• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Прамова Святланы Ціханоўскай на Форуме Моладзевага саюза Германіі, 2023

    23 кастрычніка, 2023

    Паважаная Старшыня фон дэр Ляйен,

    Паважаны Ёханэс Вінкель,

    Паважаная Старшыня Лідзія Перэйра,

    Паважаны Старшыня Манфрэд Вэбер,

    Паважаны Амбасадар Рон Просар,

    Паважаны Старшыня Дэніэл Каспары,

    Паважаны Макс Мёрзебург!

    Дарагія члены Моладзевага саюза,

    Для мяне вялікі гонар выступаць тут перад вамі – будучай палітычнай элітай Нямеччыны. Віншую вас з паспяховым правядзеннем «Дня Германіі».

    Учора па шляху ў Браўншвейг я думала аб тым, як нам пашанцавала, што ў нас так шмат саюзнікаў. І тут, у Нямеччыне, тэма Беларусі аб'ядноўвае практычна ўсе палітычныя партыі. Таму што мы падзяляем адны і тыя ж каштоўнасці і адну і тую ж ідэю моцнай, адзінай і свабоднай Еўропы.

    Для мяне вялікі гонар знаходзіцца на адной сцэне са Старшынёй фон дэр Ляйен, якая з'яўляецца прыкладам дастойнага і прынцыповага сучаснага еўрапейскага лідара. Шаноўная Урсула, вялікі дзякуй за вашую рашучую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і за вашую непахісную падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Дзякуючы таму, што сярод нашых сяброў ёсць такі лідар, як вы, у нас ёсць упэўненасць і сілы працягваць змагацца за свабоду.

    Нам асабліва патрэбны моцныя лідары сёння, калі пад пагрозай знаходзіцца дэмакратыя ва ўсім свеце.

    Дазвольце мне скарыстацца гэтай магчымасцю, шаноўны Рон Просар, каб яшчэ раз выказаць нашыя найглыбейшыя спачуванні людзям, якія пацярпелі ад тэрарызму, і выказаць нашу салідарнасць з Ізраілем.

    Дарагія сябры,

    Я з гонарам магу сказаць, што ў беларускіх дэмакратычных сілаў цудоўныя адносіны з Еўрапейскай народнай партыяй.

    Паважаны Манфрэд, дзякуй, што падтрымалі нашыя еўрапейскія памкненні па выніках сустрэчы Палітычнай асамблеі партыі ў Брусэлі. Дзякуючы вашай падтрымцы, Еўрапейскі парламент у верасні прыняў важнейшую рэзалюцыю па адносінах паміж ЕС і Беларуссю. Вялікі дзякуй!

    І, вядома, вялікі дзякуй паважанай Лідзіі Перэйры. Беларускія актывісты заўсёды будуць удзячныя Моладзі Еўрапейскай народнай партыі. Мы памятаем шматлікія пратэсты, пікеты, петыцыі і кампаніі салідарнасці з Беларуссю, якія арганізавалі вы і МЕНП. І я не магу не адзначыць, што Моладзевы саюз Нямеччыны заўсёды ў іх удзельнічаў.

    Як бачыце, вашыя адносіны з Беларуссю пачаліся задоўга да таго, як у палітыку прыйшла я.

    Колькі ў Беларусі кіраваў рэжым Лукашэнкі, столькі ў краіне парушаліся правы чалавека і фальсіфікаваліся выбары. Кожны раз, калі нашы людзі выходзілі на вуліцы ў знак пратэсту супраць фальсіфікаваных выбараў – у 2001, 2006, 2010, 2020 гадах – Лукашэнка жорстка падаўляў мірныя дэманстрацыі.

    І кожны раз Моладзевы саюз Нямеччыны нагадваў еўрапейцам аб тым, што адбываецца ў Беларусі. Для маладых беларускіх дэмакратычных актывістаў гэтая падтрымка была сапраўды натхняльнай. Дзякуючы вашай салідарнасці мы ніколі не пачувалі сябе забытымі, і гэта давала нам энергію і сілы.

    Сёння ў мяне не хапіла часу, каб паглядзець гэты цудоўны горад. Але калі я чытала пра Браўншвейг, то даведалася, што менавіта тут упершыню быў пастаўлены на сцэне «Фаўст» Гётэ. І я прыгадала Антонія Генрыха Радзівіла.

    Ён быў беларускім шляхцічам, першым кампазітарам, які паклаў на музыку «Фаўста» Гётэ. Над сваёй операй ён працаваў з самім Гётэ. Разам яны паставілі оперу «Фаўст» на сцэне Берліна ў 1819 годзе, за дзесяць гадоў да прэм'еры п'есы ў Браўншвейгу. Гэта важны факт, варты нашай увагі.

