• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Санкцыі супраць рэжыму, акцыі салідарнасці і заявы палітыкаў: як свет падтрымліваў беларусаў 9 жніўня?

    11 жніўня, 2021

    У гадавіну пачатку барацьбы беларусаў за свабоду ЗША, Вялікабрытанія і Канада ўвялі новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

    У афіцыйнай заяве па санкцыях, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн адзначыў, што «дэструктыўная дзейнасць беларускага рэжыму і даўнія злоўжыванні ўладай, накіраваныя на прыгнечанне дэмакратыі і ажыццяўлення правоў чалавека і асноўных свабодаў у Беларусі, уключаючы незаконную і рэпрэсіўную дзейнасць, звязаную з 9 жніўня 2020 года, сфальсіфікаваныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі і іх наступствы, такія як ліквідацыя палітычнай апазіцыі і арганізацый грамадзянскай супольнасці і пагроза міжнародным грамадзянскім авіяпералётам – прадстаўляюць сабой незвычайную і надзвычайную пагрозу нацыянальнай бяспецы і знешняй палітыцы Злучаных Штатаў».

    Абвяшчаючы новы пакет гандлёвых, фінансавых і авіяцыйных санкцый, міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дамінік Рааб падкрэсліў: «Рэжым Лукашэнкі працягвае разбураць дэмакратыю і парушаць правы чалавека ў Беларусі. Гэтыя санкцыі дэманструюць, што Вялікабрытанія не прыме дзеянняў Лукашэнкі пасля сфальсіфікаваных выбараў. Прадукцыя дзяржаўнай прамысловасці Лукашэнка не будзе прадавацца ў Вялікабрытаніі, і нашы аэракасмічныя кампаніі не будуць займацца яго паркам раскошных самалётаў».

    Міністр замежных спраў Канады Марк Гарно заявіў, што «Канада разам з міжнароднымі партнёрамі аказвае ціск на тых, хто нясе адказнасць за парушэнні правоў чалавека, якія працягваюцца [у Беларусі]. Абвешчаныя сёння меры паказваюць, што Канада не будзе мякчэць ў барацьбе з беспакаранасцю злачынцаў».

    • У гэты дзень падтрымку беларускаму народу, які ўжо год змагаецца за свабоду ў сваёй краіне, выказалі сусветныя палітыкі.

    Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў твітары: «Прайшоў год з таго часу, як беларускі народ паўстаў за сваю свабоду. Беларускі рэжым адказаў гвалтам і рэпрэсіямі. Тысячы людзей былі затрыманыя, зведалі катаванні або вымушаныя з'ехаць. Але свабода непераможная. Мінулае не вернецца. Беларусь будзе вольнай! Жыве Беларусь!».

    Прэзідэнтка Славакіі Зузана Чапутава ў твітары: «Год таму многія людзі ў Беларусі аддалі перавагу дэмакратыі і свабодўе замест карупцыі і аўтарытарызму. Сёння я думаю пра ўсіх тых, каго пераследуюць за простае патрабаванне захавання сваіх канстытуцыйных правоў».

    Прэм'ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі ў твітары: «Сёння прайшоў год з моманту фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Беларускае грамадства пазбавілася шанцу на свабоду і дэмакратыю. Аднак беларусы паказалі, што барацьба за гэтыя каштоўнасці працягваецца. Давайце памятаць пра гэта і падтрымліваць іх у імкненні да свабоды».

    Прэм'ер-міністарка Эстоніі Кая Калас у твітары: «Дарагія жыхары Беларусі! Эстонія салідарная з вамі і захапляецца вашым міралюбствам. Праз год пасля фальсіфікаваных жнівеньскіх выбараў у Беларусі мы ўспамінаем усіх ахвяр, якія пацярпелі ад рэжыму ў Менску».

    Прэзідэнт Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль ў твітары: «Еўрапейскі саюз рашуча падтрымлівае беларусаў і працягне гэтую падтрымку. Законныя заклікі да дэмакратычнай будучыні і павагі да асноўных свабод і правоў чалавека, нарэшце, павінны быць пачутыя».

    Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазеп Барэль у твітары: «9 жніўня мінулага года беларусы пайшлі на выбарчыя ўчасткі, каб прагаласаваць за дэмакратыю. З тых часоў яны адстойваюць гэтыя каштоўнасці, нягледзячы на   жорсткія рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі. Голас народа Беларусі не заглушыць!».

    Спікерка Сейма Літвы Вікторыя Чмілітэ-Нільсан у твітары: «Год таму беларускі народ быў пазбаўлены права на сумленныя і дэмакратычныя выбары. Сотні тысяч людзей пратэставалі супраць самаабвешчанага пераможцы сфальсіфікаваных выбараў. І сёння, і кожны дзень мы падтрымліваем Беларусь. І я цвёрда веру, што беларусы даб'юцца дэмакратыі і свабоды».

