Расказвае юрыстка Офіса Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр.
- Пра што ідзе гаворка?
«Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах – дамова, якая змяшчае пералік правоў чалавека. І дзяржавы, якія падпісалі Пакт, павінны іх выконваць. Факультатыўны пратакол – гэта дадатковы дакумент да Пакта, у якім вызначаны механізм уздзеяння на дзяржавы, каб правы чалавека не парушаліся. Гэтым механізмам з'яўляюцца звароты ад грамадзянаў у Камітэт ААН па правах чалавека (КПЧ), калі яны лічаць, што іх правы былі парушаныя».
- Беларусы раней скардзіліся ў КПЧ?
«У 1992 годзе Беларусь прыняла Факультатыўны пратакол да Пакта. Да звароту ў КПЧ звярталіся палітыкі, актывісты, журналісты, адвакаты, праваабаронцы, супрацоўнікі, звольненыя па палітычных матывах. Тым не менш, Беларусь не выканала ніводнага рашэння КПЧ, абгрунтоўваючы такую пазіцыю нібыта «рэкамендацыйным характарам» такіх дакументаў. Гэта няпраўда: у адпаведнасці з прынцыпамі міжнароднага права дзяржава абавязаная выканаць рашэнне КПЧ і даць справаздачу перад Камітэтам пра яго выкананне».
- Што азначае дэнансацыя?
«У кастрычніку 2022 года Беларусь дэнансавала Факультатыўны пратакол да Пакта (гэта значыць, фактычна яго скасавала). З 8 лютага 2023 года беларусы не змогуць падаваць індывідуальныя паведамленні пра парушэнне сваіх правоў у КПЧ. Дэнансацыяй пратакола дзяржава дае дакладна зразумець, што яна не збіраецца выконваць прынятыя на сябе абавязальніцтвы ў галіне абароны правоў чалавека.
Больш за тое, дэнансацыя Факультатыўнага пратакола да Пакта ідзе насуперак Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая замацоўвае прыярытэт асноўных прынцыпаў міжнароднага права і права грамадзянаў на зварот у міжнародныя органы і арганізацыі.
Магчыма, рэжым лічыць, што калі забароніць грамадзянам звяртацца ў міжнародныя органы, ніхто за межамі Беларусі не даведаецца пра рэпрэсіі і пераслед па палітычных прычынах. Гэта не так.
У будучыні Беларусь будзе выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы ў галіне абароны правоў чалавека. Беларусь ратыфікуе Факультатыўныя пратаколы да Пакта, а таксама іншыя міжнародныя пагадненні ў галіне правоў чалавека».