• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Дайджэст Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, Кастрычнік 2023 / Выпуск 19

    29 кастрычніка, 2023

    Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што тычыцца адукацыі ў Беларусі, у наш бясьпечны ананімны чат-бот: @eduOST_bot. Паведамляйце нам навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных формаў ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванні сістэмы адукацыі.

    Сачыце за навінамі Асветы на сайце, у Facebook і Instagram.

    Sviatlana Tsikhanouskaya Scholarship at MCI

    Promoting Freedom, Democracy and Good Governance

    Аўстрыйскі ўніверсітэт MCI Management Center Innsbruck запусціў стыпендыяльную праграму пад ганаровым патранажам Святланы Ціханоўскай. Праграма прызначана для беларусаў і грамадзян іншых Усходнееўрапейскіх краін, уцягнутых у актыўнасці, якія прасоўваюць каштоўнасці свабоды, дэмакратыі і добрага кіравання.

    Стыпендыя дасць магчымасць на льготнай аснове атрымаць ступень бакалаўра або магістра па наступных напрамках: «Бізнес і менеджмент», «Прадпрымальніцтва, турызм і адпачынак«, «Біятэхналогіі», «Бізнес-псіхалогія і менеджмент», «Экалагічная, тэхналагічная і энергетычная інжынерыя», «Міжнародны бізнес і права», «Міжнародны бізнес і менеджмент», «Міжнародны менеджмент аховы здароўя», «Менеджмент, камунікацыя і ІТ», «Мехатроніка і разумныя тэхналогіі», «Медыцынскія тэхналогіі», а таксама MBA «Агульнае кіраванне». Прыём заявак адкрыты да 31 сакавіка 2024 года. Падрабязней пра стыпендыю можна прачытаць у гэтым PDF-файле. 

    • Міжнародныя магчымасці

     Wayne Vucinich Fellowship

    Магчымасць ад даследчага цэнтра CREEES Стэнфардскага ўніверсітэта. Стыпендыя прадастаўляецца навукощцам, якія атрымалі ступень доктара філасофіі на працягу апошніх пяці гадоў (на момант пачатку рэзідэнтуры патрабуецца наяўнасць ступені доктара філасофіі) па любой дысцыпліне, чые даследаванні прысвечаны гістарычным або сучасным тэмам, звязаным з краінамі Усходняй Еўропы, Расіі, Каўказа і Цэнтральнай Азіі. Стыпендыя пакрывае выдаткі на міжнародныя паездкі, медыцынскае страхаванне і візавую падтрымку, а таксама прапануе выплату ў памеры 15 000 долараў на пражыванне. Дадаткова стыпендыятам прадастаўляецца доступ да бібліятэкі Цэнтра і агульнай працоўнай прасторы. Працягласць: 12 тыдняў у перыяд з сакавіка па чэрвень 2024 года. Фактычныя даты вызначаюцца са стыпендыятам у індывідуальным парадку.

    Прыём заявак: да 17 лістапада 2023. Падрабязнасці па спасылцы

    Ментарская праграма Global Thinkers Forum

    Анлайн-праграмы настаўніцтва «Telemachus» і «Athena» звязваюць падапечных з лідарамі меркаванняў і людзьмі, арыентаванымі на сацыяльнае ўздзеянне. Telemachus – праграма для ўдзельнікаў ва ўзросце 18 да 29 гадоў з усяго свету, Athena – праграма для жанчын старэйшых за 22 гады. Ментарская праграма – гэта магчымасць індывідуальнага развіцця для задавальнення індывідуальных запатрабаванняў у навучанні, развіцці асабістага і прафесійнага патэнцыялу. Працягласць праграмы – 8 месяцаў. Патрабаванні да суіскальнікаў: свабодная англійская, ступень бакалаўра, прафесійны вопыт не менш за 5 гадоў.