    Міністр замежных спраў Германіі Хайка Маас заявіў: «Германія і Еўрапейскі Саюз падтрымліваюць людзей у Беларусі, якія змагаюцца за павагу асноўных дэмакратычных каштоўнасцяў і правоў чалавека. Мы не дазволім прымусіць іх замоўкнуць. Таму ў дадатак да палітычнай падтрымкі мы аказалі практычную дапамогу ў межах нашага «Плана дзеянняў для грамадзянскай супольнасці ў Беларусі» для падтрымкі людзей, якія зведваюць палітычны пераслед».

    Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен у твітары: «Год таму ў гэты дзень беларускі народ пайшоў на выбарчыя ўчасткі, каб яго голас быў пачуты. Замест гэтага рэжым адказаў жорсткімі рэпрэсіямі. Сёння мы заклікаем рэжым Лукашэнкі да адказу з дапамогай новых інструментаў і самога жорсткага пакета санкцый на сённяшні дзень».

    Міністарка замежных спраў Швецыі Ан Ліндэ ў твітары: «Сёння [8 жніўня], напярэдадні гадавіны сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў, мы салідарныя з беларускім народам і падтрымліваем яго права выбіраць сваіх лідараў. Нам неабходна абараняць дэмакратыю, правы чалавека і вяршэнства закона ў Беларусі».

    Міністр замежных спраў Даніі Епэ Кофад у твітары: «Сёння спаўняецца адзін год з дня скрадзеных выбараў у Беларусі. Данія непахісна падтрымлівае заклік самога беларускага народа да свабоды, дэмакратыі і вяршэнства закона. Іх законныя правы павінны выконвацца».

    Міністр Ірландыі па справах Еўропы Томас Бірн у твітары: «Год таму народ Беларусі адназначна выказаўся за дэмакратыю. Ірландыя і нашы партнёры па ЕС працягваюць падвойваць сумесныя намаганні па ўвядзенні санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і падтрымцы народа Беларусі ў барацьбе за сумленны і справядлівы лёс».

    Міністр замежных спраў Ісландыі Гудлёйгур Тор Тардарсан у твітары: «Год таму жыхарам Беларусі было адмоўлена ў свабодных і справядлівых выбарах. Іх мірны супраціў рэпрэсіям і парушэнням правоў чалавека неверагодны. Ісландыя працягвае актыўна выступаць за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі».

    Міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс у твітары: «Год таму беларусаў пазбавілі свабодных і справядлівых прэзідэнцкіх выбараў. Іх воля была праігнараваная, а надзеі разбітыя рэжымам Лукашэнкі. Сёння мы падтрымліваем беларусаў у іх імкненні да суверэннай, свабоднай і дэмакратычнай Беларусі і ўпэўненыя, што іх мара ажыццявіцца».

    Міністр замежных спраў Славакіі Іван Корчак у твітары: «У гэты дзень мы памятаем пра ўгодкі сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Славакія працягне аказваць дапамогу і падтрымку пераследаваным грамадзянам Беларусі на іх шляху да свабоды. Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна скончыць пераслед сваіх грамадзян».

    Міністр замежных спраў Францыі Жан-Іў Ле Дрыян у твітары: «Праз год пасля выбараў 9 жніўня 2020 года Францыя цалкам мабілізаваная разам з беларускім народам, каб скончыць рэпрэсіі і пачаць інклюзіўны палітычны дыялог. Еўрапейскі Саюз адзіны ў гэтым патрабаванні».

    Міністр замежных спраў Чэхіі Якуб Кулганек у твітары: «Сёння спаўняецца год з тых часоў, як Лукашэнка скраў выбары ў Беларусі. Мы падтрымліваем народ Беларусі, у якога адабралі права выбіраць сваіх лідараў. Лукашэнка павінен перастаць баяцца свайго народа, вызваліць усіх палітвязняў і скончыць рэпрэсіі».

    Міністэрства замежных спраў Аўстрыі ў твітары: «Аўстрыя і надалей будзе салідарная з усімі, хто змагаецца за дэмакратычныя прынцыпы і правы чалавека ў Беларусі. Сёння нашы думкі – з палітычнымі вязнямі, актывістамі, журналістамі, студэнтамі і ўсімі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, якія зведалі рэпрэсіі. Разам мы будзем імкнуцца да свабоды, дэмакратыі і росквіту».

    Міністэрства замежных спраў Іспаніі ў твітары: «Іспанія салідарная з народам Беларусі. Мы падтрымліваем заяву Жазепа Барэля, Вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі ЕС».

