Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што тычыцца адукацыі беларусаў, у наш бяспечны і ананімны чат-бот @eduOST_bot . Паведамляйце нам навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных форм ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванні сістэмы адукацыі.
З'явіўся сайт www.asvetaby.org, на якім можна знайсці ўсе выпускі выдання дайджэста «Асвета» на беларускай, рускай і ангельскай мовах.
Спампаваць дайджэст па пытаннях адукацыі і навыкі магчыма па спасылцы.
- Міжнародныя магчымасці
– Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Цюрыхскага ўніверсітэта запрашае сушукальнікаў, якія займаюцца даследаваннямі постсавецкіх краінаў у галіне гуманітарных і сацыяльных навук, на 4-месячную стажыроўку. Арганізатары забяспечваюць выдаткі на дарогу, пражыванне і медыцынскую страхоўку, аказваюць візавую падтрымку, даюць месца для працы, доступ да бібліятэкі і магчымасць публікацыі вынікаў даследавання ў навуковым выданні Цэнтра. Апошні тэрмін падачы заявак – 27 лістапада 2022 г.
– Берлінская асацыяцыя «Акадэмічная сетка Усходняй Еўропы» («Akademisches Netzwerk Osteuropa») у межах праграмы «Навука ў небяспецы» («Science at risk») прапаноўвае кансультацыйна-арганізацыйную дапамогу беларускім даследчыкам і навукоўцам, якія пацярпелі ад рэпрэсій і вайны. Яна ўключае два напрамкі: экстраная дапамога з пошукам праграмаў падтрымкі для працягу даследчай, выкладчыцкай дзейнасці або навучання і прапанова правядзення лекцый і заняткаў за ўзнагароду.
– Фонд «Дом навук пра чалавека» і Цэнтр франка-расійскіх даследаванняў абвясцілі конкурс заявак для навукоўцаў на атрыманне стыпендыі тэрмінам ад 2 да 3 месяцаў для правядзення даследаванняў у галіне гуманітарных і сацыяльных навук. Памер стыпендыі складае 1600 еўра ў месяц. Таксама адабраным удзельнікам арганізатары абяцаюць аказаць візавую падтрымку і даць рэкамендацыйныя лісты для працы ў бібліятэках і архівах. Для ўдзелу ў конкурсе неабходна мець ступень кандыдата навук і папярэднюю дамоўленасць з адной з акадэмічных установаў Францыі пра тое, што яна выступіць у ролі боку, які прымае, на перыяд правядзення даследавання. Апошні тэрмін падачы заявак – 9 снежня 2022 г.
– Для беларускіх навукоўцаў са ступенню магістра, кандыдата ці доктара навук адкрытая магчымасць атрымання стыпендыі ўрада Швейцарыі тэрмінам на 1 год, якая складае ад 1920 да 3500 швейцарскіх франкаў у месяц у залежнасці ад віда праграмы. Пачатак праграмы – 1 верасня 2023 года. Апошні тэрмін падачы заявак – 9 снежня 2022 г.
- Рэпрэсіі
– 18 кастрычніка ў Гродне была затрыманая кандыдатка гістарычных навук, дацэнтка ГрДУ Святлана Сілава. Па інфармацыі з групы «Хрысціянскае бачанне» Сілаву збіраліся абвінаваціць у «захаванні і распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў». 21 кастрычніка яна была вызваленая, але атрымала штраф, у яе быў канфіскаваны тэлефон. Сілава – буйная беларуская даследчыца ў галіне канфесіянальнай гісторыі Беларусі, сябра арганізацыйнага камітэта канференцыі, прысвечанай 1030-годдзю Праваслаўя ў Беларусі і 30-годдзю адраджэння Гарадзенскай епархіі, якая адбылася 20 кастрычніка.
– У канцы кастрычніка палітзняволены Уладзімір Мацкевіч быў занесены МУС у спіс «экстрэмістаў», а пасля разгляду Вярхоўным судом ягонай апеляцыі і ўступлення прысуду ў сілу быў пераведзены з Магілёўскай турмы ў Шклоўскую калонію. Раней, як вядома, у гэтай калоніі пры нявысветленых абставінах памёр палітзняволены Вітольд Ашурак. Мацкевіч – буйны беларускі філосаф, адзін з заснавальнікаў «Лятучага ўніверсітэта». У чэрвені гэтага года яму прысудзілі 5 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
– На мінскага экскурсавода Ігара Хмару завялі крымінальную справу па артыкуле 342 КК («арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Раней ён быў затрыманы на вуліцы падчас экскурсіі, якую ён праводзіў на беларускай мове, што, па меркаванні сведак, і стала прычынай яго затрымання.
– 19-гадовага студэнта аднаго з мінскіх ВНУ збіраюцца судзіць за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК) і «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК) за тое, што ён адправіў відэа з перасоўваннем ваеннай тэхнікі тэлеграм-каналу, які быў прызнаны беларускімі ўладамі «экстрэмісцкім».
