• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Прамова Святланы Ціханоўскай на ўручэнні Прэміі міру Тыперэры, 2023 год

    02 мая, 2023

    «Паважаны Марцін Куін, ганаровы сакратар «Канвента свету графства Тыпэрэры»,
    Паважаны міністр Шон Флемінг,
    Паважаны Білі Келехер,
    Паважаны сенатар Марк Дэлі,
    Паважаны Гай Джонс,

    Дарагія сябры,

    Для мяне вялікі гонар атрымаць Прэмію свету Тыпэрэры. Быць сярод такіх выдатных асобаў, як Нэльсан Мандэла, Біл Клінтан, Пан Гі Мун, Малала Юсуфзай і многіх іншых людзей, якія атрымалі гэтую прэмію да мяне.

    І гэта гонар – атрымаць яе ад такіх свабодалюбівых і добрасардэчных людзей, як вы.

    Вы ведаеце, што ў мяне асаблівыя пачуцці да Тыпэрэры, Ірландыі і яе народа. Я ўпершыню прыехала ў ірландскі Роскры ў дванаццаць гадоў. Я была тут разам з іншымі дзецьмі ў межах праекту «Дзецям Чарнобыля».

    Менавіта тады Генры і Мэрыян Дзін далі нам тое, пра што мы не ведалі раней. Гэта была тая свабода, якая патрэбная дзецям, якую яны любяць. Мы ўдыхалі тое салодкае свежае паветра, чулі спевы птушак і ўпершыню патрапілі ў іншую культуру. Мы ўбачылі іншыя парадкі, іншы погляд на свет. Да нас ставіліся прыязна, цёпла і з адкрытым сэрцам.

    Генры Дзін, які сёння з намі ў гэтай зале, даў нам другі дом і другую сям'ю. Першы раз пасля выбараў і пачатку рэпрэсій у Беларусі я прыехала два гады таму. Вы не ўяўляеце, што я адчула, калі мы пад'ехалі да дома Дзінаў. Маё сэрца стала біцца хутчэй. Я адчула сябе шчасліва і ўсхвалявана, нібы дачка, якая вярнулася да сваёй сям'і. На імгненне той смех, тыя размовы, шмат гарбаты і бульбяной салаты вярнулі мяне ў мінулае.

    Не магу не сказаць, што, будучы з краіны, дзе таксама любяць бульбу, менавіта тут я даведалася важную рэч: чыпсы бываюць розныя.

    Але галоўнае, што я зразумела, – гэта тое, што аб'ядноўвае Ірландыю і Беларусь. Прага свабоды.

    Ірландцы стагоддзямі змагаліся супраць прыгнёту. Як і беларусы.

    Ірландцы пакутавалі ад зверстваў, якія цяжка нават уявіць. Як і беларусы.

    Вашыя продкі ведалі, як гэта, калі з табой абыходзяцца як з абслугай, калі тваю мову і культуру знішчаюць. Як і беларусы.

    І вы працягвалі змагацца, нягледзячы на ахвяры, пакуль не дабіліся свабоды, справядлівасці і міру. Беларусы таксама не спыняцца на гэтым шляху.

    Дарагія сябры,

    Вы, напэўна, ведаеце, што я знаходжуся тут, таму што ў 2020 годзе мой муж Сяргей кінуў выклік Лукашэнку: ён вырашыў змагацца за пасаду прэзідэнта. Па загадзе Лукашэнкі яго пасадзілі за краты. Але – не ўпершыню для рэжыму – яны недаацанілі сітуацыю, не падумаўшы пра мяне.

    Я пайшла ў прэзідэнты замест свайго мужа, каб дапамагчы яму. Вырашыўшы паздзекавацца, мяне зарэгістравалі кандыдатам. Дыктатар не ўяўляў, што ў жанчыны будзе шанец. Ён казаў, што ў Беларусі «канстытуцыя не пад жанчыну».

    Аднак, на яго няшчасце, я выйграла. Мы выйгралі. На кароткі час мы адчулі поўную радасць і свабоду. І, як вы ведаеце, дыктатар не змог прыняць паразу.

    На некалькі дзён людзі запаланілі вуліцы Мінска і іншых гарадоў. Сотні тысячаў людзей выходзілі на мітынгі, каб паказаць нязгоду з вынікам скрадзеных выбараў. У адзін голас беларусы крычалі: «Хопіць! Хопіць дыктатуры! Хопіць прыгнёту!»

    Так пачаўся надзвычай мірны пратэст звычайных людзей. Мы выбралі свабоду замест тыраніі, праўду замест хлусні і святло замест цемры.

    На гэта рэжым адказаў зверствамі і жорсткасцю. У турмах аказаліся дзясяткі тысячаў людзей. Сярод іх мой муж Сяргей і мая сяброўка Марыя Калеснікава.

    Арышты працягваюцца дагэтуль. У нашыя дамы прыходзяць узброеныя людзі і арыштоўваюць нас. Яны пакідаюць дзяцей без бацькоў. Некалькі тыдняў таму проста ў якасці помсты яны пасадзілі ў турму сына майго дарадцы Анатоля Лябедзькі.