    Прыём заявак: да 30 лістапада. Падаць заяўку анлайн

    The Maurice R. Greenberg World Fellows

    Кароткатэрміновая стажыроўка ў Ельскім універсітэце, ЗША. Праграма для стыпендыятаў з усяго свету з мэтай развіцця патэнцыялу. Удзельнікі правядуць чатыры месяцы разам у рэзідэнцыі Ельскага ўніверсітэта. Праграма разлічана на матываваных лідараў з прафесійным вопытам ад 5 гадоў. У рамках стажыроўкі арганізатары пакрываюць транспартныя выдаткі, пражыванне, медыцынскую страхоўку, стыпендыю. Для падачы неабходны матывацыйны ліст, рэзюмэ, 3 рэкамендацыі.

    Прыём заявак: да 6 снежня 2023. Падрабязней пра стажыроўку

    Запоўніць форму анлайн

    Стыпендыя Radboud University

    Магчымасць атрымаць ступень магістра і стаць членам акадэмічнай супольнасці для студэнтаў краін, якія не ўваходзяць у ЕС/ЕЭС. Фінансаванне ў межах стыпендыі пакрывае выдаткі на аплату навучання, пражывання, медыцынскай страхоўкі і візавых расходаў. Для падачы неабходны матывацыйны ліст, рэзюмэ, 2 рэкамендацыйныя лісты, моўны сертыфікат.

    Прыём заявак: да 31 студзеня 2024 года. Падаць заяўку анлайн

    Стыпендыя Каралеўскага тэхналагічнага інстытута

    Стыпендыя для замежных студэнтаў, якія жадаюць бясплатна працягнуць адукацыю ў Швецыі (атрымаць ступень магістра). Прыярытэтныя крытэры адбору: акадэмічныя дасягненні і імкненне зрабіць унёсак ва ўстойлівае развіццё. Стыпендыя пакрывае толькі кошт навучання. Для падачы заяўкі неабходны 2 матывацыйны лісты, дакументы па адукацыі, рэзюмэ.

    Прыём заявак: з 1 снежня 2023 па 15 студзеня 2024. Поўная інфармацыя пра стыпендыі і крытэры для суіскальнікаў.

    Стыпендыя на навучанне ў магістратуры Універсітэта Капенгагена

    Універсітэт Капенгагена прапануе абмежаваную колькасць ільгот па аплаце навучання і грантаў у межах праграмы стыпендый урада Даніі таленавітым студэнтам з выдатнымі акадэмічнымі дасягненнямі з краін, якія не ўваходзяць у ЕС/ЕЭС. Стыпендыя прадастаўляецца маладым людзям, якія падаюць дакументы ў магістратуру, і пакрывае кошт навучання і/або грашовую дапамогу на пражыванне. Заяўкі разглядаюцца аўтаматычна пры падачы дакументаў на праграму навучання.

    Прыём заявак: да 15 студзеня/1 верасня, у залежнасці ад праграмы. Падрабязнасці па спасылцы

    Школа культурнай антрапалогіі і гуманітарных навук на Мальце

    Летняя палявая школа арыентавана на маладых антраполагаў і культуролагаў, накіраваных на развіццё ўласных даследчых праектаў. Праграма будзе карысная як для спецыялістаў-пачаткоўцаў, так і для дасведчаных даследнікаў і аспірантаў. Кошт праграмы – 3550 еўра, прадугледжаны шэраг зніжак і стыпендый. Колькасць месцаў абмежаваная.

    Падрабязней пра праграму. Падаць заяўку анлайн 

    На сайце Асветы апублікаваны агляд 25+ праграм з падачай заявак у кастрычніку–снежні 2023 года. Ён даступны тут.

    Стажыроўкі ў Max Planck Institute

    Праграма стажыровак прапануе магчымасць азнаёміцца з даследчымі і акадэмічнымі юрыдычнымі навыкамі ў асноўных сферах параўнальнага публічнага, еўрапейскага і міжнароднага права. Працягласць стажыровак – ад 4 да 12 тыдняў. Даступная студэнтам бакалаўрыяту і магістратуры па напрамках юрыспрудэнцыя, міжнародныя адносіны, філасофія, сацыяльныя і палітычныя навукі. Прадугледжаная стыпендыя ў памеры 300 еўра. Неабходна прадаставіць моўны сертыфікат (англійская С1, веданне нямецкай будзе перавагай), дакументы аб адукацыі і матывацыйны ліст.

