«У першую чаргу я хачу падзякаваць арганізатарам за запрашэнне. Дзякуй Ангеле Дорн і Луцыі Путрых за тое, што вы даяце такую пляцоўку для таго, каб мы маглі казаць пра Беларусь гучней. Вялікі дзякуй Аляксею Палуяну за яго фільм і Ганне Шопе – за падтрымку стужкі. Я ўпэўненая, што Кураж заслугоўвае перамогі на Берлінале.
Пакуль я бачыла толькі трэйлер гэтага фільма – і павінна прызнацца, глядзець яго адначасова ганарова і цяжка. Я ганаруся быць беларускай, прадстаўляць гэтую вельмі моцна падарослелую ўсяго за адзін год нацыю. Але мне вельмі цяжка глядзець на кадры з пратэстаў, на якіх збіваюць, затрымліваюць і нават забіваюць мірных людзей.
Упэўненая, гэты фільм дазволіць гледачу з любой іншай краіны паставіць сябе на месца беларусаў у жніўні 2020-га. А самім беларусам фільм Аляксея Палуяна дае магчымасць усвядоміць, як моцна мы змяніліся з таго моманту.
На жаль, гэтыя змены даюцца нам велізарнымі ахвярамі. І дзеячы культуры, такія як акторы Свабоднага Тэатра, паказаныя ў фільме, таксама зведваюць рэпрэсіі ў Беларусі. Па дадзеных Фонду Культурнай Салідарнасці, больш за 55 супрацоўнікаў сферы культуры сядзяць у турме па палітычна матываваных справах, 36 з іх прызнаныя палітычнымі вязнямі. Сотні былі звольненыя, яшчэ сотні адсядзелі «суткі». Прама зараз мастаку Алесю Пушкіну пагражае да 12 гадоў турмы за карціну. Аляксею Санчуку, барабаншчыку, які задаваў рытм мінскім пратэстам у жніўні, прысудзілі 6 гадоў турмы. Раман Бандарэнка – юны хлопец, які запомніўся суседзям тым, што маляваў плакаты з дзеткамі ў двары на Плошчы Пераменаў – быў забіты памагатымі рэжыму ў гэтым жа двары. У цэлым больш за 35 000 людзей прайшлі праз арышты з пачатку жніўня. Амаль 500 чалавек прызнаныя палітычнымі вязнямі. Тысячы людзей зараз знаходзяцца ў турме – і пакуль я прамаўляю гэтыя словы, любога з іх могуць катаваць.
Але менавіта таму мы, беларусы, не збіраемся здавацца. Мы працягваем настойваць на новых дэмакратычных выбарах, а нашыя мірныя акцыі пратэсту працягваюцца больш за 300 дзён. «Вольны хор» дагэтуль дзівіць і натхняе беларусаў сваімі нечаканымі выступленнямі на вуліцах Мінска. Акторы Купалаўскага тэатра, якія звольніліся ў знак пратэсту супраць рэпрэсій, выпускаюць анлайн-пастаноўкі. Зорка оперы Маргарыта Ляўчук і гітарыст Андрэй Павук збіраюць сотні тысяч праглядаў на кліпах, дзе іранізуюць над дзяржаўнай прапагандай. Артысты Свабоднага Тэатра ставяць падпольныя спектаклі ў Мінску, нягледзячы на велізарную рызыку. На пікетах у абсалютна розных кропках планеты людзі спяваюць песню «Разбуры Турмы муры», якая стала асабістым гімнам майго мужа Сяргея Ціханоўскага і ўсіх нашых мітынгаў перад выбарамі ў 2020-м.
29 траўня быў роўна год, як ён апынуўся ў турме. На жаль, за гэты год рэпрэсіі толькі працягваюць расці. А два тыдні таму беларускі крызіс трансфармаваўся ў крызіс для ўсёй Еўропы. Рэжым перахапіў самалёт, паставіў пад пагрозу жыццё больш чым 100 пасажыраў і, самае галоўнае, выкраў беларускага журналіста Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыну Сафію Сапегу. Рэжым расправіўся з TUT.by – самым папулярным незалежным медыя парталам краіны. Затрыманыя 15 журналістаў і супрацоўнікаў выдання, ім пагражаюць шматгадовыя турэмныя тэрміны – толькі за тое, што яны прафесійна рабілі сваю працу.
Два тыдні таму мы пахавалі актывіста Вітольда Ашурка. Ён загінуў у турме, і яго сям'я ўпэўненая, што гэта была гвалтоўная смерць. Перад смерцю Вітольд распавёў, што палітвязням у калоніі навешваюць жоўтыя цэтлікі – іх пазначаюць, прама як у лагерах.
Іншы палітвязень – актывіст Сцяпан Латыпаў – на мінулым тыдні спрабаваў парэзаць сабе горла і вены на руках падчас суду. Паводле яго слоў, 51 дзень да гэтага яго трымалі ў прэс-хаце – гэта такое памяшканне, дзе ўключаюць гучную музыку – каб ніхто не чуў, як катуюць людзей.
Кожная такая гісторыя – гэта груз адказнасці, які цяпер нясем мы, беларусы. Мы не маем маральнага права кінуць гэтых людзей. Таму я дзякую вам за тое, што магу знаходзіцца тут і распавядаць іх гісторыі. Таму я заклікаю Германію заняць паслядоўную пазіцыю супраць нелегітымнага і злачыннага рэжыму. Я заклікаю да неадкладнага прыняцця 4-га пакета санкцый і распрацоўкі 5-га – супраць памагатых рэжыму і кампаній, якія яго падтрымліваюць. Я заклікаю спыніць усялякае супрацоўніцтва з дзяржкампаніямі, якія рэпрэсуюць рабочых. Я заклікаю выключыць Беларусь з Інтэрпола і правесці міжнароднае расследаванне злачынстваў супраць беларусаў.
Я таксама прашу падтрымаць беларускую грамадзянскую супольнасць: рэпрэсаваных, журналістаў і СМІ, дзеячаў культуры і студэнтаў. Зараз у Беларусі 9 мільёнаў закладнікаў – і ім вельмі патрэбная дапамога.
Я прашу вас пісаць лісты палітвязням. Прашу нямецкі ўрад разглядзець магчымасць стварэння адукацыйных праграм для падтрымкі рэпрэсаваных дзеячаў культуры і студэнтаў. Уявіце, якой выдатнай была б праграма імя Марыі Калеснікавай ў Германіі па прыкладзе праграмы Каліноўскага ў Польшчы.
Я прашу вас усіх падтрымаць беларусаў падчас тыдня беларускай культуры 5-11 ліпеня: вывешвайце сцягі, паказвайце беларускія фільмы – такія, як Кураж, – стаўце беларускія спектаклі, распаўсюджвайце беларускія кнігі, адкрывайце выставы беларускіх мастакоў. Я ўпэўненая, кожны, хто прысутнічае тут, можа дапамагчы беларусам.
Мы зараз перажываем вельмі цёмны, але вельмі важны перыяд сваёй гісторыі. Ведаеце, Маша Калеснікава піша ў лістах, што ў камеры ёй страшна не хапае музыкі. Але яна так любіць музыку, што заплюшчвае вочы і ўяўляе, адчувае яе ўнутры. Сапраўды гэтак жа зараз усе мы ўнутры сябе адчуваем нашую новую Беларусь, поўную любові і святла. І з вашай дапамогай мы зможам перамагчы беззаконне і нарэшце выпусціць гэтую краіну на волю.
Дзякуй!».