Паважаны Старшыня,
Паважаныя члены Асамблеі,
Дарагія сябры,
Дзякуй, шаноўны Міхал, за добрыя словы. І за тое, што так доўга і аддана дапамагаеце дэмакратычнай Беларусі. Віншую з новай пасадай. ПА НАТА пашанцавала мець такога лідара, як вы.
Я хачу падзякаваць паважанаму журы за гэтую важную ўзнагароду, а таксама дэлегацыю Ісландыі і асабіста Ньяля Траўсці Фрыдбертсана за намінацыю.
Да мяне гэтую ўзнагароду атрымала толькі адна жанчына з краіны, якая не ўваходзіць у НАТА. Расцэньваю Вашае рашэнне як знак асаблівай увагі, якую Парламенцкая Асамблея надае Беларусі.
Прайшло тры гады з пачатку мірнай рэвалюцыі ў Беларусі, і становіцца ўсё цяжэй утрымліваць нашую краіну на парадку дня. Узнагарода ўручаецца за ўклад у забеспячэнне міру і бяспекі, але мы жывем у свеце, поўным войнаў і нестабільнасці.
Дыктатуры ўвесь час шукаюць спосабы перашкодзіць дэмакратычным грамадствам. Пазбавіць людзей па ўсім свеце іх правоў і голасу, зрабіць іх проста рабалепнай масай працоўных рук – гэта мара кожнага тырана.
Тыраны шмат у чым падобныя да тэрарыстаў. Яны трымаюць у закладніках цэлыя народы. Колькі ім не ідзі на саступкі, ім заўсёды будзе мала. Калі вы праявіце слабасць і дасце ім тое, што яны жадаюць, яны заўсёды захочуць большага. Тыранія падобная да раку: калі яе не лячыць належным чынам, яна будзе расці і паражаць цэлыя рэгіёны, краіну за краінай.
Атрымліваючы сёння гэтую ўзнагароду, я не магу не ўзгадаць ізраільскіх мужчынаў і жанчынаў, якіх у гэтыя дні трымаюць у закладніках тэрарысты. Я вельмі спадзяюся, што ўсе палонныя, як цывільныя, так і вайскоўцы, паспяхова вернуцца дадому.
Мы, беларусы, молімся за мір у Ізраілі. На працягу сотняў гадоў Беларусь была домам для многіх габрэяў. У нас, беларусаў, з імі асаблівая сувязь. Але Беларусь таксама была домам для мусульманаў, а менавіта татараў. Мы стагоддзямі жылі ў Беларусі мірна ўсе разам: хрысціяне, іўдзеі і мусульмане.
Я веру, што гэтак можа быць і сёння. Няхай на Блізкім Усходзе як мага хутчэй адновіцца мір.
Дарагія сябры,
Дазвольце мне з удзячнасцю прыняць гэтую ўзнагароду ад імя ўсіх нашых беларускіх гераінь – найперш нашых жанчынаў-палітвязынак. Сярод тысячаў палітвязняў у Беларусі сотні жанчын. Яны сталі палоннымі ў той ціхай вайне, якую супраць нашага народу вядзе тэрарыстычны рэжым Лукашэнкі.
Марыя Калеснікава, Кацярына Андрэева, Наста Лойка, Марфа Рабкова, Вольга Маёрава, Дар'я Лосік, Вольга Залатар, Ксенія Луцкіна і сотні іншых. Усе гэтыя жанчыны з іх талентамі і інтэлектам маглі б і далей прыносіць карысць нашаму беларускаму грамадству. Замест гэтага іх забралі з сем'яў і па сфабрыкаваных абвінавачаннях і прыгаварылі да вялікіх тэрмінаў зняволення, да 20 гадоў.
Не выпадкова Нобелеўскую прэмію міру сёлета атрымала яшчэ адна адважная жанчына, якая апынулася ў турме за тое, што супрацьстаяла дыктатуры, – Наргіз Махамадзі з Ірана. Апроч іншага, Наргіз змагаецца супраць выкарыстання ў іранскіх турмах адзіночнага зняволення ў якасці «жорсткага і бесчалавечнага пакарання».
У Беларусі гэта самы распаўсюджаны спосаб катаванняў як жанчынаў, так і мужчынаў. Жанчын, пра якія я казала, ужо шмат месяцаў утрымліваюць у адзіночных камерах. Іх трымаюць без сувязі са знешнім светам, да іх не дапускаюць нават адвакатаў. Некаторым з іх тэрмінова патрэбная медычная дапамога, але ім у ёй адмаўляюць.
Рэжым ставіцца да гэтых жанчынаў як да злачынцаў і пры падтрымцы Расіі тэрарызуе беларускі народ. Ён выкарыстоўвае тэрарыстычныя групоўкі тыпу наймітаў Вагнэра ці сваіх галаварэзаў ГУБАЗіК. Гэты рэжым вінаваты ў актах міжнароднага тэрарызму, такіх як угон самалёта RyanAir у 2021 годзе. Ён здзяйсняе ваенныя злачынствы, такія як незаконная дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый.