– У праўладным тэлеграм-канале апублікавалі відэа са студэнтам-першакурснікам хімфака БДУ (імя застаецца невядомым), у якім сілавікі сцвярджаюць, што ў 2020 г. затрыманы нібыта «хадзіў па вуліцах і рэпосціў экстрэмісцкія матэрыялы», а таксама быў заўважаны за тым, што цікавіўся рэчывамі, з якіх вырабляецца выбухоўка.
– 19 кастрычніка была затрыманая Святлана Волчак (Ермаковіч) – былая выкладчыца факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ. Жанчына была затрыманая разам з мужам Міхаілам, вядомым грамадскім актывістам і вэб-распрацоўшчыкам ІТ-рашэння для валанцёраў. У доме мужа і жонкі быў праведзены вобшук.
– У Гродне з ужываннем сілы затрымалі студэнта ГрДМУ Артура Хлуса. У відэа, апублікаваным у адным з праўладных каналаў, хлопец звяртаецца да прадстаўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па аднаўленні законнасці і правапарадку Аляксандра Азарава і сцвярджае, што яго затрымалі з-за ўдзелу ў плане «Перамога».
- Палітыка рэжыма
– 25 кастрычніка Беларусь прыпыніла дзеянне міжурадавай дамовы з Польшчай аб узаемным прызнанні раўназначнасці дыпломаў аб вышэйшай адукацыі, навуковых ступеняў і ступеняў у галіне мастацтва. Адпаведная пастанова была падпісаная прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанкам. Пагадненне дзейнічала з 2005 года.
– 12 кастрычніка ў першым чытанні быў прыняты праект закона, які сярод іншага скарачае падставы для адтэрміноўкі ад прызыву ў войска студэнтаў. У прыватнасці пасля ўступлення закона ў сілу адтэрміноўка ад прызыва будзе давацца «грамадзянам, якія навучаюцца за мяжой у вочнай форме толькі па накіраванні рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання ці дзяржаўных арганізацый», – заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч. Па ягоных словах, мэтай такога новаўвядзення з’яўляецца ў тым ліку «павышэнне канкурэнтаздольнасці айчыннай адукацыі».
– Дзве прыватныя школы ў Мінску прыпынілі працу: «Гімназія Грын Хіл» – па рашэнні эканамічнага суда Мінска пасля звароту Першамайскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Мінскага дзяржаўнага кіравання МНС, і «Сярэдняя школа «Стэмбрыдж», да якой з’явіліся прэтэнзіі ў супрацоўнікаў Савецкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Мінскага дзяржаўнага кіравання МНС (іх зварот таксама быў накіраваны ў суд, але дырэкцыя школы прыняла рашэнне пра прыпыненне дзейнасці самастойна).
– Беларускія ўлады збіраюцца ліквідаваць дабрачынны фонд «Вяртанне». Справа будзе разгледжаная ў Мінскім гарадскім судзе 25 кастрычніка. На працягу шматлікіх гадоў фонд спрыяў правядзенню буйных мерапрыемстваў у галіне культуры, навукі, адукацыі, выданню твораў беларускай і сусветнай літаратуры.
– У сусветным рэйтынгу ўніверсітэтаў Times Higher Education (THE) 2023 года флагман беларускай дзяржаўнай адукацыі БДУ не заняў якога-небудзь канкрэтнага месца, а ўвайшоў разам з іншымі трыма сотнямі ВНУ ў агульную катэгорыю навучальных установаў «1500+», то бок тых, што занялі месцы з 1500-га па 1800-е.
- Грамадзянская супольнасць і адукацыя
– Свабодны Беларускі Універсітэт і Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага Універсітэта пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і навукі Польшчы запрашае слухачоў на курс «Канфлікты ў Еўразіі: тэорыя і прыкладны аналіз», які дасць навыкі аналізу пратэстных рухаў, узброеных канфліктаў і палітычных супрацьстаянняў на постсавецкай прасторы, а таксама навучыць працаваць з інфармацыяй па гэтай тэме, весці экспертную дыскусію. Выкладчыца курса – кандыдатка гістарычных навук, дацэнтка Роза Турарбекава. Для таго, каб запісацца на курс, неабходна прайсці рэгістрацыю.
– Доктарка філасофскіх навук, прадстаўніца офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова апублікавала аўтарскую калонку пра сапраўдныя прычыны канфлікта паміж прыватнымі школамі і рэжымам Лукашэнкі. Па меркаванні аўтаркі, адносіны ў незалежных супольнасцях прыватных школаў пабудаваныя на даверы і ўзаемападтрымцы, у школах культывуецца «інтэлектуальная свабода, творчае самавыяўленне, адкрытая неіерархічная камунікацыя», – усё тое, што рэжым ідэалагічна не прымае.