Жыхары розных краін свету і беларускія дыяспары падтрымалі Глабальны пікет салідарнасці з Беларуссю.
Святлана Ціханоўская абвясціла 29 траўня Глабальным пікетам салідарнасці з Беларуссю. Да афлайн- і анлайн-акцый далучыліся сусветныя палітыкі, журналісты, актывісты. Святлана Ціханоўская выступіла на пікеце ў Вільні.
«Апошні год даўся ўсім нам вельмі цяжка. Але гэта адбылося, таму што мы перасталі лічыць, што хтосьці вырашыць нашым праблемы за нас. Я не сумняюся: мы працягнем наш шлях, колькі б сіл і часу ён не заняў. Нават калі хтосьці лічыць нас ідэалістамі, ужо сама барацьба за свабодную Беларусь – гэта ўнёсак кожнага з нас у краіну, якую мы пакінем сваім дзецям».
У акцыі прынялі ўдзел жыхары больш чым 90 гарадоў з 30 краін свету, уключаючы Аўстралію, Вялікабрытанію, Германію, Іспанію, Італію, Літву, Новую Зеландыю, Польшчу, ЗША, Францыю і Паўднёвую Карэю. Праглядзець мапу пікетаў з фотаздымкамі з кожнага можна на сайце https://dze.chat/.
- Гарады і краіны:
Аўстралія: Адэлаіда, Сіднэй, Перт.
Аўстрыя: Вена.
Бельгія: Брусель.
Вялікабрытанія: Лондан, Манчэстэр.
Германія: Берлін, Брэмен, Гамбург, Гановер, Дрэздэн, Ена, Лейпцыг, Мюнстэр, Мюнхен, Нюрнберг, Саарбрукен, Франкфурт-на-Майне, Штутгарт.
Грузія: Батумі.
Данія: Капенгаген.
Ізраіль: Тэль-Авіў.
Ірландыя: Дандолк, Дублін, Корк.
Іспанія: Барселона, Валенсія, Малага, Севілья, Тарэв'еха.
Італія: Балонья, Мілан, Рым, Падуя, Палерма.
Латвія: Рыга.
Літва: Вільня, Клайпеда, Рукла.
Нідэрланды: Амстэрдам.
Новая Зеландыя: Окленд.
Нарвегія: Осла.
Польшча: Беласток, Бельска-Бяла, Быдгашч, Бяла-Падляска, Варшава, Вроцлаў, Гданьск, Гдыня, Жэшув, Зялёна Гура, Катавіцэ, Кракаў, Лодзь, Познань, Торунь, Шчэцін.
Партугалія: Лісабон, в. Сан-Мігель.
Рэспубліка Карэя: Сеул.
Расія: Масква, Санкт-Пецярбург.
ЗША: Атланта, Бостан, Вашынгтон, Дэнвер, Нью-Ёрк, Сан-Дыега, Сіэтл, Філадэльфія, Х'юстан, Чыкага.
Фінляндыя: Хельсінкі.
Францыя: Ансі, Бардо, Ліён, Ніца, Парыж.
Чарнагорыя: Будва.
Чэхія: Прага.
Швецыя: Гетэборг, Лудвіка, Стакгольм.
- Палітыкі і арганізацыі:
Міністарка замежных спраў Нарвегіі Іне Эрыксен Серэйдэ ў відэазвароце выказала падтрымку «мужнай барацьбе беларускага народа за дэмакратыю і правы чалавека». Міністарка таксама заявіла пра патрабаванні міжнароднай супольнасці вызваліць Рамана Пратасевіча, Сафію Сапега, усіх палітвязняў і падтрымала інклюзіўны дыялог рэжыму з дэмакратычнымі сіламі.
Міністр па еўрапейскіх справах Ірландыі Томас Бірн заявіў у твітары: «Мы цалкам падтрымліваем дэмакратыю ў Беларусі, асноўныя правы чалавека і свабоды належаць народу Беларусі, і ён павінен сам вызначаць свой лёс».