Ціхая вайна гэтага рэжыму супраць беларускага народу працягваецца ўжо тры гады. Адна з самых дзёрзкіх нашых палітвязынак, маці дваіх дзяцей Паліна Шарэнда-Панасюк, лічыць сябе ваеннапалоннай. І сапраўды, турэмшчыкі абыходзяцца з ёй як з ворагам.
Толькі за мінулы год яна правяла больш за 200 дзён у штрафных ізалятарах. Яе збівалі, ёй ламалі рэбры. Ёй адмаўляюць у лячэнні і прэпаратах ад захворвання печані. Яе літаральна забіваюць. Пры росце 170 см Паліна зараз важыць усяго 47 кг. Цяпер Паліну хочуць прысудзіць да новага тэрміну – у трэці раз запар.
Але ні катаванні, ні турэмнае зняволенне, ні спроба змясціць яе ў псіхдыспансер не зламалі яе.
Гэтую ўзнагароду я прысвячаю Паліне і многім іншым жанчынам – такім, як яна.
У нас, беларусаў, – як і ў іранцаў – лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру сядзіць у турме. Размова пра Алеся Бяляцкага, якога рэжым зрабіў палітвязнем ужо ў другі раз. Яго прыгаварылі да 10 гадоў пазбаўлення волі за праваабарончую дзейнасць.
Сёння я хацела б павітаць яго жонку і маю сяброўку – Наталлю Пінчук: Наталля, гэта і ваша ўзнагарода. На працягу многіх гадоў, з часоў удзелу Алеся ў дысідэнцкім руху ў СССР, Наталля была побач з нім, клапоцячыся аб ім і аб іх сыне Адаме. Пакуль была магчымасць, яна наведвала Алеся ў турме. Цяпер яна чакае яго вяртання.
Я сама жонка палітвязня і добра ведаю, як гэта. Калі не можаш пазнаць мужа на відэа з турмы, бо не бачыла яго шмат гадоў. Калі табе дасылаюць СМС і ілжыва пішуць, што твой муж мёртвы, спрабуючы цябе зламаць.
Такіх жанчын, як мы, у Беларусі тысячы. І гэта таксама іх узнагарода.
І ёсць яшчэ шмат жанчын, сотні тысяч, якія прагаласавалі за мяне. Яны вераць у нашую перамогу і надаюць мне сілы працягваць сваю місію.
Яшчэ шмат жанчын, як адна пенсіянерка, якая мне нядаўна тэлефанавала. Яна расказала мне, што яна рэгулярна збіраецца разам з сяброўкамі, каб абмеркаваць палітыку і падтрымаць адзін аднаго. «Вы не баіцеся?» – спытала я яе. «Мы проста стаміліся баяцца», – сказала яна мне. «Нас зашмат. Яны проста не змогуць арыштаваць усіх».
Менавіта такім жанчынам, як яна, я хацела б прысвяціць гэтую ўзнагароду.
Дарагія сябры,
Мяне выхоўвалі ў патрыярхальным грамадстве – пры СССР і пасля яго распаду. Мяне ўвесь час вучылі мірыцца з несправядлівасцю і здавацца ў складаных сітуацыях. «Ты жанчына, ты нічога не можаш змяніць. Свет – жорсткае месца. Гэта мужчынскі свет».
З часам акалічнасці прымусілі мяне зразумець, што гэта няпраўда. Сёння я дакладна ведаю: мы, жанчыны, можам дамагчыся пераменаў. Мы можам зрабіць гэты свет лепшым.
Два гады таму мне пашчасціла пазнаёміцца з жанчынай, якой я захапляюся, Мадлен Олбрайт. Яна сказала выдатную фразу, якую мне хацелася б працытаваць: «Мяне вучылі імкнуцца да большага не таму, што ёсць нейкія гарантыі поспеху, а таму, што само па сабе імкненне да большага – гэта адзіны спосаб захаваць веру ў жыццё».
Я адразу ўспомніла і свой уласны досвед. На працягу многіх гадоў я спрабавала рэабілітаваць свайго слабачуючага сына. Не было ніякай гарантыі, што рэабілітацыя дапаможа яму. Але іншага выбару не было: трэба было працягваць спробы, проста каб «захаваць веру ў жыццё».
Ёсць яшчэ адна вядомая цытата Мадлен, якая мне вельмі падабаецца: «У пекле ёсць асаблівае месца для жанчын, якія не дапамагаюць іншым жанчынам». І я дакладна ведаю, што яна сапраўды верыла ў жаночую салідарнасць. Насамрэч менавіта яна параіла прэзідэнту Джо Байдэну сустрэцца са мной, калі я ўпершыню прыехала ў Вашынгтон.