    Але гэта яшчэ не ўсё. Радзівіл прыехаў у Германію як палітычны ўцякач. Адгадайце, ад каго ён бег. Ад Расійскай імперыі.

    У 1794 годзе Расійская імперыя падавіла на тэрыторыі Беларусі, Польшчы і Літвы паўстанне Касцюшкі. Радзівіл быў адным з палітычных лідараў паўстання. Таму яму давялося пакінуць акупаваную Расіяй Беларусь і знайсці прытулак у Прусіі, дзе ён і сустрэў Гётэ.

    Гэта гісторыя не толькі пра еўрапейскую спадчыну беларусаў, якая бясспрэчная. Не толькі аб культурнай супольнасці Беларусі і Германіі. Гэта таксама гісторыя аб тым, што Беларусь рашуча хоча быць свабоднай.

    Сёння гісторыя паўтараецца. Як і 200 год таму, беларусы змагаюцца з імперыяй. І зноў – многім даводзіцца ўцякаць з краіны. І зноў Нямеччына разам з нашымі краінамі-суседкамі – Літвой, Польшчай, Латвіяй ды іншымі – дае прытулак беларускім змагарам за свабоду, студэнтам, дзеячам культуры і навукі.

    Мне таксама давялося ўцякаць з Беларусі з-за акалічнасцяў, якія склаліся. Нават сёння я ўсё яшчэ не лічу сябе прафесійным палітыкам. Я жонка палітвязня, маці дваіх дзяцей, якая жыве ў змушанай эміграцыі.

    У 2020 годзе наша мірнае паўстанне было жорстка задушана сілавікамі і войскам Лукашэнкі. Расія поўнасцю падтрымала яго: яна аказала дыктатару фінансавую, ваенную і палітычную падтрымку.

    Усё гэта адбылося па дзвюх прычынах. Задачай Лукашэнкі было захаваць сваю ўладу. А мэтай Пуціна было прыкаваць Беларусь да Расіі і падпарадкаваць яе – каб выкарыстоўваць краіну як плацдарм для сваёй агрэсіі супраць Украіны.

    Але тут мы павінны дакладна разумець: Беларусь і Украіна не з'яўляюцца канчатковай мэтай Пуціна. Ён хоча аслабіць Еўрапейскі Саюз і разбурыць еўраатлантычную супольнасць.

    Калі б мы ўсё больш рашуча дзейнічалі ў 2020 годзе, уварванне ва Украіну не было б такім, якім мы яго ўбачылі. Ніхто б не выкраў украінскіх дзяцей і не прывозіў іх незаконна ў Беларусь. Не здарылася б згону самалёта Ryanair. Не было б арганізаванага міграцыйнага крызісу на граніцы ЕС. І не было б ніякай ядзернай зброі і ніякіх наймітаў Вагнера на нашай зямлі.

    Але мы жывём у свеце, дзе няма ніякіх «калі».

    Тое, што сёння робіць Расея ў Беларусі, можна ахарактарызаваць як неакаланізацыя. Расія ўжо выкарыстоўвае нашую тэрыторыю для ціску на нашых еўрапейскіх суседзяў. Мы змагаемся не толькі за свабодную дэмакратычную Беларусь, але і за самое існаванне нашай краіны. Расія з дапамогай Лукашэнкі спрабуе разбурыць нашу нацыянальную ідэнтычнасць і сцерці нас з карты свету.

    Сёння ў Беларусі каля 1500 прызнаных палітвязняў. Рэальная лічба, паводле ацэнак, як мінімум у тры разы вышэйшая. І вялікі працэнт палітвязняў – моладзь. Нам вядомы імёны 625 з іх.

    Данута Пярэдня была адной з лепшых студэнтак свайго ўніверсітэта. Ёй было ўсяго 20 гадоў, калі яе арыштавалі і прыгаварылі да 6,5 гадоў пазбаўлення волі. Яе таксама ўнеслі ў спіс тэрарыстаў. У чым жа заключалася яе злачынства, спытаеце вы? Яна ўсяго толькі зрабіла рэпост паведамлення ў сацыяльных сетках з крытыкай вайны ва Украіне і ролі Лукашэнкі ў ёй.

    Многіх маладых людзей, нават падлеткаў, у Беларусі асудзілі за публікацыі ці лайкі ў сацыяльных сетках. Калі сілавікі затрымліваюць людзей, найперш яны правяраюць тэлефоны. Таму трэба быць асцярожным і выдаляць усё, калі выходзіце з дому. Ці можаце вы ўявіць, што з-за лайку ў сацыяльных сетках можна адправіцца ў турму на гады катаванняў?

    На перадавой лініі нашай барацьбы ў Беларусі стаіць моладзь. У 2020 годзе маладыя людзі праявілі смеласць і рашучасць, яны сталі рухаючай сілай нашага руху за перамены.

