• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Прэс-брыфінг Ціханоўская: візіт у ЗША, расследаванне па захопе самалёта, прадстаўніцтва Беларусі

    07 ліпеня, 2021

    Сёння 7 ліпеня, у Беларусі 534 чалавекі прызнаныя палітвязнямі. Учора Віктару Бабарыку так званы суд даў 14 гадоў строгага рэжыму – толькі за тое, што гэты чалавек заявіў, што Беларусі патрэбны не дыктатар, а добры менеджар – і высунуў сваю кандыдатуру на выбары. Як і мой муж Сяргей Ціханоўскі, як і Мікалай Статкевіч – і тысячы беларусаў – Віктар Бабарыка зможа выйсці на свабоду і ўдзельнічаць у новых выбарах.

    Мы ўжо зараз рыхтуемся да таго, каб – калі гэта стане магчыма – выпусціць на волю ўсіх без віны асуджаных людзей літаральна на працягу двух дзён. Для гэтага мой прадстаўнік па прававых пытаннях Сяргей Зікрацкі падрыхтаваў праект Акту аб рэабілітацыі – ён апублікаваны на маім афіцыйным сайце, мы адкрытыя да вашых каментароў.

    Я ведаю, што глядзець на гэтыя судзілішчы – балюча. Што балюча чытаць навіны пра тое, як Марфа Рабкова страціла прытомнасць у турме. Як рэжым помсціць Еўрасаюзу, адпраўляючы мігрантаў на мяжу з Літвой і Польшчай, але не выпускаючы з краіны беларусаў.

    Але я хачу, каб вы памяталі: ўсё гэта рэжым робіць, таму што ўжо больш за год не кантралюе тое, што адбываецца ў краіне. З-за няўпэўненасці ён робіць памылкі, спрабуе запалохаць нас яшчэ больш, разрывае ўсе праграмы падтрымкі, сувязі з вонкавым светам. І задача ўсіх нас – рабіць тое, што ў нашых сілах, не сыходзіць з дарогі – і ўжо зараз дапамагаць тым, каму ён нашкодзіў, а тое, што ён разбурыў – адбудоўваць.

    Больш за 15 тысяч чалавек далучыліся да «Рабочага руху», каб разам рыхтавацца да стачкі. Вялікая колькасць з іх працуюць у тытунёвых кампаніях і сферах, у якіх заўсёды быў высокі ўзровень карупцыі. Беларусы рэгіструюцца ў плане «Перамога». Цяпер гэта дзве галоўныя мабілізацыйныя сілы ў Беларусі – і яны працуюць разам.

    Учора разам з дэмакратычнымі сіламі – Каардынацыйнай радай, Народным антыкрызісным кіраваннем, супольнасцю Сумленныя людзі – мае прадстаўнікі Валер Кавалеўскі і Анатоль Лябедзька запусцілі кампанію «Народная Канстытуцыя». Яе мэта – публічна абмеркаваць і дапрацаваць разам з беларусамі праект гэтай Канстытуцыі, які быў падрыхтаваны пад кіраўніцтвам Анатоля Лябедзькі – а не той, які ў таямніцы ад народа піша рэжым – і дамагацца яе прыняцця ў Беларусі.

    Учора рэжым абвясціў, што закрывае амбасаду і кансулят Літвы ў Беларусі. Відавочна, што гэта адказ на адкрыццё беларускага прадстаўніцтва. Учора я мела зносіны з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам – і падзякавала яму за рашучасць Літвы. Мы працягнем працаваць над тым, каб адкрыць падобныя прадстаўніцтвы ў іншых краінах. Задачы прадстаўніцтваў – працаваць з палітыкамі і дыяспарай, падтрымліваць Беларусь на парадку дня, але галоўнае – дапамагаць беларускім арганізацыям і ініцыятывам унутры Беларусі.

