«Паважаны Старшыня Кокс,
Сакратарка Бурыч,
Дакладчык Поль Галь,
Дарагія сябры,
Для мяне вялікі гонар выступаць перад Асамблеяй. Дзякую Вам, сп. Галь, за вялікую працу па падрыхтоўцы дакладу і праекту рэзалюцыі.
Гэтая рэзалюцыя прапануе сапраўды новае бачанне сітуацыі. Дакладчык Галь выклаў праўду пра нашую гісторыю і прапанаваў найважнейшыя рэкамендацыі.
Я заклікаю кожнага адданага сваёй справе палітычнага дзеяча ў гэтай залі прагаласаваць у падтрымку рэзалюцыі, а потым прыняць яе ў працу на ўзроўні падкамітэтаў і вашых нацыянальных парламентаў.
Не толькі таму, што гэта дапаможа беларусам, якія пакутуюць і заслугоўваюць вашай дапамогі. Але таму, што такім чынам вы зробіце Еўропу больш бяспечнай – а гэта дапаможа вашым краінам.
У дакладзе прызнаюцца асноўныя факты, якія паказваюць, што беларусы ўжо даказалі сваю прыхільнасць еўрапейскім каштоўнасцям свабоды і дэмакратыі.
Спачатку падчас нашага мірнага паўстання ў 2020 годзе. А потым падчас супрацьстаяння расійскаму ўварванню ва Украіну.
Але беларусы плацяць за гэта высокую цану.
Беларусы ўнутры краіны пакутуюць ад рэпрэсій і этнацыду: рэжым знішчае нашую ідэнтычнасць.
За мяжой беларусы сутыкаюцца з цяжкай рэальнасцю вымушанай эміграцыі. Пратэрмінаваныя пашпарты. Адмовы ў адкрыцці банкаўскіх рахункаў. Немагчымасць уладкаваць дзяцей у школу.
Тым не менш, яны робяць свой унёсак у жыццё грамадстваў, якія іх ласкава прымаюць.
Гэта Ірына Козікава і яе муж Юры – беларускія юрысты, якія жывуць у эміграцыі ў Варшаве. Ірына – сястра Максіма Знака, які быў юрыстам у маёй камандзе падчас прэзідэнцкай кампаніі. Яго асудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Юры прадстаўляў інтарэсы іншых палітычных зняволеных. Яго затрымалі, а ў іх доме правялі ператрус. Ім давялося ўцякаць з Беларусі з невялікай сумкай у адной руцэ і дзіцем – у іншай. Ім пашанцавала, што яны мелі польскую візу.
Цяпер Ірына працуе ў Беларускім ПЭН-цэнтры, які аб'ядноўвае журналістаў, наведвае заняткі ў Варшаўскім універсітэце, каб паступіць у адвакатуру ў Польшчы, і ў якасці хобі займаецца вырабам традыцыйнай керамікі. Юры працуе ў ABBA – арганізацыі, якая аб'ядноўвае беларускі бізнес. Іх адзінае жаданне – вярнуцца дадому і ўбачыць Максіма, брата Ірыны, на волі.
Яны, як і тысячы беларусаў за мяжой, удзячныя краінам, якія іх прынялі. У прыватнасці, польскім і літоўскім парламентарам, якія цяпер прысутнічаюць у зале. Беларусы апладзіруюць вашай дапамогі. Я хачу перадаць ад іх ačiū і dziękuję.
Як і тысячы беларусаў за мяжой, яны прафесіяналы, якія плацяць падаткі. Яны не абцяжарваюць краіны, якія прымаюць, яны не ўяўляюць пагрозы нацыянальнай бяспецы. Яны не забіраюць нечыя працоўныя месцы. Яны іх ствараюць. Дзякуючы такім прафесіяналам, як Ірына і Юры, напрыклад, дзве з трох вядучых IT-кампаній у Літве – беларускія.
Беларусы за мяжой ведаюць, што, калі б не эміграцыя, яны маглі б апынуцца ў турме – як тысячы беларусаў у краіне.
У Беларусі кожны дзень затрымліваюць каля 15 чалавек. Я не атрымлівала вестак ад мужа з сакавіка. Мы нават не ведаем, ці жывы Віктар Бабарыка.
У нашай краіне рэжым хоча сцерці нашую ідэнтычнасць. Калі нехта размаўляе па-беларуску – нашай роднай мове – гэта дастатковая прычына для паліцыі, каб проста на вуліцы праверыць ваш тэлефон. Назвы вуліцаў перакладаюць на рускую мову. Падручнікі па гісторыі перапісваюць.
У нашай краіне рэжым гандлюе нашым сувэрэнітэтам. Па ўсёй краіне адчыняюцца аддзяленні расійскага следчага камітэта.
Гэтыя праблемы ў нашай краіне ўяўляюць рэальную рызыку для бяспекі ў вашых краінах. Толькі на мінулым тыдні Пуцін пацвердзіў, што Беларусі перадалі ядзерную зброю. Яе разгортванне пагражае не толькі бяспецы кантынента, але ў першую чаргу нашаму суверэнітэту. Гэта спроба ўвечніць залежнасць Беларусі ад Расіі. І яна патрабуе самай рашучай рэакцыі з боку ўсяго свету.
Гэтую сітуацыю нельга назваць звычайнай. І звычайных рашэнняў да яе не будзе.
Дзякуй, дакладчык Галь, што сабралі гэтую справаздачу разам і прапанавалі практычныя крокі для падтрымкі беларусаў.
