Святлана Ціханоўская: «Нашых дзяцей увесь час водзяць у вайсковыя часткі і калоніі, у школы і дзіцячыя садкі прыносяць зброю. Іх прымушаюць канспектаваць прапаганду, чытаць вершы пра «братэрскія народы» і даслоўна перапісваць выступы рэжымных чыноўнікаў. А на дзіцячых мерапрыемствах увесь час прысутнічаюць міліцыянты і вайскоўцы.
Якія веды могуць атрымаць нашыя дзеці ад такіх урокаў? Дзе ў гэтым сапраўдная педагогіка? Ці вучаць усе гэтыя мерапрыемствы і людзі ў пагонах гуманнасці, чалавекалюбству і спагадзе?
З дзецьмі і падлеткамі трэба ўвесь час гаварыць. Даведвацца, чаго яны хочуць і як бачаць сваю будучыню, краіну, свет. Цяпер з імі ніхто не размаўляе і нават не дае іншага выбару, акрамя аўтамата і завучаных тэзісаў пра «калектыўны Захад». Дык да чаго рэжым рыхтуе будучае пакаленне? Да вайны? Да супрацьстаяння? Але з кім?
Але мы з вамі цудоўна разумеем, што гэта не тая будучыня, якую мы хочам для сваіх дзяцей. Мы хочам будучыню, дзе бацькі могуць быць упэўненыя, што дзецям у школе дапамагаюць развівацца, раскрываць свой патэнцыял, а не рабіць з іх паслухмяных салдат. Дзе настаўнік – гэта перш за ўсё педагог, праваднік ведаў і сябар, а не чарговая шрубка рэпрэсіўнага апарата. Дзе ў дзяцей у школе будуць пытацца, якой яны бачаць сваю будучую прафесію. Дзе ім дапамогуць зрабіць прафесійны выбар, а не вывучаць новых сілавікоў. Дзе гісторыя Беларусі не будзе перапісаная ва ўгоду «расійскага братэрства». І каб гасцямі ў школах былі паспяховыя прадпрымальнікі, артысты, вучоныя і лекары, а не прапагандысты і сілавікі. Такую школу мы ўсе хочам бачыць.
Але пакуль мы толькі на шляху да гэтай будучыні, вы, дарагія бацькі, гаварыце са сваімі дзецьмі. Адказвайце на іх пытанні, расказвайце ім праўду, дапамагайце ім развіваць крытычнае мысленне і знаходзіць прычынна-выніковыя сувязі. Наўрад ці іх навучаць гэтаму ў школах. І калі гэтага не зробіце вы, то вашыя дзеці ў будучыні будуць размаўляць на мове сілы і дубінак».