    Ім не патрэбная ніякая нагода, каб арыштаваць чалавека. Вы маглі надзець шкарпэткі «няправільнай» расфарбоўкі або лайкнуць «няправільны» пост у сацыяльных сетках. Крый Божа, калі вы адкрыта крытыкавалі ўрад або адважыліся пратэставаць супраць вайны ва Украіне.

    Але рэжым працягвае гэтае самавольства толькі таму, што там разумеюць: як толькі мы станем вольныя, гэтай сістэме канец.

    Нэльсан Мандэла, які атрымаў гэтую Прэмію міру ў 1989 годзе, аднойчы сказаў:

    «Вы па-сапраўднаму не зразумееце краіну, пакуль не пабываеце ў яе турмах».

    Найлепшыя дзеці нашага народа знаходзяцца ў турме. За што? За тое, што яны жадаюць жыць у міры і дапамагаць сваёй краіне развівацца. Іх збіваюць, зневажаюць і гвалцяць у жудасных турмах, якія нічым не адрозніваюцца ад савецкіх. За што? Проста за тое, што паміж мінулым і будучыняй яны выбіраюць будучыню.

    Іх цалкам ізалююць ад знешняга свету. Амаль месяц я не атрымлівала ніякіх вестак ад мужа, я нават не ведаю, ці жывы ён. Рэжым у Беларусі лічыць любую думку палітычнай, а любую ідэю – пагрозай.

    А зараз пакутуюць не толькі палітычныя зняволеныя і дзевяць мільёнаў беларусаў. Пакутуе і ўся Украіна.

    Калі Пуцін развязаў сваю крывавую вайну, лёсы нашых двух народаў сталі пераплеценыя яшчэ больш цесна. Хаця ў нас розныя сітуацыі, мы змагаемся з адным і тым жа ворагам: тыраніяй і імперыялізмам Расіі.

    У 2020 годзе мы змагаліся за свабодныя і справядлівыя выбары. Цяпер мы змагаемся за само існаванне Беларусі. 

    Лукашэнка абмяняў суверэнітэт нашай краіны на бяспеку для самога сябе. Ён дазволіў Расіі размясціць на нашай зямлі ядзерную зброю. На той самай зямлі, якая пацярпела ад Чарнобыльскай трагедыі. Уявіце, што гэта значыць для нас…

    Вось чаму я ганаруся тымі беларусамі, якія супраціўляюцца. Добраахвотнікамі, якія разам з украінцамі ваююць у акопах Бахмута. Кіберпартызанамі, якія паведамляюць пра перамяшчэнні варожых войскаў і транспарту. Тымі, хто распаўсюджвае газеты, каб супрацьстаяць прапагандзе рэжыму.

    Беларусы змагаюцца за існаванне сваёй краіны, і мы робім усё, каб наблізіць перамогу. Нас сапраўды натхняюць урокі з гісторыі барацьбы ірландцаў, тое, як вы захоўвалі дух свабоды.

    Дарагія сябры,

    Калі б мне 25 гадоў таму сказалі, што я буду рабіць прамову пра мір і вайну тут, у Тыперэры, я б адказала: «Вы выпілі занадта шмат Гінэса, таварыш».

    Але вось сёння я тут – сярод сяброў… сярод сям'і. Таму я скажу прама: мы не справімся ў адзіночку. Мы не зможам скончыць гэта пекла без дапамогі сяброў. Я памятаю, як шмат гадоў таму ў доме Дзінаў мне сказалі: «Мы з вамі, вы можаце на нас разлічваць».

    І нам сапраўды патрэбная вашая дапамога. Беларусі патрэбная дапамога Ірландыі, як ніколі раней.

    Паважаныя спадары,

    Сардэчна дзякую вам за гэтую важную ўзнагароду. Гэтая ўзнагарода не толькі для мяне, але і для мільёнаў свабодалюбівых беларусаў.

    Я хачу прысвяціць гэтую прэмію ўсім тым, у каго забралі свабоду. Я прысвячаю гэтую ўзнагароду свайму мужу Сяргею Ціханоўскаму, якога асудзілі на 19,5 гадоў турэмнага зняволення, сваёй сяброўцы Марыі Калеснікавай, асуджанай да 11 гадоў турмы, Віктару Бабарыку, асуджанаму да 14 гадоў, Ігару Лосіку, асуджанаму да 15 гадоў, Мікалаю Статкевічу, асуджанаму да 14 гадоў. Лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму, асуджанаму да 10 гадоў турмы. Тысячам палітычных зняволеных і іх сем'ям у Беларусі.

    Дзякуючы гэтай узнагародзе яны даведаюцца, што яны не самотныя ў сваёй барацьбе.

    Дзякуючы гэтай узнагародзе яны даведаюцца, што Ірландыя на іх баку.

    На пратэстах у Беларусі мы крычалі: «Верым! Можам! Пераможам!». Бачачы, як нас падтрымліваеце вы і людзі па ўсім свеце, я не сумняюся ў нашай перамозе.

    Дзякуй за вашую салідарнасць.

    Eirin go bragh!
    Жыве Беларусь!»

    Апошнія навіны