Святлана Ціханоўская: «Сёння я падводжу вынікі першага этапу падрыхтоўкі да перамоў і абвяшчаю другі этап працы. Менш чым за два тыдні мы сабралі больш за 760 000 галасоў за мірнае вырашэнне крызісу шляхам перамоў. Мы вярнулі сабе голас – і яго пачулі ўсе.
У ЗША і Германіі, Нарвегіі і Літве, Славеніі і Фінляндыі, Швецыі і Аўстрыі падтрымалі нас. Парламенцкая Асамблея АБСЕ, ЗША і ЕС выступілі з заявамі, што будуць дапамагаць нам у арганізацыі дыялогу. Міжнародныя партнёры кажуць нам, што патрабаванне перамоў паказвае сталасць беларусаў як нацыі – бо гэта гатоўнасць прызнаць крызіс і вырашыць яго негвалтоўным шляхам. Гэтым мы адрозніваемся ад рэжыму, які разбурыў усе кантакты і сувязі і забыўся ўсе мовы, апроч мовы гвалту.
Але ён таксама пачуў наш голас. Гэта заўважна па спробах адключаць інтэрнэт, блакаваць сайты, прыдумляць фэйкавыя рассылкі і нават тэракты. Але мы ўжо не спынімся – колькі б яшчэ перашкодаў і пустых абвінавачванняў нам ні прыдумалі.
Наш голас пачула і Расія. Перамовы не сыходзяць з абмеркаванняў у расійскіх СМІ і кулуарах. Макрон і Меркель размаўляюць з Пуціным пра беларускі дыялог. А значыць мы з вамі ўсё робім правільна.
Таму мы пачынаем другі этап падрыхтоўкі да перамоў. І наперадзе ў нас два напрамкі працы:
- Першы напрамак – гэта прымус да перамоў.
Мы ведаем, што рэжым добраахвотна на іх не пойдзе. Таму нашая задача – узмацняць знешні і ўнутраны націск і шукаць новыя формы пратэсту. За час галасавання балтыйскія краіны ўвялі свае новыя санкцыі, а Швейцарыя далучылася да трэцяга пакету санкцый ЕС.
Кожны з вас можа зрабіць унёсак у ціск на рэжым. Далучайцеся да працоўнага руху. Удзельнічайце ў вулічных акцыях. Здымайце з рахункаў беларускія рублі і абменьвайце іх на валюту. Падтрымлівайце сям'і палітвязняў. Дапамагайце праўдзівай інфармацыі даходзіць ва ўсе куткі краіны. Прыводзьце ў галасаванне на платформе «Голас» сваякоў і знаёмых, якія сумняваліся ці баяліся націснуць кнопку. Выбірайце і асвойвайце даступныя вам формы пратэсту.
- Другі напрамак працы – гэта падрыхтоўка і арганізацыя перамоў.
Нашая задача на бліжэйшыя тыдні – выпрацаваць адказ на два галоўныя пытанні:
Пытанне №1: Якой будзе пляцоўка і фармат перамоў?
Мая каманда мае зносіны з прадстаўнікамі міжнародных арганізацый, экспертных груп і ўрадаў. І з іх дапамогай мы знойдзем аптымальныя рашэнні, дзе, калі і як будзе адбывацца дыялог. Некалькі краін ужо прапануюць сябе ў ролі медыятараў, а найбольш верагоднай платформай выглядае АБСЕ. Разам з кіраўніком майго Кабінета прадстаўнікоў Валерам Кавалеўскім, дарадцамі Аляксандрам Дабравольскім і Франакам Вячоркам мы ўжо вядзем закрытыя кансультацыі па гэтых пытаннях.
Пытанне №2: Якімі будуць бакі перамоў?
Тут нашая задача – вызначыць бакі дыялогу і перамоўныя групы. Бо аснова эфектыўных перамоў – абраць правільных і дамоваздольных людзей, якія хочуць вывесці Беларусь з крызісу, як і мы. І мы ведаем, што такія людзі ёсць.
Вядома, мы не забываемся пра нашыя першапачатковыя патрабаванні: перамовы магчымыя толькі пры ўмове спынення гвалту і вызвалення палітвязняў. Гэта стане першым і галоўным сігналам да дыялогу. А да гэтага моманту кожны тыдзень мы будзем распавядаць вам пра прагрэс у нашай працы па падрыхтоўцы.
І пакуль мы набіраемся сіл для вулічных акцый, ваш голас у апытанні, у дыскусіях пра перамовы, у розных формах пратэсту – гэта найлепшы спосаб паказаць і ўраду, і адно аднаму, што мы, беларусы, гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за сваю будучыню. Памятайце, нам разам будаваць новую Беларусь, і ніхто не зробіць гэтага за нас».
Галасаванне па-ранейшаму працягваецца. Заклікайце родных і знаёмых прагаласаваць за мірнае вырашэнне крызісу на платформе «Голас»!
Прамая спасылка на галасаванне ў Telegram: https://t.me/golosby_bot
Прамая спасылка на галасаванне ў Viber: http://bit.ly/golos-vb