«Добры дзень!
Я вельмі рада бачыць усіх. Ведаю, што ўсім вам давялося абмяжоўваць каманды і выбіраць прадстаўнікоў на гэтую канферэнцыю, і я вельмі цаню, што вы тут. Я дзякую ўсім, хто сёння тут афлайн і анлайн, і дзякую ўсім беларусам дыяспары – і спадзяюся вы перадасцё ім мае словы падзякі.
Ведаеце, нядаўна мне ў інстаграме – а наколькі магу, я імкнуся адказваць на паведамленні – напісала дзяўчына, якая прама цяпер знаходзіцца на хатняй хіміі. Яна павінна сядзець дома, у любы момант яе можа правяраць міліцыя, пры трох любых папярэджаннях яе адправяць у турму. Але яна пісала мне не каб распавесці, як ёй цяжка. Яна пісала, што трымаецца, шукае працу, што яе падтрымліваюць сябры. Як і многія беларусы, яна пісала: «Я веру ў вас». І я лічу, што гэтыя словы адрасаваныя не мне адной, яны адрасаваныя ўсім нам і кожнаму з вас асабіста.
Унутры краіны людзі сутыкаюцца з жахлівым гвалтам, жахамі турмаў, крызісам, самаўпраўнасцю на працы, бесчалавечным стаўленнем у любых дзяржаўных інстытутах – але яны кажуць: «Мы ў вас верым». Многія з іх партызаняць, распаўсюджваюць самвыдат, рыхтуюць стачку, дапамагаюць палітвязням і іх сем'ям – але ўсе разумеюць, што іх рэсурс абмежаваны з-за велізарнай небяспекі.
Мы з вамі сапраўды можам дзейнічаць адкрыта і, у параўнанні з імі, не перажываючы за сваю бяспеку. Увесь мінулы год таму доказ: вы правялі экзітполы падчас выбараў, правялі сотні акцыяў салідарнасці, вы ўтрымліваеце цікавасць сусветных СМІ да Беларусі, фінансава дапамагаеце людзям і ініцыятывам унутры краіны, маеце зносіны з палітыкамі – літаральна ў кожнай краіне кіраўніцтва ведае, што робіць беларуская дыяспара! Дзякуючы вам атрымаўся Акт аб дэмакратыі ЗША, рэжым пазбавіўся хакейнага чэмпіянату і Еўрабачання, дзякуючы вам атрымалася накласці абмежаванні на саўдзельнікаў і кашалькоў рэжыму. Увогуле, калі я паспрабую пералічыць усе вынікі вашай працы, на гэта сыйдуць усе два дні канферэнцыі.
Кожны з вас зрабіў вельмі шмат. І я ведаю, што для большасці з вас дапамога Беларусі стала паўнавартаснай працай у другую змену – пасля поўнага працоўнага дня і нягледзячы на тое, што ва ўсіх вас ёсць сем'і і дзеці, якім трэба ваша ўвага. Я ведаю, як гэта вымотвае, – і таму шчыра дзякую.
Думаю, вы пагодзіцеся, калі я скажу, што галоўны набытак і ўзнагарода за гэтыя старанні – гэта сустрэча з мноствам узрушвальных беларусаў. Гэта сапраўдны парадокс: фізічна пакінуўшы Беларусь, я стала значна больш ведаць пра беларусаў. Я пазнаёмілася з працоўнымі і даведалася, у якіх умовах працуюць лекары. Пачула, што мучыць сумленных міліцыянтаў і, здаецца, нават трохі зразумела, як думаюць айцішнікі. Мне вельмі шкада, што гадамі мы не бачылі адно аднаго, жылі кожны ў сваім маленькім свеце. Але я ганаруся тым, што стала сведкай гістарычнага моманту, калі гэта змянілася і мы пачалі адчуваць сябе часткай цэлага народа.
