Святлана Ціханоўская правяла тэлефанаванне з актывістамі «Рабочага руху». Яны распавялі пра сітуацыі ў розных арганізацыях:
- Гомсельмаш
«Людзі незадаволеныя становішчам: у цэхах спякота, у адпачынак не пускаюць, не звальняюць па пагадненні бакоў. Правялі «аптымізацыю»: скарачаюць кіраўніцтва, а аб'ём працы – не (раней было 3 начальнікі цэха, цяпер толькі 1). Пры гэтым аклад застаецца аднолькавы па-за залежнасці ад выпрацоўкі завода. У наступным годзе ў прадпрыемства ў планах сабраць 3000 машын, з якіх 700 павінны паставіць у Казахстан. Аднак на такія абароты людзей папросту не хапае».
- ГроднаАзот
«Начальства заплюшчвае вочы на зношанае абсталяванне. На мінулым тыдні ўтварыўся сур'ёзны пропуск на лініі газападобнага аміяку ў цэху карбамід-2 і кіраўніцтва спрабуе датрываць да рамонту ў верасні, на ўсю акругу адчуваўся едкі пах аміяку. Гэтак жа ад аварыйных спыненняў вытворчасцяў горад труцілі таксічным вокісам азоту «лісіны хвост». Аднак гэтыя інцыдэнты спрабуюць замяць».
- Нафтан
«Прайшла аперацыя сілавых структур па арышце актывістаў. Людзей затрымліваюць і пагражаюць тэрмінамі. Іх мэта – не пускаць людзей у палітычную дзейнасць. Кіраўніцтва завода працягвае ціснуць на супрацоўнікаў і не працягваць кантракты тым, у каго «няправільная» грамадзянская пазіцыя. Нафта пакуль паступае на прадпрыемства».
Таксама ўдзельнікі Руху распавялі, як яны адсочваюць абыходы санкцый: напрыклад, у філіял «Завод Хімвалакно» на электронную пошту ад расійскай кампаніі «Спецтэхнатканіна» прыйшоў адказ на такую прапанову – яны гатовыя да супрацоўніцтва, але за транспарціроўку тавару хочуць атрымліваць сабе 15% ад прыбытку.
Прадстаўнікі Беларускай чыгункі расказалі пра схемы нелегальных паставак з Украіны ў Беларусь: «Расійскія цыстэрны з газам і нафтапрадуктамі прыязджаюць у Беларусь у замежныя унітарныя прадпрыемствы, зарэгістраваныя на тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны (напрыклад, «ЧЕСС-Бел »). Там груз перавальваецца ў беларускія цыстэрны, перарабляюцца таварныя накладныя і астатнія перавозачныя дакументы. Далей бензін адпраўляецца ў Еўропу пад выглядам растваральнікаў, газ – ва Украіну».
Пры гэтым актыў працоўных працягвае сваю справу, колькасць людзей, якія далучыліся да «Рабочага руху», расце. Ужо цяпер у яго ўваходзяць прадстаўнікі прыватнага бізнесу, транспарту, БЧ, тытунёвай індустрыі, МУС і медустаноў і многія іншыя.