    Праз два гады, калі пачалося расійскае ўварванне ва Украіну, беларуская моладзь, нягледзячы на ўвесь паліцэйскі тэрор, не магла стаяць убаку і проста назіраць за ваеннымі злачынствамі, якія Расія здзяйсняла ў Бучы.

    Зміцер Клімаў і Уладзімір Абрамцаў абвясцілі рэжыму «чыгуначную вайну». У сакавіку 2022 года яны знішчылі рэлейныя шафы на чыгунцы пад Асіповічамі, каб спыніць расійскія эшалоны з войскамі, якія накіроўваліся ў Кіеў. На той момант Змітру і Уладзіміру было каля 26 гадоў. Калі сілавікі арыштавалі іх, аднаму з іх наўмысна стрэлілі ў калена.

    Абаіх прыгаварылі да 22 гадоў пазбаўлення волі. Яны нікому не прычынілі шкоды. Яны проста спрабавалі перашкодзіць расейцам забіваць украінцаў. Усяго ў Беларусі 11 «чыгуначных партызан» прыгаварылі да больш як двухсот гадоў зняволення.

    Многія беларусы сёння абараняюць Украіну ад агрэсіі рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі. Трыццаць пяць з іх аддалі свае жыцці ў баі.

    Эдуарду Лобаву было 34 гады, калі ён загінуў у баі з расійскімі акупантамі пад Вугледарам. Эдуард раней быў палітвязнем – яго прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі за сяброўства ў «Маладым фронце». Выйшаўшы на волю, ён з'ехаў з Беларусі, каб змагацца за незалежнасць Украіны на Данбасе. Ён быў героем пры жыцці – і памёр героем.

    Ва ўзброеных сілах Украіны ваююць сотні беларускіх добраахвотнікаў. Змагаючыся за Украіну, яны змагаюцца і за дэмакратычную Беларусь. І за свабодную Еўропу. Яны разумеюць, што будучыня нашых краін пераплецена.

    Гэтая вайна не скончыцца, пакуль Беларусь не стане свабоднай. Калі Беларусь стане суцяшальным прызам Пуціна ў гэтай вайне, Украіна ніколі не будзе ў бяспецы. Ніколі ў бяспецы не будзе і Еўропа.

    Беларусы, і асабліва маладыя беларусы, якія аб'ездзілі Еўропу і свет, не жадаюць жыць пры дыктатуры. Яны не жадаюць жыць у «рускім міры», а тым больш паміраць за яго. Але ў сітуацыі, калі кожны дзень арыштоўваюць каля 20 чалавек, пратэставаць – значыць рызыкаваць сваёй свабодай і сваёй будучыняй.

    Вось чаму мы павінны стаць голасам тых, у каго адабралі галасы. Маладыя людзі Еўропы павінны працягнуць руку салідарнасці сваім сёстрам і братам у Беларусі. Вельмі важна падтрымліваць Украіну, але не менш важна не забывацца і пра Беларусь.

    12 лістапада – трагічны дзень у нашай гісторыі. У гэты дзень тры гады таму бандыты Лукашэнкі ў Мінску забілі Рамана Бандарэнка – яму быў толькі 31 год. За тое, што ён бараніў беларускія нацыянальныя сімвалы каля свайго дома.

    Мы аб'явілі 12 лістапада Днём салідарнасці з Беларуссю. Я прашу вас падтрымаць нас у гэты дзень. Вы можаце прыйсці да лукашэнкаўскай амбасады ў Берліне і запатрабаваць пакараць забойцаў Рамана і вызваліць усіх палітвязняў. Вы таксама можаце падтрымаць нас, напісаўшы што-небудзь у сацыяльных сетках ці даслаўшы паштоўку палітвязню ці палітвязню. Важны кожны жэст салідарнасці.

    Дазвольце нагадаць вам аб вашым даўнім супрацоўніцтве з беларускімі дэмакратычнымі партыямі. Рэжым нядаўна забараніў іх. Ва ўсіх іх ёсць моладзевыя аддзяленні. Запрашайце іх прадстаўнікоў на свае мерапрыемствы, праводзіце для іх стажыроўкі. Для іх гэта важна. І гэта вельмі важна для будучых стасункаў Беларусі з Нямеччынай і з ЕЗ.

     Як я казала спачатку, наш лёс – быць у Еўропе. Выбраўшы ў 2020 годзе дэмакратыю і перамены, беларусы выбралі Еўропу.

    Еўропа – гэта не толькі наша мінулае, гэта таксама наша будучыня. І я думаю, што прыйшоў час казаць пра Беларусь як частку Еўропы.

    Дазвольце мне працытаваць словы Старшыні фон дэр Ляен, якія яна вымавіла месяц таму ў сваім звароце «Аб становішчы Саюза»:

    «Дзе сёння знаходзіцца Еўропа? Там, дзе пішацца гісторыя. Будучыня нашага кантынента залежыць ад выбараў, якія мы робім сёння. Ад крокаў, якія мы робім, каб дабудаваць наш Саюз».