    Міністэрства замежных спраў Нарвегіі ў твітары: «Сёння спаўняецца год з дня сфальсіфікаваных выбараў у Беларусі. Мірныя пратэсты сутыкнуліся з беспрэцэдэнтным для сучаснай Еўропы прыгнётам. Мы захапляемся адвагай і вытрымкай дэмакратычных сіл. На гэтым тыдні ў Осла мы абмяркуем са Святланай Ціханоўскай будучыню Беларусі».

    Міністэрства замежных спраў Польшчы на афіцыйным сайце: «Польшча працягне падтрымліваць беларускае грамадства і намаганні па пошуку мірнага шляху выхаду з крызісу. Мы таксама будзем паслядоўна падтрымліваць суверэнітэт і стабільнасць Беларусі і ўсіх тых, каго пераследуюць і пагражаюць рэпрэсіямі».

    Міністэрства замежных спраў Славеніі ў твітары: «У гадавіну сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі Славенія шкадуе аб тым, што дэмакратычныя памкненні народа Беларусі пастаянна ігнаруюцца і душацца рэжымам».

    Мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі ў твітары: «Год таму ў Беларусі былі сфальсіфікаваныя прэзідэнцкія выбары. Але падман рэжыму не спыніў свабодных беларусаў ад іх імкнення да ўласнай вольнай і дэмакратычнай дзяржавы. Успомнім пра іх. Будзем салідарныя. Жыве Беларусь!».

    Мэр Рыгі Марціньш Стакіс у інстаграме: «І сёння, і кожны дзень мы кажам: беларусы заслугоўваюць дэмакратыі, павагі да правоў чалавека і свабоды!».

    Былы міністр міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус у твітары: «Год таму народ Беларусі паўстаў супраць тэрору, вырашыў узяць лёс краіны ў свае рукі. Беларусы могуць ганарыцца тым, што сталі прыкладам мужнасці для ўсяго свету. На жаль, сусветнай супольнасці няма чым ганарыцца, таму што рэжым у агоніі працягвае разбураць лёсы людзей».

    Былы міністр замежных спраў Чэхіі Томаш Петржычак у твітары: «Год таму ў Беларусі адбыліся сур'ёзныя змены, хоць свабода і справядлівасць яшчэ не дасягнуты. Маніпуляцыя выбарамі з боку Лукашэнкі дала магутны імпульс, які працягваецца і да сёння. І рэжым знаходзіцца ў страху, пра што сведчаць рэпрэсіі супраць апазіцыі, акадэмічнай супольнасці, студэнтаў, мастакоў, а зараз і спартоўцаў».

    Мноства іншых палітыкаў, дыпламатаў і парламентарыяў выказалі падтрымку беларусам у гэты дзень. Далучыліся да іх і праваабарончыя арганізацыі, палітычныя эксперты.

    • Акцыі салідарнасці з беларусамі прайшлі ў больш чым 35 гарадах свету.

    Беларускія дыяспары і сябры Беларусі правялі мерапрыемствы ў Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША, Ізраілі, Швейцарыі, Германіі, Швецыі, Польшчы, Латвіі, Нідэрландах, Аўстрыі, Эстоніі, Фінляндыі, Даніі, Украіне, Бельгіі, Італіі, Чэхіі, Літве, Славеніі, Іспаніі. Бела-чырвона-белыя нацыянальныя сцягі паднялі над будынкамі Рыгі, Львова, Варшавы і Уроцлава.


    Акцыя ў Празе. Фота:
    Tony Danilov

    Акцыя салідарнасці з палітзняволенымі ў Таліне. Фота: Дыяна Алясюк

    Сцяг на ратушы Львова
    • Не засталіся ў баку і міжнародныя СМІ.

    Італьянскае выданне la Repubblica да гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Беларусі апублікавала інтэрв'ю з лідаркай дэмакратычных сіл Святланай Ціханоўскай.

    У гэты панядзелак найбуйнейшая брытанская газета The Guardian таксама апублікавала інтэрв'ю са Святланай Ціханоўскай.

    У гадавіну пачатку барацьбы беларусаў за свабоду ў краіне польскае СМІ Gazeta Wyborcza разам з рэдакцыямі іншых еўрапейскіх выданняў апублікавала пасланне Святланы Ціханоўскай.

    У нумары дацкага выдання Politiken, апублікаваным 8 жніўня, на галоўнай старонцы размешчаны ліст Святланы Ціханоўскай: «Калі вы адчуваеце страх у сваіх грудзях, вы таксама набіраецеся смеласці даць адпор свайму крыўдзіцелю».

    Брытанскае медыя Mail+ таксама апублікавала 9 жніўня пасланне Святланы Ціханоўскай.

    Апошнія навіны