Канстытуцыя – гэта галоўны закон краіны. Яна не можа быць прадметам гандлю, падману і палітычных маніпуляцый.
Таму Канстытуцыя можа быць прынятая толькі пасля сыходу Лукашэнкі. І абмяркоўвацца яна павінна не з адабранымі адным чалавекам «дэлегатамі» закрытых сходаў, а з народам Беларусі.
Адна з галоўных задач Канстытуцыі – абмежаваць любую ўладу часам, а таксама сістэмай стрымак і проціваг. Таму прадстаўнікі Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе працуюць над праектам новай Канстытуцыі, каб прадставіць яго на народнае абмеркаванне.
Дарадца па палітычных пытаннях Аляксандр Дабравольскі вылучыў 5 галоўных прынцыпаў і вартасцяў новай Канстытуцыі. Курсівам вылучаныя тыя пункты, якія ёсць і ў дзейнай Канстытуцыі, але наўмысна не выконваюцца, пакуль Лукашэнка трымае ўладу.
1. Падкантрольнасць улады народу:
- перыядычныя свабодныя выбары і абмежаванне тэрмінаў знаходжання ва ўладзе, для прэзідэнта – два тэрміны па 4 гады);
- гарантыі права на мірныя сходы, мітынгі, пратэст;
- гарантыі свабоды слова, свабоды сродкаў масавай інфармацыі.
2. Падзел уладаў:
- самастойнасць парламента, урада і судоў у межах іх паўнамоцтваў, сістэма стрымак і проціваг супраць злоўжыванняў уладай;
- прэзідэнт прадстаўляе краіну ў міжнародных адносінах, яму падпарадкоўваецца толькі яго канцылярыя і армія ў ваенны час;
- урад адказвае перад парламентам.
3. Прававая дзяржава, якая гарантуе захаванне правоў грамадзян і служыць іх інтарэсам:
- усе законы прымаюцца сыходзячы з прынцыпу павагі да годнасці, свабоды і правоў чалавека;
- усе грамадзяне роўныя перад Законам;
- усе дзяржаўныя органы і дзяржслужбоўцы падпарадкоўваюцца Закону.
4. Кожнаму гарантуецца абарона дзяржавы ў адпаведнасці з Законам:
- незалежны суд і забарона ўмяшання чыноўнікаў у судовыя справы;
- увядзенне упаўнаважанага па правах чалавека;
- гарантыі права на юрыдычную дапамогу ў асобе прадстаўнікоў і адвакатаў у любы час.
5. Мясцовае самакіраванне:
- грамадзяне самі выбіраюць мясцовую ўладу, якая самастойная ў вырашэнні мясцовых праблем;
- мясцовая ўлада справаздачыцца ў першую чаргу перад мясцовымі жыхарамі;
- значная частка падаткаў напрамую паступае ў мясцовыя бюджэты.