Напярэдадні новага навучальнага года беларускі рэжым заявіў, што сістэма адукацыі Беларусі мае патрэбу ў «перазагрузцы пад рэаліі сённяшняга дня». Была агучаная адна з прычын гэтага – нават дзіцячыя сады ператварыліся ў Беларусі ў «апорныя кропкі для каляровых рэвалюцый».
1 верасня ў школах плануюць праводзіць урокі, на якіх дзеці будуць абмяркоўваць з педагогамі паняцце «народнае адзінства» і дзяржаўную сімволіку. А падчас навучальнага года вучняў чакаюць новыя факультатывы пра «духоўнасць і патрыятызм», а таксама новыя правілы, якія павінны ўмацоўваць дысцыпліну і парадак у школе.
Вольга Шпарага, прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па адукацыі, пракаментавала планаваную «перазагрузку» сістэмы адукацыі:
Мэты ўсіх гэтых новаўвядзенняў рэжым не хавае – гэта ператварэнне настаўнікаў у апору дзяржаўнай палітыкі і гвалту. Дзецям у гэтай сістэме адведзеная роля дысцыплінаваных марыянетак, пазбаўленых голасу, правоў, спантаннасці і крытычнага мыслення.
Святлана Ціханоўская падтрымала Вольгу Шпарага і выказалася пра агульную адказнасць за будучыню дзяцей:
«Беларускі рэжым не дае спакою тое, што далёка не ўсе настаўнікі ўдзельнічалі ў фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020. І што настаўнікі, студэнты, выкладчыкі, даследчыкі – праявілі небывалую салідарнасць у сваім пратэсце супраць падману і гвалту.
Я шчыра падтрымліваю ўсіх, хто хоча зрабіць сістэму адукацыі лепш. Іх імкненне быць сумленнымі, вучыць адкрытасці і адказнасці годны прыклад для дзяцей, такія настаўнікі застаюцца прыкладам нават праз гады. На тое, што адбываецца ў сценах школ і ўніверсітэтаў, могуць і павінны ўплываць усе – і бацькі, і вучні, і выкладчыкі. Узаемная падтрымка і салідарнасць у школах, універсітэтах, сярод бацькоў – застаецца найважнейшай умовай нашай сумеснай барацьбы з беларускім рэжымам. Гэта ў нашых сілах абраць, чаму мы хочам навучыць нашых дзяцей: схіляцца перад дзяржавай або любіць сваю краіну».
Кароткая гісторыя супраціву настаўнікаў фальсіфікацый падчас выбараў 2020 ды падрыхтаваная Офісам па адукацыі – па спасылцы.