• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская і Павел Латушка выступілі на мітынгу беларусаў Беластоку з нагоды Дня Волі

    25 сакавіка, 2022

    Текст выступу Святланы Ціханоўскай:

    «Дарагія беларусы Беласточчыны!

    Перад усім хочу падзяліцца з вамі добрай навіной у гэты змрочны час: сеньня у Беларусь стала на адну палітзьняволеную менш. Сеньня адпусцілі вельмі добра вам вядомую Анжэліку Борыс. 

    Анжэліка Борыс – яскравейшы прыклад гонар і чалавечай годнасьці! 

    Менавіта гонар і годнасьць былі у падмурку Беларускай Народнай Рэспублікі 104 гады таму. На сваю годнасьць і гонар беларусы абапіраліся як стагодзьдзе таму, гэта жа і цяпер. У час, калі нашая незалежнасьць знаходзіцца пад пагрозай. У час, калі нашую краіну уцягваюць у злачынную вайну супраць нашых братоў і сясцер ва Украіне. 

    Мае дарагія, мы мусім рабіць усё, каб перамагчы зло і цемру.

    Гэтыя дні ў Польшчы мы праводзім усе магчымыя сустрэчы, каб дапамагчы нашаму народу. Каб нас, беларусаў, успрымалі не як рэжым, і каб знайсці вырашэнні, як скончыць гэтую вайну і вывесці расійскія войскі з тэрыторыі нашай краіны.

    Разам з Паулам Латушка, Таццянай Хоміч мы правялі перамовы з прэзідэнтам Дудай — і гаварылі пра агульную стратэгію ЕЗ, ЗША і беларусаў, каб ізаляваць  рэжым і прыцягнуць Лукашэнка да адказнасці за дзяржаўную здраду і экскалацыю вайны.

    Мы сустракаліся з міністрам унутраных справаў Польшчы і вырашалі пытанні віз, міграцыі і дазвола на працу для беларусаў, якія бягуць сюды ад рэпрэссій і вайны. У выніку ў Польшчы была створана працоўная група па справах беларускіх уцекачоў.

    Мы размаўлялі з міністрам замежных справаў, абмяркоўвалі, што нашу краіну трэба ўспрымаць пад часовай акупацыяй, але разумець, што нават у гэтым становішчы беларусы вядуць чыгуначную вайну, сабатуюць працу рэжыма на прадпрыемствах, робяць пікеты ў Беларусі і па ўсім свеце.

    І, ведаеце, усе гэтыя дні я сустракаюся з беларускімі і ўкраінскімі ўцекачамі. Сёння я чула страшэнныя гісторыі тых, хто збег ад вайны і смерці. Я спытала жанчыну украінку: а вы ж разумееце, калі я гавару па-беларуску? І яна адказала: “А як же, розумію, ми ж брати!”

    Дык вось, сябры, кожны крок, які вы зараз робіце, каб дапамагаць адно адному, лабіяваць патрэбы суайчыннікаў, ціснуць на рэжым, спыняць дыскрымінацыю беларусаў — гэта ўсё мае вялікую каштоўнасць для беларусаў і беларускасці ўвогуле. Таму сёння, у Дзень Волі, я заклікаю вас мабілізавацца на дзеянне, як ніколі. Мы ж хочам, каб Беларусь была вольнай, еўрапейскай, самастойнай краінай з вольным і самабытным народам. Дык менавіта за гэта змагаліся нашыя продкі 104 гады таму, і мы мусім працягваць гэтую працу — насуперак стамленню, вайне і дыктатуры.

    Сёння мы з вамі сустракаемся і адзначаем Дзень Волі ў адметным месцы. За маёй спінай помнік Юзэфу Пілсудскаму, барацьбіту за польскую незалежнасць. Пляц, на якім мы з вамі знаходзімся, мае імя Тадэвушка Касьцюшкі, нацыянальнага героя адразу трох краін — Беларусі, Польшчы і ЗША. Шчыра вам прызнаюся, што да 2020 года я сама не шмат ведала пра беларускі нацыянальны рух. Але лёс склаўся так, што я вымушаная была даведацца пра многае ў адначассе. І таму я веру, што ніколі не позна навучыцца і навучыць бліжніх крытычна і самастойна мысліць. 

    Сеньня у маей галаве адгукаюцца радкі з аднаго з нашых вялікіх гімнаў з часоў БНР:

    Хай воля вечна будзе з намі,
    А гвалту мы дамо адпор!

    Дарагія беларусы, будзьма разам! Будзьма пэўнымі ў сабе: мы дамо адпор гвалту, а нашая воля, як і нашая незалежная і свабодная Беларусь жыла, жыве і будзе жыць вечна!

    Са святам, мае дарагія!

    Жыве Беларусь! 
    Слава Украіне!»

    Відэа з выступу можна паглядзець па спасылцы.

    Апошнія навіны