    Падача заявак на перыяд травень-кастрычнік 2024 – да 1 снежня 2023; на перыяд лістапад 2024-красавік 2025 – да 1 чэрвеня 2024. Падрабязныя ўмовы

    Стыпендыі American Association of University Women

    Праграма аказвае падтрымку жанчынам, якія праходзяць вочнае навучанне ў аспірантуры або дактарантуры ў Злучаных Штатах, якія не з’яўляюцца грамадзянамі ці пастаяннымі жыхарамі ЗША і якія маюць намер вярнуцца на радзіму, каб працягнуць навучанне або прафесійную кар’еру. Аб’ём фінансавання – ад 20 000 да 50 000 долараў ЗША.

    Прыём заявак: да 15 лістапада 2023. Падрабязней пра праграму

    Магістратура ў Дэлфцкім тэхнічным універсітэце

    Стыпендыя Юстуса і Луіза ван Эфен для замежных студэнтаў, якая пакрывае выдаткі на навучанне па адной з магістарскіх праграм універсітэта на працягу аднаго навучальнага года. Для атрымання стыпендыі трэба мець ступень бакалаўра, высокія балы і запрашэнне на магістарскую праграму ад Дэлфцкага ўніверсітэта. Акрамя гэтага неабходны матывацыйны ліст, 2 рэкамендацыі, моўны сертыфікат.

    Прыём заявак: да 1 снежня. Падрабязнасці па спасылцы

    Праграма Gates Cambridge

    Дадзеная стыпендыя адна з самых прэстыжных у свеце і пакрывае выдаткі на паслядыпломную адукацыю ў Кембрыджскім універсітэце. Распаўсюджваецца на навучанне па любой з праграм універсітэта. Для атрымання стыпендыі неабходна падаць дакументы па адукацыі, эсэ, рэкамендацыю, план даследавання (для PhD). У выпадку станоўчага рашэння ўдзельніку праграмы кампенсуецца кошт навучання, прадастаўляецца стыпендыя 20000 фунтаў на год на пражыванне, кампенсуюцца транспартныя выдаткі.

    Прыём заявак: да 5 снежня ці 4 студзеня (у залежнасці ад спецыяльнасці). Як падаць заяўку і крытэры адбору

    Стыпендыі нямецкай службы акадэмічных абменаў (DAAD)

    Магчымасць атрымаць стыпендыю па розных дысцыплінах замежным выпускнікам з краін, якія развіваюцца, і новых індустрыйных краін. Стыпендыя можа пакрыць аплату навучання ў аспірантуры або атрымання ступені магістра ў дзяржаўным ці прызнаным дзяржавай нямецкім універсітэце. Таксама ў выключных выпадках можна атрымаць доктарскую ступень.

    Прыём заявак: залежыць ад абранай праграмы. Падрабязней пра стыпендыю і алгарытм падачы заяўкі.

    Бясплатныя анлайн-курсы па напісанні эсэ

    Курсы ад Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Берклі. Гэта бясплатны анлайн-курс, які закліканы дапамагчы студэнтам развіць навык стварэння эсэ на англійскай мове. Праграма курса накіраваная на развіццё навыкаў пабудовы і напісання эсэ, самастойнага рэдагавання і стылістычнай пісьменнасці.

    Падрабязней па спасылцы

    • Дапамога палітзняволеным

    Офіс па адукацыі для новай Беларусі прымае заяўкі на кампенсацыю расходаў ад былых палітзняволеных студэнтаў_ак/вучняў_ніц з Беларусі, якія маюць патрэбу ў фінансавай дапамозе. Якія выдаткі могуць быць кампенсаваныя ў межах праграмы: набыццё тэхнікі для штодзённага выкарыстання і вучобы, кароткатэрміновая арэнда жылля ў краіне навучання, аплата медыцынскіх паслуг, у тым ліку псіхатэрапію, не прадугледжаных іншымі праграмамі, ды інш. Ініцыятыва рэалізуецца ў межах праграмы Orange Scholarships Каралеўства Нідэрландаў.