Дзякуй, што праводзіце адрозненне паміж народам і рэжымам.
Дзякуй, што прапанавалі даваць больш гуманітарных візаў беларусам унутры краіны. Для многіх гэта адзіны шанец пазбегнуць турмы.
Дзякуй, што прапанавалі дапамагчы палітвязням, якія хутка выйдуць на волю.
Дзякуй за клопат пра тысячы працавітых Ірынаў і Юрыяў з нашай краіны – нашых юрыстаў, прадпрымальнікаў, журналістаў. Дзякуй, што дапамагаеце нам захоўваць беларускую культуру за мяжой. Дзякуй, што ўмацоўваеце пры гэтым свае ўласныя грамадствы.
Сакратарка Бурыч, дзякуй за вашае лідарства. Я ведаю, што цяжка. Але вы і вашыя калегі, такія як прэзідэнт Кокс, ведаеце, што такое гістарычная адказнасць.
Многімі вашымі дасягненнямі можна ганарыцца! У Радзе Еўропы прымаліся беспрэцэдэнтныя рашэнні. У сакавіку 2022 года вы выключылі пасланнікаў рэжыму. У верасні 2022 года Рада Еўропы стварыла Кантактную групу па Беларусі для працы з дэмакратычнымі сіламі. У лістападзе мы з сакратаркай Бурыч адкрылі першае яе паседжанне. Зараз прадстаўнік Галя падрыхтаваў даклад. Гэта выдатны прагрэс!
Спадарыні і спадары, дарагія сябры,
Мы ўсе марым пра адно і тое ж – жыць пры свабодзе, міры і дэмакратыі. У Еўропе няма месца тыраніі і прыгнёту. Еўропа не павінна цярпець спробы падарваць нашыя каштоўнасці і ідэалы. Рэжымы Пуціна і Лукашэнкі з'яўляюцца самай сур'ёзнай пагрозай для нашага кантынента, і ім неабходна даць рашучы адпор.
Не дапушчайце нават думкі пра саступкі тыранам.
Будзьце адзіныя ў падтрымцы свабоднай Украіны і свабоднай Беларусі. Надайце Украіне ўсю неабходную дапамогу, каб яна перамагла ў гэтай вайне. Але таксама дапамажыце нам, беларусам, вярнуць нашую краіну.
Але адной толькі перамогі недастаткова. Мы зможам дакладна сказаць, што вайна скончылася, толькі калі ўсе вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці. Таму я прашу вас задзейнічаць усе існыя механізмы для прыцягнення рэжыму Лукашэнкі да адказнасці. Праз Міжнародны крымінальны суд, інструменты ўніверсальнай юрысдыкцыі і міжнародны трыбунал. Дыктатары, напэўна, будуць патрабаваць для сябе гарантыі бяспекі. Адзіная гарантыя, якую мы можам ім прапанаваць, – гэта гарантыя справядлівага суда.
Аднаўленне справядлівасці, правядзенне дэмакратычных рэформаў пракладзе Беларусі шлях у Еўропу, дзе яна і павінна быць. Пачуйце нашыя заклікі даць Беларусі сяброўства ў Радзе Еўропы. Мы не павінны чакаць, пакуль рэжым абрынецца. Мы можам фармалізаваць нашыя адносіны ўжо сёння. Пачынайце працаваць з Аб'яднаным Пераходным Кабінетам як сапраўдным прадстаўнічым органам беларускага народа.
Так – крок за крокам – мы вернем Беларусь у Еўропу.
Крок за крокам – як кажуць беларусы. Крок за кроком – як кажуць нашыя сябры ва Украіне. Krok po kroku – як кажуць у Польшчы. Мы ўсе – адзіная Еўропа.
Гэтая рэзалюцыя – адзін з першых крокаў у гэтым кірунку. Гэта інструмент «мяккага права».
Зараз усё залежыць ад таго, як вы будзеце кіравацца рэзалюцыяй. Вы можаце ператварыць яе рэкамендацыі ў прыладу «цвёрдага права». Каб яны адпавядалі жорсткай рэальнасці беларусаў у краіне і за яе межамі.
Навошта нам 17 групаў Сяброў Беларусі ў еўрапейскіх парламентах, калі гэтыя рэкамендацыі не знойдуць адлюстравання на ўзроўні асобных краінаў? Навошта яны, калі не будзе смелых ініцыятываў для гарантавання вашай уласнай бяспекі і правоў беларусаў – напрыклад, праекту альтэрнатыўных пашпартоў для тых, хто не можа вярнуцца дадому.
Навошта палітычным вязням сімвалічныя хросныя, калі яны не дапамогуць іх сваякам атрымаць візу? Калі не дапамогуць стварыць праграму рэабілітацыі для 300-400 палітвязняў, якія хутка выйдуць на волю?
Давайце пачнем дзейнічаць ужо сёння. Калі ласка, пачуйце нас і падтрымайце рэзалюцыю, якая дапаможа аблегчыць жыццё сотням тысячаў Ірынаў і Юрыяў за мяжой.
Дапамажыце нам зрабіць яшчэ адзін крок, адзін крок да таго, каб даць 9 мільёнам беларусаў мір і дэмакратыю, бо яны заслужылі і абаранілі права на сваё месца ў еўрапейскай сям'і народаў.
Мы ўсе павінны адчуваць сябе як дома ў мірнай і свабоднай Еўропе.
Дзякуй!»