• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Сустрэча з прэм’еркай Літвы, вырашэнне праблемаў беларусаў з аўтамабілямі ў Латвіі. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 23-29 кастрычніка 2023

    29 кастрычніка, 2023

    ВІЗІТ У ГЕРМАНІЮ. Святлана Ціханоўская наведала нямецкі Браўншвайг, дзе выступіла на Форуме Моладзевага саюза Германіі. Падчас прамовы яна звярнулася да моладзі: «У кожным палітычным руху моладзь вельмі важная. Не бойцеся дзейнічаць. Не бойцеся змагацца за праўду. Не бойцеся рабіць памылкі. У палітыцы пастаянна вучацца на практыцы. Галоўнае – не спыняцца і ніколі не адмаўляцца ад сваёй мары». 

    Таксама Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнткай Еўрапейскай Камісіі Урсулай фон дэр Ляен. Прэзідэнтка Еўракамісіі запэўніла, што Еўрапейскі саюз будзе падтрымліваць Беларусь столькі, колькі будзе працягвацца наша барацьба. Падчас сустрэчы беларуская лідарка падзякавала кіраўніцы Еўракамісіі за падтрымку і заклікала і надалей спрыяць еўрапейскай будучыні для Беларусі.

    БЕЛАРУСЬ-ЛІТВА. 23 кастрычніка Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністаркай Літвы Інгрыдай Шыманіце. На сустрэчы абмеркавалі змякчэнне ўмоваў легалізацыі для беларусаў у Літве. Ціханоўская прывітала прапанову працягнуць тэрмін відаў на жыхарства з аднаго да трох гадоў і пашырыць выдачу пашпартоў замежніка. Беларуская лідарка таксама папрасіла прэм’ерку не закрываць межы для беларусаў і захаваць пасажырскі рух, а таксама падтрымаць Скарынаўскую гімназію і беларускія ініцыятывы ў Літве.

    БЕЛАРУСЬ-ЛАТВІЯ. 25 кастрычніка стала вядома, што Сейм Латвіі выключыў згадку грамадзянаў Беларусі з праекту закона аб дарожным руху. Гэта стала магчымым пасля перамоваў Святланы Ціханоўскай і прэм’еркі Латвіі Эвікі Сіліня ў Гранадзе, а таксама пасля сустрэчы прадстаўнікоў Офіса Святланы Ціханоўскай Анатоля Лябедзькі і Віталя Малчанава з групай «За дэмакратычную Беларусь» у Сейме Латвіі. «Цяпер мы можам выключыць гэта пытанне са спісу праблемаў беларусаў у Латвіі», – паведаміў дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкаму супрацоўніцтву Анатоль Лябедзька. 

    БЕЛАРУСЬ-КАНАДА. 24 кастрычніка Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у адкрыцці амбасады Канады ў Вільні. На працягу апошніх гадоў Канада актыўна падтрымлівала грамадзянскую супольнасць Беларусі, беларускую праграму Chatham House, увайшла ў групу сяброў Беларусі ў АБСЕ.

    МОЛАДЗЕВАЯ ПАЛІТЫКА. Адбылася сустрэча дарадцы Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтву Маргарыты Ворыхавай са студэнтамі Еўрапейскага Гуманітарнага Універсітэта ў Вільні. Маргарыта Ворыхава падзялілася сваім вопытам як прэзідэнтка моладзевага савета «РАДА», распавяла пра адукацыйныя і актывісцкія магчымасці, каб студэнты маглі даведацца пра моладзевыя арганізацыі і іх працу. 

    КАМПЕНСАЦЫІ ШКОДЫ РЭПРЭСАВАНЫМ. Увесь гэты месяц каманда Офіса знаёміла беларусаў з праектам Канцэпцыі кампенсацыі шкоды рэпрэсаваным, які распрацаваў Офіс Святланы Ціханоўскай разам з юрыстамі, праваабаронцамі і недзяржаўнымі арганізацыямі. Па спасылцы вы знойдзеце спасылкі з адказамі на асноўныя пытанні па праекце Канцэпцыі. «Вялікі дзякуй усім беларусам за зваротную сувязь. Разам з юрыдычнай камандай Офіса мы ўжо пачалі разглядаць усе вашыя прапановы, заўвагі і каментары. Адпаведна з імі праект Канцэпцыі кампенсацыі шкоды будзе дапрацоўвацца і з’явіцца ўжо ў новым выглядзе», – пракаментавала дарадца па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр.

    Цалкам з праектам можна азнаёміцца па спасылцы. Прапановы адносна дакументу прымаюцца праз тэлеграм-бот @AskOffice_Bot, электронную пошту [email protected] і гугл-форму.

    МІЖНАРОДНЫЯ МЕРАПРЫЕМСТВЫ. Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у мерапрыемстве «Беларусь і беларусы, 2020+» у Віленскім універсітэце. Разам з беларускімі і літоўскімі экспертамі і палітыкамі яна абмеркавала сітуацыю ў нашай краіне, а таксама адносіны з Літвой. «Рэжымы Лукашэнкі і Пуціна будуць рабіць усё магчымае, каб разбурыць сяброўства беларусаў і літоўцаў. Але нам трэба шукаць тое, што нас аб'ядноўвае, і ўмацоўваць супрацоўніцтва», – падкрэсліла Святлана Ціханоўская, звяртаючыся да жыхароў Літвы. 

    САЛІДАРНАСЦЬ З ПАЛІТВЯЗНЯМІ. Святлана Ціханоўская наведала выставу «Пазнака» былой палітзняволенай Асі Булыбенка, якая дзейнічае ў віленскім Цэнтры беларускай супольнасці і культуры. Выстава прысвечаная гадавіне яе затрымання на Маршы маладосці ў 2020 годзе. Як кажа сама Ася, мастацтва дапамагло ёй справіцца са зняволеннем і падтрымлівае зараз, ужо на свабодзе.

    НОЧ РАССТРАЛЯНЫХ ПАЭТАЎ. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў сутарэннях мінскай унутранай турмы НКУС – «амерыканкі» былі расстраляныя 108 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі: паэты, пісьменнікі, навукоўцы і дзеячы культуры. Штогод у гэтую ноч беларусы ладзяць вечары памяці рэпрэсаваных. Сёлета вечары памяці і імпрэзы прайшлі больш чым у 24 гарадах свету. Падрабязней глядзіце на сайце nochpaetau.com

    29 кастрычніка ў Вільні ў мерапрыемствах прысвечаных ночы растраляных паэтаў бралі ўдзел прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай. Дарадца па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова ўзяла ўдзел у чытанні вершаў на плошчы Кудзіркі. 

    РАЗМОВЫ З БЕЛАРУСАМІ. 26 кастрычніка прайшлі штотыднёвыя асабістыя размовы Святланы Ціханоўскай з беларусамі. У гэтых размовах таксама прымала ўдзел дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр. Прачытаць пра тое, што такое асабістыя размовы і як яны праходзяць можна тут

    МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Daily Еxpress (Вялікабрытанія), Zetland (Данія), TV8 Channel (Малдова), Moldova 1 (Малдова), Радыё Ўнэт (Беларусь), БелСАТ (Беларусь), Manoto TV (Міжнароднае). 

    Апошнія навіны