    Падаць заяўку

    Еўрапейскі Саюз у рамках праграмы «EU4Belarus – SALT-II» (Support for Advanced learning and training) абвяшчае прыём заявак на атрыманне фінансавай падтрымкі ў памеры да 1450 еўра на вывучэнне адной з еўрапейскіх моў (на выбар суіскальніка) і здачы па ім іспыту. Праграма прызначана для беларускіх студэнтаў-палітвязняў.

    Умовы праграмы і падача заяўкі 

    • Грамадзянская супольнасць і адукацыя

    Лабараторыя «Грыбніца» запрашае даследчыкаў, дзеячаў культуры і ўсіх ахвочых прыняць удзел у шасцімесячнай лабараторыі, прысвечанай вывучэнню каланіяльных залежнасцяў і дэкаланіяльнай практыкі ў Беларусі. Удзельнікі лабараторыі правядуць сумеснае даследаванне, як і з дапамогай якіх канцэпцый можна казаць пра каланіяльныя залежнасці ў датычна Беларусі. Вынікам працы лабараторыі стане выданне кнігі, якая змяшчае вынікі даследаванняў, канцэптуальныя распрацоўкі і аналіз канкрэтных выпадкаў, якія датычацца каланіяльнай оптыкі ў Беларусі. Працягласць: 6 месяцаў. Прыём заявак: да 8 лістапада 2023 года. Даведацца больш і/ці падаць заяўку можна тут.

    Пачала працу школьная анлайн-бібліятэка ад праекта «Заняткі па-беларуску». На сайце бібліятэкі можна знайсці наступныя раздзелы: беларуская літаратура, замежная літаратура, навукова-папулярная літаратура, падручнікі, педагагічная і метадычная літаратура, слоўнікі. Інфармацыя на сайце бібліятэкі рэгулярна абнаўляецца, таксама тут можна падтрымаць праект.

    Праект «Васьмiног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра» працягвае другі конкурс грантаў на падтрымку адукацыйных праектаў. Удзельнікі могуць запытаць фінансавую падтрымку для пілотных адукацыйных праектаў, а таксама для ўжо дзейных арганізацый і ініцыятыў нефармальнага навучання. Магчымая сума гранта – ад 1000 да 20 000 еўра. Больш падрабязна аб конкурсе можна прачытаць тут.

    У Польшчы актывізавалася кампанія па зборы подпісаў за ўнясенне зменаў у закон «Аб нацыянальных і этнічных меншасцях і рэгіянальных мовах». Арганізатары кампаніі заклікаюць пашырыць разуменне паняцця «нацыянальнай меншасці« і ўключыць сюды не толькі грамадзян Польшчы, але і тых беларусаў, хто легальна пражывае ў краіне і мае від на жыхарства. Гэтыя змены дазволяць дзецям з беларускай дыяспары пры жаданні вывучаць беларускую мову і культуру на ўроках, уключаных у агульнаадукацыйную праграму польскіх школ. Больш падрабязна пра кампанію можна прачытаць тут, падпісаць петыцыю – тут. 

    • Рэпрэсіі

    Як стала вядома, палітолага Валерыю Касцюгову перавялі на працу ў швейны цэх у гомельскай жаночай калоніі № 4. Праз унясенне ў «спіс тэрарыстаў» Касцюгову пазбавілі ў кастрычніку права на званок і кароткае спатканне. Нагадаем, што ў сакавіку 2023 года суд прысудзіў вучонай да 10 гадоў зняволення, абвінаваціўшы па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса – «захоп улады», «шкоду нацыянальнай бяспецы» і «распальванне варожасці».

