– Хто і навошта праводзіць канферэнцыю «Новая Беларусь»?
Канферэнцыю «Новая Беларусь» склікае Святлана Ціханоўская як абраная лідэрка беларускага народу. Падрыхтоўка да канферэнцыі пачалася яшчэ ў красавіку, але толькі ў ліпені быў фіналізаваны фармат. У арганізацыі бяруць удзел прадстаўнікі розных палітычных груп. Да ўдзелу запрошаныя палітычныя, грамадскія, культурныя актары, каб абмеркаваць як захаваць незалежнасць Беларусі, вывесці краіну з крызісу і павярнуць краіну на дэмакратычны шлях развіцця.
Ёсць пяць мэтаў, якія стаяць перад дэмакратычнымі сіламі сёння,
1. адхіліць нелегітымны рэжым ад улады,
2. вызваліць і рэабілітаваць усіх зняволеных па палітычных матывах,
3. абараніць незалежнасць і вывесці з краіны замежныя войскі,
4. правесці сумленныя выбары,
5. наладзіць у краіне дэмакратычныя інстытуты.
З гэтымі пунктамі згодныя, здаецца, усе ўдзельнікі дэмакратычнага руху. Але ёсць рознае бачанне, якая тактыка найбольш эфектыўная, і якія шляхі павінны быць зробленыя, каб дасягнуць гэтых мэтаў.
– Для каго робіцца гэтая канферэнцыя?
Для ўсіх беларусаў, але ў першую чаргу яна павінна даць адказы тым беларусам, якія застаюцца ў Беларусі, што можна і трэба рабіць для пераменаў у Беларусі. Бо перамены – гэта справа ўсіх беларусаў, і тых, хто вымушана выехаў і тых, хто застаўся.
– Якія вынікі ад канферэнцыі можна чакаць?
Аргкамітэт прыняў рашэнне правесці сустрэчу ў фармаце канферэнцыі, а не кангрэсу, а значыць не плануецца галасавання па дакументах ці рашэннях. Разам з тым, спікеры кожнай з панэляў, чакаецца, выйдуць з супольным бачаннем па стратэгічных прыярытэтах, транзітным перыядзе, рэформе дэмакратычных сілаў, дапамозе грамадзянскай супольнасці. Чакаецца, што ўдзельнікі кожнай дыскусіі, павінны да нечага дамовіцца. Гэта могуць быць пэўныя дакументы ці планы далейшых дзеянняў. Чакаецца, што з Канферэнцыі пачнецца перафарматаванне Каардынацыйнай рады і стварэнне Аб’яднанага пераходнага кабінету, у які ўвойдуць прадстаўнікі розных структураў.
– Хто ўваходзіць у аргкамітэт?
Усе асноўныя рашэнні па змесце канферэнцыі, у тым ліку па спікерах, прымае палітычны аргкамітэт. Склад аргкамітэту прадстаўляе максімальна шырокі спектр палітычнага і грамадскага поля Беларусі. У склад палітычнага аргкамітэту ўваходзяць 18 чалавек – прадстаўнікі ОСТ, НАУ, Каардынацыйнай рады, Честные люди, Супраціў, Bypol, палітычныя партыі, і экспертная супольнасць. У тым ліку: Павел Латушка, Дзмітры Шчыгельскі, Аляксандр Дабравольскі, Аляксандр Азараў, Валеры Мацкевіч, Алена Жываглод, Вольга Кавалькова, Уладзімір Астапенка і іншыя. Усе імёны не раскрываюцца ў тым ліку з прычын бяспекі.
– Хто будзе ўдзельнічаць у канферэнцыі?
Удзел возьмуць найбольш заўважныя прадстаўнікі беларускага грамадства з розных сацыяльных груп і розных поглядаў. Як правіла – гэтыя людзі на слыху і прадстаўляюць паспяховыя ініцыятывы. Запрашэнні на ўдзел атрымалі 48 экспертаў, 45 прадстаўнікоў бізнесу, 128 прадстаўнікоў грамадскага сектару, 49 прадстаўнікоў медыясупольнасці (у тым ліку блогеры), 25 былых палітвязняў ці сем'і цяперашніх палітычных вязняў, 59 прадстаўнікоў палітычных структураў. 153 заяўкі прыйшло з формы свабоднай рэгістрацыі. Удзел у канферэнцыі пацвердзілі 321 чалавек і 51 прадстаўнікоў СМІ.
– Хто адбіраў удзельнікаў канферэнцыі? Чаму камусьці адмовілі?
Паколькі месцы ў памяшканні абмежаванае, прыняць усе заяўкі немагчыма. Удзельнікаў канферэнцыі адбірала працоўная група, створаная аргкамітэтам з трох структураў. Сярод крытэраў: адзін чалавек ад арганізацыі; арганізацыя павінна быць актыўная (калі гэта не індывідуальная ініцыятыва), чалавек быць гатовым прыехаць за свой кошт. Некаторым людзям адмовілі з прычынаў бяспекі.
