Ваша яснавяльможнасць Мелінда Сіманс,
Паважаныя госці,
Для мяне вялікі гонар быць першай, хто чытае гэтую Штогадовую лекцыю аб стане дэмакратыі ў свеце. Я сардэчна дзякую WFD і CEDAR за прадстаўленую магчымасць.
Я думаю, гэтае ўсеагульнае адчуванне, што дэмакратыя ва ўсім свеце знаходзіцца ў небяспецы.
Сумна ўсведамляць, што толькі 20% насельніцтва Зямлі жыве ў краінах, якія па версіі Freedom House лічацца вольнымі.
У апошні час дэмакратыя не проста знаходзіцца ў заняпадзе. Яна падвяргаецца нападу.
Адна з самых лютых атак на дэмакратыю вядзецца ў Беларусі рэжымам Лукашэнкі ўжо тры гады.
Гэта атака, падтрыманая Расіяй, прывяла да ваеннай прысутнасці Расіі ў Беларусі. Гэта зрабіла магчымым поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну, у якім Лукашэнка з'яўляецца памагатым Пуціна.
Я перакананая, што Захад мог бы прадухіліць гэтую крывавую вайну, калі б своечасова і больш жорстка адрэагаваў на тое, што Лукашэнка рабіў з беларусамі ў 2020 годзе.
Калі б наша мірная рэвалюцыя перамагла тады, то вайна, магчыма, ніколі б не пачалася.
Як я часта кажу, тыранія – гэта рак. Калі з ім не змагацца, ён распаўсюджваецца на ўвесь рэгіён. Менавіта гэта і адбылося ў сітуацыі з Беларуссю.
Сябры так званага «Клуба дыктатараў» вучацца адзін у аднаго і падтрымліваюць адзін аднаго. Лукашэнкаўскія СМІ, як і пуцінскія, радаваліся пасля нападу тэрарыстаў ХАМАС на Ізраіль. Прапаганда пісала, што гэтая атака – «перамога Мінска і Масквы».
Тыраны сеюць нянавісць да дэмакратычнага свету сярод насельніцтва сваіх краін.
Пасля 11 верасня ў ЗША пыталіся: чаму яны нас ненавідзяць?
Ды таму, што існаванне заходніх дэмакратыяў паказвае людзям усяго свету, што іншы свет магчымы.
Дэмакратыя больш прывабная і больш эфектыўная, чым тыранія. Яна больш паспяховая эканамічна. Жыць у дэмакратычнай дзяржаве – значыць жыць у бяспецы, міры і дабрабыце.
Менавіта таму людзей з усяго свету так прываблівае лад жыцця ў заходніх дэмакратычных грамадствах. Яны таксама хочуць атрымаць сваю частку дабрабыту і міру. Яны не раўняюцца на аўтарытарныя краіны. Але, на жаль, не ўсім з іх удаецца пабудаваць дэмакратыю ў сябе дома.
Жыць у дэмакратычным грамадстве – значыць жыць у XXI стагоддзі. Жыць у дыктатуры – значыць жыць у часы «халоднай вайны», а ў некаторых выпадках і ў сярэднявеччы.
Беларусы выбралі дэмакратыю ў 2020 годзе. І з таго часу не змянілі свайго меркавання. Яны жадаюць жыць у незалежнай, вольнай, сучаснай краіне, а не ў таталітарнай сістэме.
Але ім няпроста заставацца вернымі свайму выбару ў краіне, што кантралюецца жорсткім рэжымам, які мае падтрымку Крамля.
Што ж уяўляе сабой жыццё ва ўмовах дыктатуры? Лепш за ўсё яе апісаў брытанскі пісьменнік Джордж Оруэл. Гэта свет, перавернуты з ног на галаву. Свет, у якім «Вайна – гэта мір. Рабства – гэта свабода. Няведанне – сіла». Хлусня – гэта праўда, і гэтак далей.
Дыктатура – гэта свет фальшы. Хлусня прыцягвае чалавечы розум, таму што яна значна больш інтрыгуе, чым простая праўда. Чым большая хлусня, тым больш ахвотна людзі ў яе вераць.
Тыранія – гэта не толькі нянавісць і фальшывыя навіны. Тыраны «рэжысіруюць» фальшывую дэмакратыю. Яны пазбаўляюць людзей права голасу і ператвараюць іх у пакорлівую працоўную сілу.
