• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларускія дні ў Еўрапарламенце

    14 верасня, 2023

    12-13 верасня ў Еўрапейскім парламенце прайшоў шэраг беларускіх мерапрыемстваў, арганізаваных прэзідэнткай ЕП Рабертай Метсолай, дэлегацыяй па сувязях з Беларуссю пад кіраўніцтвам еўрадэпутата Юозаса Олекаса і Офісам Святланы Ціханоўскай.

    12 верасня адбыліся дэбаты па тэме вызвалення палітвязняў, еўрапейскага выбару для Беларусі і прыцягнення рэжыму да адказнасці. Еўрадэпутат Пятрас Аўштравічус прадставіў сваю справаздачу і праект рэзалюцыі. Еўрадэпутаты падкрэслілі важнасць падтрымкі дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці Беларусі ды небяспеку страты беларускай незалежнасці. Яны таксама адзначылі важнасць візавай падтрымкі для беларусаў унутры краіны і спрашчэння легалізацыі для беларусаў за мяжой на фоне апошняга дэкрэту Лукашэнкі.

    13 верасня, адразу пасля штогадовага звароту прэзідэнткі Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен, да Еўрапарламента звярнулася Святлана Ціханоўская. У сваім выступе яна заклікала падтрымаць еўрапейскі выбар для Беларусі, расказала гісторыі палітвязняў і паказала, як будзе выглядаць новы нацыянальны пашпарт. Больш за 500 еўрадэпутатаў віталі яе выступ авацыямі стоячы.

    Асобна Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнткай Еўрапарламента Рабертай Метсолай. Яны абмеркавалі фармалізацыю адносінаў паміж дэмакратычнай Беларуссю і Еўрапарламентам і магчымасць таго, што гэта будзе зроблена ў форме мемарандуму аб супрацы, як у выпадку з Вярхоўнай Радай Украіны. Ціханоўская і Метсола абмеркавалі таксама і адкрыццё беларускага інфармацыйнага стэнду і правядзенне сустрэчы беларускіх і замежных партыйных лідараў у будынку Еўрапарламента. Таксама гаварылі пра недапушчэнне змякчэння санкцыяў, асабліва на фоне хвалі рэпрэсіяў і пагаршэння ўмоваў у турмах.

    Ціханоўская паўдзельнічала ў слуханнях па Беларусі пяці асноўных парламенцкіх груп: Еўрапейскай народнай партыі, «Сацыялістаў і дэмакратаў», «Зялёных», «Еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў», а таксама лібералаў з групы Renew Europe.

    13 верасня адбылося галасаванне за рэзалюцыю Еўрапейскага парламента, распрацаваную Пятрасам Аўштравічусам. «За» прагаласавалі больш за 450 еўрадэпутатаў. Рэзалюцыя ўтрымлівае шэраг практычных рэкамендацый па падтрымцы дэмакратычнай Беларусі. Акрамя гэтага, рэзалюцыя прызнае ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны і заклікае да міжнароднага расследавання яго злачынстваў. Дакумент таксама заклікае прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі да ўдзелу ў паседжаннях Рады міністраў і праектах Усходняга партнёрства.

    13 верасня ў Еўрапарламенце адбылася Канферэнцыя Каліноўскага, на якой абмяркоўваліся дзве асноўныя тэмы – падтрымка і вызваленне палітвязняў і еўрапейскі выбар для Беларусі. Удзел у канферэнцыі ўзялі 20 еўрадэпутатаў, у тым ліку віцэ-прэзідэнтка Еўрапарламента Хайдзі Хаўтала, а таксама прадстаўнікі Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, палітычных партыяў, дыяспары, сферы культуры, медыяў, былыя палітвязні.

    Падчас канферэнцыі выступілі прадстаўніца Абʼяднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова, прадстаўнік па замежных справах Валер Кавалеўскі, дарадца Святланы Ціханоўскай па міжнародным супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька, актывістка і сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч, былы палітвязень Леанід Судаленка, рэдактарка «Хартыіʼ97» Наталля Радзіна, сацыёлаг Андрэй Вардамацкі, старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў ды іншыя.

    У галоўным будынку Еўрапарламента ў Страсбургу адкрылася выстава партрэтаў беларускіх палітвязняў з сотнямі малюнкаў беларускіх мастакоў. Выставу арганізавала дэлегацыя па сувязях з Беларуссю разам з групай «Сацыялістаў і дэмакратаў» у Еўрапарламенце.

    Апошнія навіны