Святлана Ціханоўская абмеркавала з міністрам замежных спраў Польшчы Збігневам Раў далейшыя крокі па ціску на рэжым. Таксама яны абмеркавалі вынікі канферэнцыі высокага ўзроўня, якая прайшла ў Вене. Ціханоўская прапанавала ўжо ў найбліжэйшы час прапрацаваць далейшыя крокі, каб вынікі мелі практычны характар і былі адчувальнымі для беларусаў унутры краіны.
Бакі пагадзіліся, што неабходная адзіная і скаардынаваная стратэгія ЕС па ціску на рэжым. Польскі міністр распавёў пра пяты і шосты пакет санкцый, якія рыхтуюцца супраць рэжыму ў Мінску. Міністр таксама паінфармаваў пра намер Польшчы закрыць мяжу і гандлёвыя пераходы, а таксама спыніць транзіт грузаў, калі рэжым у Мінску працягне эскалацыю.
Ціханоўская: «У размове з міністрам Раў я адзначыла важнасць адзінства ўсіх дэмакратычных краін. Нельга дазволіць рэжыму сварыць і падзяляць. Таксама важна быць паслядоўнымі, і не весці перамовы з Лукашэнкам. Прызнанне і ўвага – гэта тое, чаго ён хоча. Ніякіх размоваў за спінамі беларусаў».