Фальшывая дэмакратыя пачынаецца з фальшывых выбараў. Выбары без рэальнай магчымасці выбару ператвараюцца ў пусты рытуал. Такія выбары праводзіліся ў Савецкім Саюзе – і ў Беларусі, пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі ў 1994 годзе.
Маніпуляцыі і ўжо гатовыя вынікі. Выкраданні і забойствы палітычных апанентаў. Масавыя затрыманні і збіццё. Усё гэта было ў лукашэнкаўскай Беларусі. Яшчэ да 2020 года практычна ўсе кандыдаты ў прэзідэнты, акрамя Лукашэнкі, пасля выбараў траплялі ў турму.
У 2020 годзе кампанія пачалася з затрымання кандыдатаў у прэзідэнты Віктара Бабарыкі і майго мужа Сяргея Ціханоўскага. Ім былі прад’яўлены ілжывыя абвінавачанні.
Я замяніла свайго мужа, бо не хацела яго падвесці. І я не хацела падвесці беларускі народ, які застаўся без альтэрнатыўных кандыдатаў. Хатняя гаспадыня з двума дзецьмі кінула выклік тырану.
Улады зарэгістравалі мяне. Лукашэнка не мог паверыць, што жанчына можа яго перамагчы. «У нас Канстытуцыя не пад жанчыну», – сказаў дыктатар. Ён памыляўся. Мне і маёй камандзе ўдалося ўзяць верх. І беларусы прагаласавалі за нас.
Натуральна, Лукашэнка зноў аб'явіў аб сваёй ліпавай перамозе, але на гэты раз яму ніхто не паверыў. Ён страціў сваю легітымнасць у вачах беларусаў. Сотні тысяч людзей выйшлі на вуліцы, каб абараніць свой выбар. Нават тэрор і масавыя рэпрэсіі не змаглі забіць у людзях імкненне да свабоды.
Дыктатура – гэта фальшывае правасуддзе. Беларускія суды сталі яшчэ адным інструментам палітычнай помсты. Кожны можа быць прыгавораны да некалькіх гадоў пазбаўлення волі як экстрэміст. За што? Проста за тое, што падзяліўся ў сацыяльных сетках пастом з крытыкай Лукашэнкі ці Расіі, ці паставіў пад ім лайк.
Вас арыштуюць, паб'юць, а потым будуць зневажаць на так званых пакаянных відэа. На іх мы бачым людзей пасля збіцця і катаванняў, якія абвінавачваюць сябе ў злачынствах, якіх яны не здзяйснялі. Як у сталінскія часы. Або як у кнігах Оруэла.
Аляксея, IT-спецыяліста, арыштавалі за каментар у інтэрнэце. За ім прыехалі ў офіс, надзелі кайданкі і сталі збіваць у міліцэйскай машыне. У аддзяленні яму парвалі вуха і прымусілі піць з унітаза. Адсядзеўшы паўтара года ў лукашэнкаўскай турме, ён змог пакінуць краіну.
Гэта толькі адзін з тыповых прыкладаў палітычнага пераследу ў Беларусі. З 2020 года праз досвед зняволення прайшло больш за 50 000 чалавек.
Звычайна мы думаем, што такія рэчы адбываюцца рэгулярна толькі ў Іране ці Паўночнай Карэі. Не, яны адбываюцца кожны дзень у Еўропе, у Беларусі.
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі стала катастрофай. Такія затрыманні, пра якія я толькі што расказала, працягваюцца кожны дзень. У жніўні штодзень затрымлівалася каля 20 чалавек.
У краіне не менш за 1500 палітвязняў, рэальная лічба, імаверна, значна вышэйшая. Па меншай меры, да 5000. Яны ўтрымліваюцца ў жорсткіх умовах, многія з іх – у адзіночных камерах, некаторыя – без сувязі са знешнім светам.
Я не маю звестак пра свайго мужа Сяргея Ціханоўскага з сакавіка. Я нават не ведаю, ці жывы ён. Некалькі месяцаў таму мне даслалі паведамленне, што ён памёр.
Загінулі як мінімум трое палітвязняў – Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч і Алесь Пушкін. Ашурак быў збіты да смерці, Клімавічу і Пушкіну было адмоўлена ў медыцынскай дапамозе. Алесь Пушкін, адзін з найлепшых мастакоў Беларусі, ужо не зможа дакончыць сваю апошнюю карціну, над якой ён працаваў доўгія гады. Гэта карціна пра гісторыю барацьбы беларусаў за свабоду.
