Тэкст выступу Святланы Ціханоўскай:
«Дарагія сябры,
Мы сабраліся тут сёння, каб пагаварыць пра культурнае жыццё ў Беларусі.
Кожны раз, удзельнічаючы ў падобных дыскусіях, я думаю:
- Ці дарэчна гэта ўвогуле ў такі час?
- Ці дарэчна гаварыць пра літаратуру, калі больш за 1000 беларусаў знаходзяцца за кратамі за свае палітычныя погляды?
- Ці дарэчна разважаць пра музыку, калі 65-гадовы філосаф Уладзімір Мацкевіч толькі завяршыў галадоўку, а іншы палітвязень Мікіта Емяльянаў трымае яе з 3 лютага – і гэта толькі вядомыя нам гісторыі?
- Ці ёсць у нас час разважаць пра мастацтва, калі ў навінах толькі і гавораць, што пра вучэнні і вайну?
Але кожны раз стасуючыся з пісьменнікамі, музыкамі, артыстамі, рэжысёрамі, я разумею, што адказ на гэтыя пытанні – «так». Мастацтва і культурныя сімвалы дапамагаюць нам усе гэтыя паўтара гады супрацьстаяння рэжыму. Таму мы абавязаныя дапамагаць мастацтву і культуры.
Рэжым доўгія гады не дазваляў беларускай нацыі знайсці свой голас. Знішчаў нашую мову, нашыя сімвалы, наш культурны код. Ён хацеў бы абнуліць гісторыю – быццам нічога не існавала да яго і не існуе нічога пасля. Але ў 2020-м годзе наш голас прарваўся вонкі і пачаў гучаць на ўвесь свет.
З таго часу менавіта мастацтва крочыць побач з намі і дапамагае нам убачыць сябе як народ, зразумець сябе як нацыю, растлумачыць свой боль і свой гонар тым, хто не быў побач з намі на стотысячных мітынгах у 2020-м. Фільмы, выставы, фотаздымкі, песні – усё гэта расказвае нашую новую гісторыю на мове, зразумелай чалавеку любога ўзросту і з любой краіны. Менавіта таму рэжым ненавідзіць літаральна ўсіх дзеячаў культуры. І менавіта таму іх так любяць і імі так ганарацца беларусы.
Цяпер нармальнае культурнае жыццё ўнутры Беларусі практычна немагчымае. Сотні дзеячаў культуры былі звольненыя з тэатраў і музеяў з-за іх так званай «дэструктыўнай пазіцыі». Мастак Алесь Пушкін і ўдзельнікі музычнага гурта Irdorath знаходзяцца ў турме. Сотні іншых творцаў былі вымушаныя пакінуць Беларусь, як Герта Мюлер была вымушаная пакінуць Румынію ў часы дыктатуры.
Аднак гэты ціск не спыніў нашую культуру. Наадварот, беларусы цяпер рэфлексуюць і робяць так шмат, як ніколі. Таму я хачу выказаць шчырую падзяку кожнаму беларусу, які піша, здымае, стварае – незалежна ад таго, у якой краіне цяпер знаходзіцца. І, вядома, я дзякую Беларускай рады культуры – незалежнаму саюзу, які каардынуе мноства індывідуальных і групавых праектаў, каб не дапусціць адчужэння паміж беларусамі ўнутры краіны і ў дыяспары.
За гэты час беларусы шмат чаму навучыліся, каб падтрымліваць адно аднаго, але сёння нашая культура таксама мае патрэбу ў падтрымцы сяброў у Еўропе і свеце. Дазвольце запэўніць вас, што не бывае маленькай дапамогі. Кожнае дзеянне ў падтрымку Беларусі мае значэнне. Сёння для нас кожны спектакль, публікацыя, пераклад, публікацыя, мастацкая рэзідэнцыя мае значна большае значэнне, чым можа падацца на першы погляд. Уявіце, што адчувае мой муж Сяргей Ціханоўскі, калі людзі пішуць яму лісты, што і ў Нью-Ёрку, і ў Парыжы яго песню «Муры» спяваюць на сустрэчах дыяспары. Уявіце, як радуецца Марыя Калеснікава, калі ёй перадаюць навіны пра спектаклі ў яе гонар. Ну а што адчувае беларускі аўтар, якому даюць пляцоўку для выказвання ў розных краінах – лепш за мяне раскажа Саша Філіпенка.
Кожны такі жэст – гэта маленькія парталы ў Новую Беларусь, да якой мы так імкнемся. І, нягледзячы на ўсе намаганні рэжыму, людзі ў Беларусі адчуваюць гэта ўжо цяпер.
Дзякуй!»