    Учора я сустракалася і са старшынём Еўрапейскай рады Шарлем Мішэлем. Я перадала прапановы па фармаце ўдзелу Беларусі ва Усходнім партнёрстве, паколькі Лукашэнка самаўхіліўся з яго. Я папрасіла ЕС зачыніць алігархам і прадпрыемствам-кішэням рэжыму шчыліны для абыходу санкцый.

    Таксама ўчора ў нас былі сустрэчы з намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША Джорджам Кентам і кіраўніком МЗС Канады Маркам Гарна. З Кентам мы абмеркавалі, як пашырыць дапамогу беларусам і амерыканскі Акт аб дэмакратыі – каб ЗША маглі распаўсюдзіць персанальныя санкцыі на розныя сферы – напрыклад, на прапагандыстаў з дзяржТБ. З Гарна мы абмеркавалі расследаванне па захопе борта Ryanair – бо штаб-кватэра ICAO знаходзіцца ў Манрэалі, і Канада гатовая дапамагаць нам. Наколькі мы ведаем, зараз расследаванне наўмысна зацягваюць прадстаўнікі рэжыму – але яно павінна быць даведзена да канца. Мая каманда ўвесь гэты час застаецца на сувязі з бацькамі Рамана Пратасевіча – і яны ўсё яшчэ не маюць практычна ніякай інфармацыі пра сына і яго стан. Ён усё яшчэ ў закладніках – пад хатнім арыштам з канваірамі.

    На наступным тыдні ў мяне будзе візіт у Ірландыю, таксама мы рыхтуем візіт у ЗША ў найбліжэйшы час. У Ірландыі я прапаную паставіць Беларусь на парадак дня ў Радзе бяспекі ААН (бо Ірландыя – удзельніца Рады бяспекі), у ЗША мы абмяркуем, як дамагчыся таго, каб усе зняволеныя па палітычных матывах былі вызваленыя і рэабілітаваныя, а новыя выбары прайшлі ў гэтым годзе.

    Таксама мы працягваем кансультацыі па арганізацыі канферэнцыі высокага ўзроўня пра вырашэнні крызісу ў Беларусі. Я ўжо падымала гэта пытанне з канцлерам Аўстрыі Себасцьянам Курцам і міністрам замежных спраў Славеніі Анжэ Логарам, канцылярыяй Меркель і прадстаўнікамі АБСЕ. Шарль Мішэль таксама заявіў, што ЕС гатовы падтрымаць канферэнцыю.

    На гэтым тыдні мы – Беларуская Рада Культуры і ўсе дэмакратычныя сілы – праводзім тыдзень беларускай культуры па ўсім свеце. Дыяспара і вядомыя людзі чытаюць вершы, праводзяць акцыі, канцэрты і выставы – праграма мерапрыемстваў у Літве, Аўстрыі, Польшчы, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Грузіі, Германіі, Італіі, Украіне, Францыі і іншых краінах ёсць на маім сайце.

    Я таксама хачу абвясціць 16 ліпеня Днём салідарнасці з беларускімі жанчынамі. 16 ліпеня 2020 года мы з Марыяй Калеснікавай і Веранікай Цапкала за 15 хвілін вырашылі аб'яднаць намаганні і працу нашых штабоў. Таму я заклікаю беларусаў унутры краіны і ў дыяспары, а таксама ўсіх нашых міжнародных партнёраў праявіць салідарнасць з неверагодна смелымі жанчынамі Беларусі, якія прайшлі праз выбары, пратэсты, катаванні, сталі тварам беларускай рэвалюцыі. Многія з іх – як і Марыя Калеснікава, галоўная рэдактарка TUT.by Марына Золатава, актывістка Антаніна Канавалава, шматдзетная маці Вольга Залатар – дагэтуль застаюцца ў турме, але імі захапляецца свет. Дарэчы, у Вольгі сёння дзень нараджэння – павіншуйце яе, напішыце ёй ліст. І пішыце лісты ў турмы – памятаеце, у пачатку я сказала, што толькі прызнаных палітзняволенымі беларусаў ужо 534 – і ўсім ім вельмі патрэбна наша падтрымка.

    Апошнія навіны