Цяпер з гэтай жа прычыны пад пагрозай знаходзяцца жыцці сотняў палітвязняў. У тым ліку жыццё маёй сяброўкі Марыі Калеснікавай, Віктара Бабарыкі, Ксеніі Луцкіной і многіх іншых.
Перадаўшы мне фальшывую навіну аб смерці майго мужа, лукашэнкаўскія памагатыя спрабавалі зламаць мяне. Але ведаеце, не зламалі і не зламаюць. Таксама, як яны не могуць зламаць волю нашых палітвязняў.
Узяць напрыклад Паліну Панасюк, маці дваіх дзяцей. Яна адмовілася ад беларускага грамадзянства на знак пратэсту супраць катаванняў. У мінулым годзе яна правяла больш за 200 дзён у ізаляцыі, у карцары. Яе збівалі, зламалі рэбры. Ёй адмаўляюць у лячэнні і леках ад захворвання печані. Яны літаральна забіваюць яе. Пры росце 170 см Паліна зараз важыць усяго 47 кілаграмаў. Цяпер Паліну прыгаварылі да новага тэрміну зняволення ўжо ў трэці раз запар. Але ні катаванні, ні турэмнае зняволенне, ні спробы змясціць яе ў псіхіятрычную клініку не зламалі яе.
Дыктатура – гэта фальшывы гуманізм. З 2020 года Лукашэнка пачаў прывозіць у Беларусь імігрантаў з Блізкага Усходу і Афрыкі. З іх дапамогай ён арганізоўвае гібрыдную атаку на Еўрасаюз. Такім чынам ён шантажыруе нашыя суседнія краіны – Польшчу, Літву, Латвію.
Гэта зрэжысіраваная гуманітарная катастрофа, з якой дыктатар спадзяецца атрымаць выгаду. Вы думаеце, ён клапоціцца аб жыцці бежанцаў? Усё, што яго хвалюе, – гэта яго асабістая ўлада.
Калі ён нелегальна вывозіць украінскіх сіротаў з акупаваных тэрыторыяў у Беларусь – гэта фальшывы гуманізм. Там яго прапагандысты прамываюць ім мазгі і вучаць іх ненавідзець Украіну, сваю радзіму.
Лукашэнка паводзіць сябе так, нібыта ён не ўдзельнічае ў вайне. Як быццам не ён дапамагаў знішчаць дамы гэтых дзяцей расійскімі ракетамі, выпушчанымі з Беларусі ў мінулым годзе. Як быццам ён не ведае, што масава перамяшчаць грамадзянаў іншай дзяржавы, у дадзеным выпадку Украіны, – гэта ваеннае злачынства.
Дыктатура – гэта фальшывы патрыятызм. Дыктатар прывозіць у Беларусь расійскую ядзерную зброю, кажучы, што яна «для нашай абароны». Ад каго? Не, гэта інструмент для шантажу суседніх краін і замацавання расійскага кантролю над Беларуссю на гады наперад.
Лукашэнку, як фальшываму патрыёту, патрэбныя толькі тыя беларусы, якіх ён можа кантраляваць. Тыя ж, хто пакінуў краіну, ратуючыся ад рэпрэсій, аказваюцца без грамадзянства ў выніку ягонага нядаўняга рашэння: не працягваць нацыянальныя пашпарты беларусам у выгнанні. Ён проста хоча ад іх пазбавіцца і адпомсціць усім, хто асмеліўся выступіць супраць яго.
Нарэшце, дыктатура – гэта прапаганда і фальшывыя навіны. У Беларусі гэта антызаходняе і антыўкраінскае прамыванне мазгоў і распальванне нянавісці. Гэта бясконца адбываецца ў СМІ, але не толькі ў іх. Гэта пачынаецца ўжо ў школах.
У беларускія школы запрашаюць выкладаць вагнераўскіх наймітаў, забойцаў, якіх Лукашэнка прывёз у Беларусь пасля прыгожынскага перавароту. У тых жа школах забараняюць беларускіх пісьменнікаў-класікаў, таму што яны пісалі – і змагаліся – супраць расійскага імперыялізму.
Аднак нават такая маштабная прапаганда мае свае межы. Рэжыму не ўдалося пераканаць беларусаў далучыцца да Расіі ў вайне супраць украінцаў. Гэта дае мне надзею на тое, што пасля столькіх гадоў дыктатуры людзі выпрацавалі ўстойлівасць да хлусні і навучыліся шукаць праўду.
