Святлана Ціханоўская: «Рэзалюцыя, прынятая сёння дэпутатамі Еўрапарламента, накіраваная на падтрымку беларусаў, якія ўжо больш за год змагаюцца за мірнае вырашэнне палітычнага крызісу. Дэпутаты выказваюць падтрымку будучым рэформам і выступаюць за далейшую працу над планам макраэканамічнай дапамогі для новай Беларусі, які быў распрацаваны ЕС разам з маёй эканамічнай камандай. Мы бачым, што Еўрапарламент выступае за новыя сумленныя выбары ў Беларусі, за спыненне рэпрэсій і аднаўленне законнасці».
У прынятай рэзалюцыі дэпутаты:
- заяўляюць пра непрызнанне Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі;
- заклікаюць падтрымаць беларускія дэмакратычныя сілы ў правядзенні сумленных і свабодных выбараў пад наглядам БДІПЧ АБСЕ, пры ўдзеле незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці;
- асуджаюць палітычна матываваныя судовыя справы і несправядлівыя прысуды палітвязням, у тым ліку – Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку, асуджаюць рэпрэсіі супраць праваабарончага цэнтра «Вясна»;
- заклікаюць неадкладна падоўжыць абмежавальныя меры супраць рэжыму і ўвесці пяты пакет санкцый, усёабдымна расследаваць злачынствы рэжыму супраць беларусаў;
- прапануюць увесці абмежавальныя меры ў дачыненні да чорнай металургіі, вытворчасці або апрацоўкі дрэва, хімічнай прамысловасці, а таксама ўсе дзяржаўныя банкі і ключавыя кампаніі, напрыклад, «Беларуськалій» і «Белтэлекам»;
- заклікаюць аб'явіць супрацоўнікаў КДБ Беларусі персонамі нон-грата на тэрыторыі ЕС;
- прапануюць інстытутам ЕС даць справаздачу перад Еўрапарламентам па актывах атачэння Лукашэнкі;
- заклікаюць выпрацаваць агульны ўсебаковы падыход па беларускім пытанні і каардынаваць сваю працу з ЗША, партнёрамі па G7 і іншымі замежнымі партнёрамі, а таксама ўздымаць гэтае пытанне ў міжнародных арганізацыях – АБСЕ, ААН;
- кажуць пра неабходнасць запрасіць прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі да ўдзелу ў саміце Усходняга партнёрства;
- заклікаюць дзяржавы-чальцы МВФ каардынаваць дзеянні з міжнароднымі партнёрамі, абмежаваць выдзяленне сродкаў рэжыму ў Беларусі, замарозіць любое супрацоўніцтва з ім;
- заклікаюць ЕС спрасціць візавыя працэдуры для беларусаў, якія пакінулі Беларусь па палітычных прычынах, або ахвяр гвалту, якія маюць патрэбу ў медыцынскім абслугоўванні.