Як і ва ўсёй Беларусі, у гэтай зале цяпер ёсць вельмі розныя людзі. Хтосьці пераехаў вельмі даўно, а хтосьці спешна пакідаў краіну з-за крымінальнага пераследу зусім нядаўна. Хтосьці гадамі ўдзельнічае ў руху дыяспары, а хтосьці пачаў чытаць навіны палітыкі, як і я, толькі ў 2020-м. Пасля мяне будзе выступаць Івонка Сурвіла – чалавек, які дзесяцігоддзямі не губляе сувязь з Беларуссю, дапамагае ёй і вітае на гэтым шляху новыя пакаленні. І я думаю, што нашыя адрозненні – гэта не перашкода, а сіла. Менавіта палітра нашых розных гісторый і лёсаў зрабіла так, што нарэшце беларусы ў любым пункце свету адчуваюць сябе беларусамі і хочуць дапамагчы Радзіме.
Уся гэтая канферэнцыя створаная для таго, каб мы з вамі даведаліся адно аднаго бліжэй, пазнаёміліся з усімі праектамі і планамі і зрабілі нашу працу больш эфектыўнай і сістэмнай. На мой погляд, галоўныя пытанні, якія перад намі стаяць – гэта: 1. Як узмацніць дапамогу беларусам і ініцыятывам унутры краіны і зрабіць яе рэгулярнай? 2. Як пашырыць эканамічны ціск на рэжым? 3. Якімі спосабамі ўтрымліваць Беларусь на парадку дня? 4. Як нам з вамі каардынаваць сваю працу, каб дыяспара, палітычныя сілы і ініцыятывы былі ў пастаянным кантакце, дапамагалі і ўзмацнялі адна адну?
Я ведаю, што мы перайшлі ў фазу зацяжнога супрацьстаяння – фактычна гэта барацьба на знос. І разумею, што многія стаміліся і зараз даволі складана прыдумляць новыя фарматы работы, новыя ідэі, як дастукацца да міжнародных партнёраў або перадаць дапамогу ў Беларусь. Але мы ёсць адно ў аднаго. На жаль, сотні тысяч беларусаў вымушана пакінулі дом. Але таксама сотні тысяч беларусаў узмацнілі дыяспару. Як бы нам ні хацелася спачатку адмаўляць гэтае слова, у звыклым разуменні мы ўсе сталі эмігрантамі. Але тыя, хто нам супрацьстаіць, страцілі ход часу – яны думалі, што зараз, як і сто гадоў таму, фізічны ад'езд роўны знікненню чалавека і немагчымасці працягваць барацьбу. Але вось мы з вамі тут, і бліжэйшыя суткі будзем абмяркоўваць, як яшчэ можам быць карыснымі нашай краіне і наблізіць момант, калі зможам вярнуцца дадому. Вялікія і маленькія ідэі, глабальныя і хуткія праекты – важна ўсё, што здольна адказаць на тыя чатыры пытанні, якія я называла.
Ад кожнага з нас залежыць больш, чым мы думаем. Я сапраўды веру, што ў нашых сілах захоўваць энергію і дзяліцца ёю з тымі, хто ў Беларусі. Веру, што невялікімі, але паслядоўнымі, крокамі мы зможам вызваліць зняволеных і зрабіць так, каб мы маглі вярнуцца на радзіму.
Напрыканцы раскажу вам пра яшчэ адно паведамленне, якое атрымала літаральна ўчора ўвечары. Адзін беларус напісаў мне, што ён, яго жонка і ўсё грамадства глухіх вельмі падтрымліваюць усіх нас, і просяць, каб у свае відэа мы дадавалі субтытры – бо ім вельмі хочацца разумець, пра што ўсе мы гаворым з імі. Я думаю, гэта добры прыклад, што заўсёды ёсць тое, чаго мы яшчэ не зрабілі, не паспрабавалі і да чаго пакуль не прыйшлі.
Таму яшчэ раз дзякую вам за тое, што далучыліся. Спадзяюся, у нас з вамі наперадзе два дні прадуктыўнай сумеснай працы.
Дзякуй!»