– Чаму ўдзельнікі канферэнцыі не былі абраныя дэмакратычным шляхам праз вылучэнне дэлегатаў на сходах?
Магчымасць дэлегавання абмяркоўвалася ў Офісе Святланы Ціханоўскай і ў аргкамітэце. Сёння няма магчымасці арганізаваць правядзенне такіх сходаў у Беларусі. Гэтаксама, распрацоўка лічбавага механізму для правядзення такога вылучэння патрабуе часу. Ёсць план правесці Кангрэс у будучыні, на які вылучэнне будзе адбывацца такім шляхам і які зможа прымаць важная для Беларусі рашэнні. Аднак гэта не значыць, што ўдзельнікі канферэнцыі “Новая Беларусь” нікога не прадстаўляюць – усе госці і дэлегаты прадстаўляюць паспяховыя ініцыятывы, арганізацыі, праекты. А тыя, каго не запрасілі, змаглі зарэгістравацца праз форму самавылучэння.
– Хто адбіраў спікераў і вызначаў тэмы?
Тэмы былі прапанаваныя Святланай Ціханоўскай, а спікераў зацвярджаў аргкамітэт. Вельмі важна было, каб на панэлях было прадстаўленае як можна больш шырокае кола ініцыятываў, і людзей з адрознымі палітычнымі поглядамі. Кожная панэль – гэта дыскусія, спрэчка, але мэта, каб напрыканцы кожнай панэлі да нечага дамовіліся, і быў канкрэтны вынік.
– Чаму там так мала жанчын?
Гэта вялікае ўпушчэнне, што ў палітычных дыскусіях у першы дзень прадстаўлена так мала жанчын. Асабліва ўлічваючы ролю жанчын у пратэстах і падзеях 2020 году. Некаторыя спікеркі адмовіліся з асабістых прычынаў ці прычынаў бяспекі. Зробім усё, каб выправіць перакос у інтэрактыўнай частцы канферэнцыі (дзе ўзаемадзеянне з аўдыторыяй) і ў другі дзень.
– Дзе паглядзець праграму канферэнцыі?
Праграму канферэнцыі можна паглядзець па адрасе: https://conferencenewbelarus.org
– Як я змагу ўдзельнічаць?
Калі вы з’яўляецеся акрэдытаваным госцем канферэнцыі, то вы зможаце ўдзельнічаць ва ўсіх частках праграмы. Пасля кожнай панельнай дыскусіі запланаваныя пытанні, якія вядучы будзе браць ці з залы ці ад гледачоў анлайн-трансляцыі. У перапынках паміж панэльнымі дыскусіямі, вядучая будзе размаўляць з удзельнікамі канферэнцыі, і можна будзе выказацца, пакрытыкаваць ці падзяліцца ідэямі. Цягам усёй канферэнцыі будзе працаваць інтэрактыўная сістэма, дзе кожны ўдзельнік зможа выказацца і нават прагаласаваць. Анлайн-трансляцыя будзе весціся цягам канферэнцыі на YouTube, дзе будзе адкрыты чат. Для прагляду і ўдзелу не патрэбна асобнай рэгістрацыі.
– Навошта збіраліся анкеты перад канферэнцыяй?
Анкеты збіраліся для таго, каб зразумець, якія чаканні ў беларусаў ад канферэнцыі, і каб сабраць ідэі, што трэба зрабіць дэмакратычным сілам, каб наблізіць перамены. Офіс Святланы Ціханоўскай прааналізаваў анкеты, і частка ідэяў будзе ўключаная ў дыскусіі. Агулам мы атрымалі больш за 1000 анкет. Поўны аналіз анкет будзе зроблены і прадстаўлены ўжо пасля канферэнцыі.
– Якія яшчэ мерапрыемствы будуць адбывацца вакол канферэнцыі і з нагоды 9 жніўня?
8 жніўня плануецца сустрэча прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў з міністрам замежных справаў Літвы Габрыэлюсам Ландсбергісам. 9-га жніўня а 16:30 у Віленскай Катэдры запланавана імша і мерапрыемства ў гонар загінулых беларусах, ахвярах рэжыму Лукашэнкі і загінулых добраахвотніках ва Украіне. На Кафедральнай плошчы запланаваны тэатральны перформанс у 17:30, а ў 18:30 там адбудзецца мітынг і пачнецца шэсце. Запланаваныя сустрэчы з дыпламатычным корпусам і беларускай дыяспарай. У іншых краінах адбудуцца акцыі пад назвай «Дзень Годнасці». Акцыі пройдуць у 27 гарадах Еўропы і ЗША. Паглядзець дзе што адбываецца можна тут: https://dze.chat.