экалагічных і іншых трансгранічных і бізнес-праектаў у межах Усходняга партнёрства;
– прыняцце пагаднення аб прыярытэтах партнёрства Беларусі і ЕС;
– падтрымка новай праграмы стабілізацыі Беларусі з МВФ (уключаючы дадатковае фінансаванне ЕС праз механізм «Макрафінансавай дапамогі»);
– падтрымка ўступлення Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю;
– тэхнічная дапамога Беларусі ў распрацоўцы рэгуляторных і галіновых рэформаў (з удзелам АЭСР, Сусветнага банка, ЕБРР);
– бязвізавы рэжым для беларусаў.
Еўрасаюз і еўрапейскія банкі (ЕБРР і ЕІБ) – не адзіныя, хто гатовы дапамагаць Беларусі. Мы можам разлічваць на дапамогу МВФ, Сусветнага банку, многіх дэмакратычных краін, а таксама міжнародных інвестараў і беларускую дыяспару. Як толькі пачнуцца перамены ў Беларусі, міжнародная супольнасць будзе гатовая аказаць эканамічную і фінансавую падтрымку для хуткага аднаўлення эканомікі.