    Мы, беларусы, верым, што Еўропу і Еўрасаюз не дабудаваць без Беларусі.

    І толькі калі Беларусь адновіць сувязі са сваёй еўрапейскай сям'ёй, яна будзе адчуваць сябе ў бяспецы як краіна і як дзяржава.

    Усяго два месяцы таму беларускія палітычныя сілы вызначылі дакладную стратэгічную мэту: зрабіць Беларусь паўнапраўным членам Еўрапейскага саюза.

    Для нас ЕС – гэта не толькі паспяховы эканамічны блок, лідар у галіне інавацый, адукацыі і сацыяльнай практыкі. Не толькі прастора без межаў і сям'я з моцнымі сувязямі. Найперш мы падзяляем каштоўнасці Еўрапейскага Саюза – чалавечую годнасць, павагу да правоў чалавека, дэмакратыю, вяршэнства закону і роўнасць.

    ЕС таксама з'яўляецца тым месцам для Беларусі, дзе яна будзе ў бяспецы і зможа захоўваць сваю незалежнасць і развіваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць. З Расіяй – гэта немагчыма.

    Мы разумеем, што гэта не хуткі працэс. Мы разумеем, што для гэтага спатрэбіцца значная палітычная воля. Але першыя крокі на гэтым шляху мы зрабілі. І мы гатовы вельмі старанна працаваць для дасягнення нашай мэты.

    Я ўдзячная Старшыні фон дэр Ляен за тое, што яна на працягу гэтых трох гадоў спрыяла супрацоўніцтву Еўрапейскай камісіі з намі.

    І я разумею, што для рэалізацыі нашага еўрапейскага выбару трэба рухацца яшчэ далей. І я разлічваю на падтрымку маладых еўрапейцаў на нашым шляху да Еўропы і свабоды.

    Сёння падтрымліваць барацьбу беларусаў за свабоду, як і падтрымліваць Украіну, – не дабрачыннасць. Гэта інвестыцыя ў бяспеку, росквіт і дэмакратыю Еўропы ў будучыні.

    І нарэшце – давайце дапаможам Украіне выйграць у яе справядлівай вайне за свабоду. Перамога Украіны стане канчатковай паразай Пуціна і Лукашэнкі. Важна ўсведамляць, што гэта барацьба не толькі Украіны – гэта наша агульная барацьба за свабоду.

    Дарагія сябры,

    Не трэба баяцца пісаць гісторыю. Бо яна пішацца тут і зараз.

    Тры гады таму, калі я нечакана стала палітычным лідарам, я часта адчувала страх. У мяне не было ніякага досведу ў палітыцы. Калі майго мужа Сяргея арыштавалі, я вырашыла ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі замест яго з любові да яго – і да сваёй краіны. Каханне перамагае страх. Каханне дапамагае вытрымаць ціск, калі ворагі спрабуюць нас зламаць. Любоў да праўды. Любоў да свабоды.

    Не бойцеся дзейнічаць. Не бойцеся змагацца за праўду. Не бойцеся рабіць памылкі. У палітыцы ўвесь час вучацца на практыцы. Галоўнае – не спыняцца і ніколі не адмаўляцца ад сваёй мары.

    У любым палітычным руху моладзь вельмі важная. Таму што вы, моладзь, ніколі не застаяцеся ўбаку. А як інакш? Тыя выбары і дзеянні, якія мы робім і здзяйсняем сёння, уплываюць на ваша жыццё і вашу будучыню.

    Вам, моладзі, трэба рабіць свет лепш для сябе і для будучых пакаленняў. Нельга мірыцца з несправядлівасцю.

    У палітыцы патрэбны падыход, заснаваны на каштоўнасцях. Дакладныя прынцыпы і вернасць ім.

    Гэтыя каштоўнасці і прынцыпы аднолькавыя і для беларусаў, і для немцаў. Свабода слова. Вяршэнства закона. Воля кожнага. Права выбіраць свой урад. Права на захаванне і развіццё сваёй культуры. Гэтыя каштоўнасці і прынцыпы аб'ядноўваюць усю Еўропу.

    Калі ласка, падтрымлівайце тых, хто падзяляе вашыя каштоўнасці. Даражыце дэмакратыяй і свабодай: іх так лёгка страціць і так цяжка вярнуць.

    Я ўпэўнена: Беларусь зноў будзе свабоднай і незалежнай. З вашай дапамогай яна вернецца ў Еўропу, дзе яна і мусіць быць. Давайце разам пройдзем гэты шлях да свабоды.

    Разам мы зможам напісаць гісторыю. Разам мы зможам вызваліць Беларусь.

    Дзякуй. Жыве Беларусь!

    Апошнія навіны