Што ж значыць жыць ва ўмовах дыктатуры? Гэта значыць адчуваць страх. Вы баіцеся зайсці на антыўрадавыя інтэрнэт-старонкі. Ці чытаць СМІ, абвешчаныя «экстрэмісцкімі». Нават калі пішаш родным, карыстаешся шыфраванымі мэсанджарамі, каб пазбегнуць магчымай сустрэчы з КДБ.
Вы баіцеся захоўваць у тэлефоне свае старыя фатаграфіі: яны могуць быць скарыстаны як доказ таго, што тры гады таму вы ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту. Вы баіцеся размаўляць па-беларуску на вуліцы, таму што гэта ператварае вас у патэнцыйнага ворага рэжыму.
Вы ведаеце, што калі па вас прыйдуць, то вы не выйдзеце з турмы яшчэ некалькі месяцаў, а магчыма, і гадоў, таму што незалежнага правасуддзя не існуе. Проста няма магчымасці даказаць, што вы невінаватыя. Замест прэзумпцыі невінаватасці дзейнічае прэзумпцыя вінаватасці.
Улічваючы ўсе гэтыя суровыя і цяжкія ўмовы, я часам чую, што Беларусь – гэта прайграная справа. Але гэта не так. Запэўніваю вас: Беларусь можа стаць гісторыяй поспеху.
Чаму я так аптымістычна настроена? Бо я ведаю беларускі народ. Нядаўна мне патэлефанавала пенсіянерка з Мінска. Яна расказала, што рэгулярна збіраецца са сваімі сяброўкамі, каб абмеркаваць палітыку і падтрымаць адзін аднаго. «А вы не баіцеся?» – Спытала я яе. «Мы проста стаміліся баяцца», – адказала яна. «Нас зашмат. Яны ж не могуць арыштаваць усіх».
Такія людзі, як гэтая жанчына, даюць мне сілы працягваць маю палітычную дзейнасць. Акрамя таго, думкі пра мужа не пакідаюць мне іншага выбару, акрамя як працягваць барацьбу.
Ведаеце, мой сын з нараджэння меў слабы слых. Я шмат гадоў спрабавала яго рэабілітаваць. Я не ведала, ці рэабілітацыя будзе паспяховай, я проста рабіла тое, што павінна была рабіць.
Барацьба за дэмакратыю можа быць доўгай і цяжкай, без гарантаванага выніку. Але мы мусім заставацца вернымі гэтай мары і быць гатовымі аддаць ёй сябе цалкам.
Беларусы стаміліся жыць ва ўмовах дыктатуры амаль 30 гадоў. І хаця такіх прыгожых мітынгаў, як тры гады таму, ужо не ўбачыш, супраціў працягваецца, ён сышоў у падполле. Ён не «спіць». Грамадства рыхтуецца да новага шанцу.
Толькі летась у Беларусі было зафіксавана не менш як 375 акцый мірнага пратэсту. Нядаўна беларускія рэйкавыя партызаны падарвалі ўчастак чыгуначнай каляіны, якая выкарыстоўваецца расійскімі вайскоўцамі.
На дадзены момант тысячы беларускіх добраахвотнікаў змагаюцца за Украіну ў складзе ўкраінскіх узброеных сілаў. Як і тысячы беларусаў, якія ваявалі ў складзе войска Андэрса падчас Другой сусветнай вайны. Змагаючыся за Вялікабрытанію, яны змагаліся за Беларусь.
Сёння, абараняючы Украіну, беларусы таксама змагаюцца за свабоду Беларусі. Лёсы нашых краін узаемазвязаныя.
Бо Пуцін не бачыць ні Беларусь, ні Украіну незалежнымі дзяржавамі. Ён хоча, каб нашыя краіны былі паднявольнымі калоніямі, без дэмакратычных інстытутаў, без нацыянальнай ідэнтычнасці.
А без Беларусі і Украіны спробы Пуціна аднавіць імперыю асуджаныя на правал.
Вашы яснавяльможнасці,
Я не сумняваюся, што Украіна пераможа ў гэтай вайне. І Беларусь таксама будзе вольнай.
Аднак мы не можам перамагчы ў гэтай барацьбе ў адзіночку. Нам патрэбныя моцныя саюзнікі і сябры, гатовыя да смелых крокаў і рашэнняў.
І я веру, што такія людзі ёсць у гэтай зале.
Я не прашу вас змагацца замест нас. Змены ў Беларусі – гэта задача саміх беларусаў. Але я прашу вас устаць на бок Беларусі ў такі пераломны момант гісторыі, калі само існаванне нашай краіны знаходзіцца пад пагрозай.