МЗС Літвы апублікаваў у твітары заяву: «На Глабальным пікеце салідарнасці з Беларуссю мы выказваем безумоўную падтрымку дэмакратызацыі Беларусі, народу якой павінны быць прадастаўленыя асноўныя правы і свабоды чалавека, а таксама магчымасць самастойна выбіраць свой лёс».
Мэр Рыгі Марцін Стакіс апублікаваў фота бела-чырвона-белых сцягоў на будынку Рыжскай гарадской рады. У Стакгольмскім муніцыпалітэце Нока, а таксама ў Беластоку ўзнялі бела-чырвона-белыя сцягі ў межах Глабальнага пікету салідарнасці з Беларуссю.
Урады Аўстрыі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, Ісландыі, Канады, Кіпра, Латвіі, Люксембурга, Нідэрландаў, Новай Зеландыі, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, ЗША, Украіны, Фінляндыі, Чэхіі, Швейцарыі, Эстоніі выпусцілі сумесную заяву ў межах кааліцыі за свабоду медыя, у якой асудзілі захоп самалёта рэжымам, запатрабавалі вызвалення Рамана Пратасевіча і ўсіх арыштаваных журналістаў Беларусі.
Міхаіл Шчэрба, дэпутат сейма Польшчы апублікаваў у твітары шэраг фотаздымкаў акцый у польскай сталіцы: «Мінск-Варшава разам. Варшавянкі і варшавяне салідарныя з Беларуссю! Свабоду Раману Пратасевічу і ўсім палітвязням!».
Амерыканскі кангрэсмен Біл Кіцінг размясціў у твітары заяву, у якой распавёў пра бягучую сітуацыю ў Беларусі, асудзіў дзеянні рэжыму Лукашэнкі і рэпрэсіі супраць TUT.by, незалежных медыя і журналістаў, заклікаў ICAO расследаваць захоп самалёта Ryanair з мэтай затрымання Рамана Пратасевіча, а таксама падтрымаў беларускія дыяспары.
Нільс Шмід, дэпутат Бундэстага заявіў: «Сяргей Ціханоўскі, муж Святланы Ціханоўскай, знаходзіцца за кратамі ўжо адзін год. Мы на баку дэмакратычнага руху ў Беларусі і патрабуем вызвалення Ціханоўскага, Пратасевіча, Сапегі, Калеснікавай і ўсіх палітычных зняволеных».
Дэпутатка Еўрапарламента Каці Піры адзначыла, што «беларусы маюць патрэбу ў падтрымцы міжнароднай супольнасьці» і падзялілася інтэрв'ю, у якім яна абмеркавала, якую падтрымку Нідэрланды і ўвесь ЕС могуць аказаць Беларусі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр заявіла пра падтрымку беларускаму народу і адзначыла, што вырашэннем крызісу павінны стаць вызваленне палітвязняў і сапраўдны дыялог, які прывядзе да новых сумленных і празрыстых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
Да акцыяў у Еўропе таксама далучыліся амбсадар Літвы ў Нідэрландах Відмантас Пурліс, аўстрыйская палітык Каці Шнеебергер, французскі дзяржслужбоўца, пісьменнік Нікаля Тэнцер.
Нідэрландскі аддзел еўрапейскай партыі Volt Nederland адзначылі ў твітэры: «Народ Беларусі ўжо больш за год супрацьстаіць дыктатару, нягледзячы на арышты, катаванні і гвалт. Яны цвёрда стаяць на сваім. Мы не павінны іх кідаць. ЕС: устаньце на абарону правоў чалавека і свабоды ў Беларусі».
Найбуйнейшая партыя Еўрапарламента EPP Group заявілі: «Нягледзячы на тыранію і злачынныя метады, якія выкарыстоўваюцца рэжымам, беларуская апазіцыя працягвае змагацца за дэмакратыю. Сёння Глабальны пікет салідарнасці з Беларуссю. Дайце ім сілы! Жыве Беларусь!».