Думаючы пра Мадлен Олбрайт, я разумею, наколькі важная яе роля ў фармаванні міжнароднай бяспекі. Яна разглядала НАТА не толькі як ваенны альянс, але і як апору міжнароднай стабільнасці і рухавік дэмакратычнага прагрэсу.
Без дэмакратыі не можа быць бяспекі. І таму Беларусь павінна стаць дэмакратычнай краінай. Украіна – а фактычна і ўся Еўропа – ніколі не будзе ў бяспецы, калі Беларусь застанецца ў лапах Расіі. Беларускі супраціў мае вырашальнае значэнне.
Сёння на карту пастаўлена само існаванне Беларусі. Пуцін не разглядае ні Беларусь, ні Украіну як незалежныя дзяржавы. Расія мае адну і тую ж мэту: каланізацыю і падпарадкаванне. Ва Украіне Расія ваюе танкамі і ракетамі. У Беларусі яна ўстанаўлівае кантроль пры дапамозе эканамічнага паглынання, ваеннай прысутнасці і русіфікацыі.
Лёсы Беларусі і Украіны пераплецены. Без Беларусі вайна Расіі супраць Украіны была б бессэнсоўнай. Калі б нашая рэвалюцыя перамагла ў 2020 годзе, вайна, верагодна, ніколі б не пачалася. Вось чаму Пуцін так моцна трымае Беларусь. Менавіта таму Пуцін так моцна падтрымлівае Лукашэнку.
Сёння супраціў рэжыму Лукашэнкі пайшоў у падполле. Але яно не «спіць». Людзі захоўваюць дух. Нягледзячы на сілавы тэрор, яны працягваюць праводзіць акцыі пратэсту – хоць гэта і не па «законе». Па дадзеных «Вясны», летась у Беларусі прайшло не менш за 375 акцыяў мірнага пратэсту. На мінулым тыдні беларускія чыгуначныя партызаны ўзарвалі ўчастак чыгункі, якім карыстаюцца расійскія вайскоўцы.
Грамадства ў Беларусі не змяніла сваёй думкі з 2020 года. Нягледзячы на ўсю прапаганду, паліцэйскі тэрор, прысутнасць расійскіх войскаў. Беларусы рыхтуюцца да новага акна магчымасцей.
Беларусь можа стаць гісторыяй поспеху. Але людзям патрэбная надзея. І гэтую надзею можа даць еўрапейская перспектыва Беларусі як альтэрнатыва «рускаму свету». У жніўні мы, беларускія дэмакратычныя сілы, прынялі заяву, што канчатковай мэтай для Беларусі з'яўляецца сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе. Беларусы таксама хочуць пачуць ад вас, што дзверы Еўропы адчыненыя для Беларусі і нашая краіна не будзе аддадзена Пуціну ў якасці суцяшальнага прыза.
Паважаныя парламентарыі,
Я прашу вас падтрымаць наш рух за свабоду. Далучайцеся да груп «сяброў дэмакратычнай Беларусі» у вашых парламентах. Станавіцеся хроснымі бацькамі для палітычных зняволеных. Акрамя таго, як парламентарыі вы можаце патрабаваць ад сваіх урадаў больш рашучых крокаў у адносінах да Беларусі. Патрабуйце трыбунала не толькі супраць Пуціна, але і супраць Лукашэнкі. У яго доўгі паслужны спіс злачынстваў. Узмацняйце санкцыі супраць рэжыму і ў той жа час павялічвайце дапамогу дэмакратычным сілам. Дапамога беларускаму народу ў ягонай барацьбе – гэта не дабрачыннасць, гэта ваш унёсак у бяспеку і дэмакратычную будучыню Еўропы.
Няхай вашыя краіны стануць бяспечным домам для беларусаў, якія ўцяклі з краіны: у мінулым месяцы рэжым пазбавіў іх пашпартоў. Сотні тысяч людзей могуць стаць дэ-факта асобамі без грамадзянства. Вельмі хутка мы плануем выдаць ім уласныя пашпарты, як гэта рабілі краіны Балтыі падчас савецкай акупацыі. Прашу вашыя парламенты падтрымаць гэтую ініцыятыву.
І нарэшце – давайце дапаможам Украіне перамагчы ў гэтай несправядлівай вайне. Перамога Украіны стане канчатковай паразай Пуціна і Лукашэнкі. Пакуль я выступаю, многія беларусы змагаюцца за свабоду Украіны. Многія з іх аддалі сваё жыццё ў гэтай барацьбе. Таму што мы разумеем, што гэта не толькі іх барацьба – гэта наша агульная барацьба за свабоду.
Мы толькі на пачатку шляху – давайце разам пройдзем гэты шлях да свабоды. Для нас, беларусаў, ісці гэтым шляхам само па сабе застаецца «адзіным спосабам захаваць веру ў жыццё».
Дзякуй.