Я хачу, каб Беларусь была ў ліку прыярытэтаў брытанскага парламента, цяперашняга і будучага ўрада Вялікабрытаніі.
Я прашу вас дамагацца ад вашага ўраду моцных і рашучых крокаў у супрацьстаянні тыраніі Пуціна і Лукашэнкі. Слоў асуджэння недастаткова.
Запатрабуйце неадкладнага вываду расійскіх войскаў і зброі з Беларусі.
Увядзіце санкцыі супраць Расіі за падрыў суверэнітэту Беларусі. Цяперашнія санкцыі не працуюць у поўнай меры з-за наяўных шчылін. І Вялікабрытанія магла б паказаць прыклад таго, як трэба змагацца з абыходам санкцый.
Далучайцеся да міжнароднай кааліцыі ў падтрымку незалежнай і суверэннай Беларусі. Нельга дапусціць, каб Беларусь стала суцяшальным прызам для Пуціна.
Адначасова з узмацненнем санкцый супраць рэжыму неабходна павялічыць дапамогу дэмакратычным сілам. Грамадзянскай супольнасці. Незалежным СМІ. Праваабаронцам. У нас ёсць рэсурсы, каб выстаяць, але нам патрэбныя рэсурсы, каб перамагчы.
Дапамажыце нам аднавіць справядлівасць. Патрабуйце трыбунала не толькі над Пуціным, але і над Лукашэнкам. Неабходна выдаць ордэр на яго арышт. У яго доўгі паслужны спіс злачынстваў: злачынствы супраць чалавечнасці, штучна арганізаваны міграцыйны крызіс і, нарэшце, дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей.
Парламентарыі могуць далучыцца да Міжпартыйнай парламенцкай групы па Беларусі. Я хацела б прывітаць тут нашага сябра сэра Тоні Лойда, старшыню групы, і падзякаваць яму за пастаянную падтрымку Беларусі.
Шмат хто з палітвязняў ужо адбыў свой тэрмін. Цяпер яны маюць патрэбу ў рэлакацыі і рэабілітацыі, і я разлічваю на вашую падтрымку ў гэтым пытанні.
Станавіцеся хроснымі бацькамі для палітвязняў, як Борыс Джонсан, які ўчора ўзяў пад апеку майго мужа.
У Вялікабрытаніі ёсць беларусы ў выгнанні. Нядаўна рэжым пазбавіў іх пашпартоў.
Мы плануем пачаць выдачу нашага альтэрнатыўнага беларускага пашпарту, як гэта рабілі краіны Балтыі падчас савецкай акупацыі. Гэта дазволіць беларусам падарожнічаць і не страчваць сувязь з радзімай. І я спадзяюся, што Вялікабрытанія адной з першых падтрымае гэтую ініцыятыву.
І нарэшце – дапамажыце Украіне перамагчы ў гэтай вайне. Перамога Украіны будзе канчатковай паразай Пуціна і Лукашэнкі. Дэмакратычная Беларусь стане каласальным ударам па расійскім імперыялізме.
Дарагія сябры,
Барацьба за свабодную Беларусь – гэта частка глабальнай барацьбы за дэмакратыю. Дыктатары аб'ядноўваюцца, і дэмакратыі таксама павінны аб'ядноўвацца. Я цвёрда веру, што выклікі, з якімі мы сутыкаемся сёння, зробяць нас толькі мацнейшымі.
Мы жывем у пераломны момант гісторыі. «Калі вам патрэбен вобраз будучыні, уявіце сабе бот, які топча твар чалавека – вечна», – пісаў Оруэл. Гэта менавіта тое прароцтва, спраўджання якога мы не павінны дапусціць.
Сама дэмакратыя – гэта не бот ні на чыім твары. Мы не жадаем навязваць свой лад жыцця іншым. Мы адчыняем дзверы для людзей усяго свету, запрашаючы іх жыць у XXI стагоддзі.
Менавіта гэтага жадаюць беларусы. І ніякая дыктатура, ніякая акупацыя, ніякі тэрор не змогуць перашкодзіць нам здзейсніць нашу мару – стаць па-сапраўднаму дэмакратычнай еўрапейскай краінай.
Я вельмі спадзяюся, што з дапамогай адной з найстарэйшых еўрапейскіх дэмакратыяў – Вялікабрытаніі – мы гэтага даможамся.
Вялікі дзякуй. Жыве Беларусь!