    26 кастрычніка BELSAT паведаміў, што сілавікі ўчынілі аблаву ў Гродзенскім занальным інстытуце раслінаводства Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, размешчаным у Шчучыне. Некалькі супрацоўнікаў затрымалі, на іх склалі пратаколы па абвінавачанні ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў».

    27 кастрычніка ў Мінску пачаўся суд над выкладчыкамі ўніверсітэта Наталляй Савіцкай і Надзеяй Старавойтавай, а таксама загадчыцай студэнцкага інтэрната Аленай Драбудзькай. Жанчын абвінавачваюць па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса, справа разглядаецца ў судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска.

    • Палiтыка рэжыму

    20 кастрычніка Лукашэнка правёў нараду па пытаннях планавання і кантролю за рэалізацыяй стратэгічных праектаў. Гаворачы пра працу Акадэміі навук, ён звярнуў увагу, што «рэальны сектар эканомікі масава выкарыстоўваць працы вучоных чамусьці не імкнецца». Паводле яго слоў, прарыўных праектаў за 30 гадоў створана мала, а больш-менш заўважныя (атамная станцыя, вытворчасць кар’ернай тэхнікі, касмічныя праграмы і распрацоўкі біямедыцыны) сталі магчымыя «толькі з падачы прэзідэнта». Лукашэнка запатрабаваў стварыць цэнтр, які будзе ацэньваць і курыраваць маштабныя навуковыя праекты. Пра тое, якія варыянты прапанаваў урад, можна прачытаць тут.

    Беларусь скасавала пагадненне з Украінай аб узаемным прызнанні і эквівалентнасці дакументаў аб адукацыі і вучоных званнях. Адпаведная пастанова № 689 была прынята і набыла моц 17 кастрычніка 2023 года. Адмененае пагадненне ўрада Беларусі і Украіны было заключана ў 1998 годзе ў Мінску. Яно дзейнічала цягам 25 гадоў.

    16 кастрычніка калектыву Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прадставілі новага дырэктара – Таццяну Мамчыц. Па некаторых звестках, раней яна працавала ў Інстытуце нацыянальнай бяспекі, які рыхтуе кадры для Камітэта дзяржаўнай бяспекі.

    Пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў заявіў, што ў краіне можа з’явіцца больш філіялаў расійскіх ВНУ. Паводле яго слоў, цяпер іх занадта мала (2 па стане на кастрычнік 2023 года), і «трэба выправіць гэты недахоп».

    У ЦЭ і ЦТ плануюць вярнуць заданні пятага ўзроўню (ускладненыя) ужо ў наступным годзе. У 2023 годзе пытанні тэстаў былі адаптаваныя да базавага ўзроўню школьнай праграмы, што прывяло да росту балаў па выніках выпрабаванняў, і, як вынік, – прахадных балаў ва ўніверсітэты. Каментары кіраўніка Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў можна прачытаць тут.

    Паводле інфармацыі Еўрарадыё, вучням 8-11 класаў беларускіх школ плануюць паказаць дакументальны фільм пра супрацоўніка Камітэта дзяржаўнай бяспекі Дзмітрыя Федасюка, які загінуў у перастрэлцы з Андрэем Зельцарам. Прагляд будзе абавязковы і павінен адбыцца да 3 лістапада з наступным «абмеркаваннем». Школьнікам прапануюць адказаць на пытанні: «У чым вы хочаце быць падобнымі на Федасюка?», «Чаму адзін чалавек рызыкуе жыццём і гіне, а іншы – здраджвае?».

    У Беларусі мяняецца парадак выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу на атрыманне адукацыі. У абноўленай інструкцыі сказана, што пералічэнне сродкаў на гэтыя мэты будзе праводзіцца штогод, а памер сродкаў, якія выкарыстоўваюцца, не можа перавышаць кошту навучання за бягучы і (або) папярэдні навучальны год, у тым ліку для пагашэння існуючай запазычанасці за навучанне.

    Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Аляксандра Пушкіна апублікаваў на сваім Youtube-канале рэкламныя відэаролікі з заклікам не вучыцца, а служыць у войску па кантракце. Так, у адным з такіх ролікаў відэашэраг з нарэзкай кадраў ваенных вучэнняў суправаджае голас за кадрам са словамі «Зброя – гэта твой дух».

    Кіраўнік Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Аляксандр Лук’янаў заявіў, што на будаўніцтва рэспубліканскага патрыятычнага цэнтра ў Брэсцкай крэпасці сабралі ўжо каля васьмі мільёнаў рублёў. Паводле афіцыйнай інфармацыі, у гэтым цэнтры плануецца арганізаваць «працэс па грамадзянска-патрыятычным, ваенна-патрыятычным выхаванні навучэнцаў школ і гімназій«, абсталяваць казармы, а частка збудаванняў Кобрынскага ўмацавання стануць вучэбным корпусам. У СМІ раней з’яўлялася інфармацыя пра тое, што грошы на гэты аб’ект збіраюць «добраахвотна-прымусова», у тым ліку з урачоў.

    Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч заявіла, што «кожны беларускі школьнік павінен быць ахоплены факультатывам па сямейных каштоўнасцях». Гэта сведчыць пра тое, што пасля ўвядзення ў школьную праграму, факультатыў можа стаць абавязковым да наведвання. Заняткі на факультатыве, верагодна, будуць праводзіць у тым ліку прадстаўнікі царквы, бо ўжо вядомы шэраг фактараў, калі святары ладзяць тэматычныя сустрэчы з навучэнцамі беларускіх школ і вышэйшых навучальных устаноў. Сайт motolko.help прыводзіць у прыклад мерапрыемства «Мужчынская размова» з удзелам арцыбіскупа Гомельскага і Жлобінскага Стэфана. Па ягоных словах, «Захад згубіў хрысціянскія каштоўнасці сям’і, а мы, беларусы, павінны іх захаваць. У адваротным выпадку нас не будзе як народа».

    Да канца навучальнага года ў кожнай школе Беларусі павінен адкрыцца ваенна-патрыятычны клас ці гурток, заявіў міністр адукацыі Андрэй Іванец. «Мы актыўна працуем над развіццём ваенна-патрыятычных заняткаў, над музейнай педагогікай, над развіццём ваенна-патрыятычных клубаў… Усё гэта элементы, якія фарміруюць цэласную асобу дзіцяці», – адзначыў чыноўнік.

    «Патрыятычнае выхаванне» актывізуецца не толькі ў школах, але і ў дзіцячых садах. У сеціве з’явілася відэа з аднаго з садкоў у Гомельскай вобласці, дзе арганізаваны «пакой памяці Вялікай Айчыннай вайны». Паводле слоў загадчыцы дзіцячага сада, у дашкольнікаў развіта вобразнае мысленне, і ў гэтым пакоі дзеці могуць «паглядзець, памацаць, узяць у рукі гэты бліндаж». У роліку таксама прысутнічаюць кадры, як мяркуецца, з ранішнікаў, дзе дзеці выступаюць у касцюмах з элементамі ваеннай формы.

    Тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозгу» апублікаваў спіс выканаўцаў, якіх нельга ўключаць у музычны шэраг пры арганізацыі навагодніх святаў і выпускных вечароў. У ліку іншых, у спісе фігуруюць Аляксей Хлястоў, Ганна Нятрэбка, Лэдзі Гага і Шэр. Акрамя таго, пры арганізацыі мерапрыемства неабходна загадзя ўзгадняць увесь плэйліст.

    CityDog апублікаваў інтэрв’ю з настаўніцай адной з менскіх школ. Педагог расказала пра вялікую цякучасць кадраў, патрабаванні адміністрацыі сачыць за бацькамі, пра навязваемую ідэалогію і патрыятызм. Як змяніліся вучні, на каго са школьнікаў можа паўплываць прапаганда і што добрасумленныя настаўнікі спадзяюцца перадаць дзецям у такіх умовах?

    Апошнія навіны