Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што тычыцца адукацыі ў Беларусі, у наш бяспечны і ананімны чат-бот @eduOST_bot. Паведамляйце нам навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных формаў ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванні сістэмы адукацыі.
У нас з’явіўся сайт www.asvetaby.org, на якім можна знайсці ўсе выпускі дайджэста «Асвета» на беларускай, рускай і англійскай мовах.
Спампаваць дайджэст можна па спасылцы.
- Міжнародныя магчымасці
– Дарагія чытачы! Звяртаем Вашу ўвагу, што ў асобным дадатку Падтрымка на 2023 год прадстаўлены вялікі агляд актуальных міжнародных магчымасцяў на цэлы год наперад. Агляд не дублюе магчымасці, уключаныя ў гэты выпуск.
– Еўрасаюз у межах праграмы «EU4Belarus» рэалізуе грантавую праграму падтрымкі павышэння кваліфікацыі і навучання SALT (Support for Advanced Learning and Training) для беларускіх навукоўцаў, беларускіх выкладчыкаў, вучоных і аспірантаў у вышэйшых навучальных установах і даследчых установах ЕС. Мінімальная сума гранта – 5 855 еўра (3 месяцы), максімальная сума – 11 435 еўра (6 месяцаў). Праграма таксама дае: штомесячную стыпендыю ў памеры 1860 еўра на працягу максімум 6 месяцаў для пакрыцця расходаў на пражыванне ў прымаючай краіне, а таксама кампенсуе кошт праезду ў памеры не больш за 275 еўра для зваротнай міжнароднай паездкі ў/з краіны пражывання і краіны прымаючай установы. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 30 чэрвеня 2023 года.
– Еўрапейскі Саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT–II (Support for Advanced learning and training)» аб'яўляе прыём заявак на атрыманне фінансавай падтрымкі ў памеры да 1450 еўра на вывучэнне адной з еўрапейскіх моў (на выбар суіскальніка) і здачы па ім іспыту. Праграма прызначана для беларускіх студэнтаў–палітвязняў. Больш падрабязна аб крытэрах адбору ўдзельнікаў і ўмовах праграмы – на сайце арганізатара.
– Міжнародны фонд дапамогі дзецям «ЮНІСЭФ», які дзейнічае пад эгідай ААН, у межах праграмы стажыроўкі прапануе студэнтам і выпускнікам ВНУ апошніх двух гадоў магчымасць атрымаць практычны досвед працы ў філіялах «ЮНІСЭФ» розных краін. Працягласць стажыроўкі – ад 6 да 26 тыдняў. Стажыроўкі могуць быць як частковай, так і поўнай занятасці. Стажорам штомесяц выплачваецца стыпендыя, аказваецца візавая падтрымка, а таксама можа быць прадастаўлена аднаразовая выплата на аплату праезду і атрыманне візы. Прапанова актуальная на працягу ўсяго года. Таксама на сайце «ЮНІСЭФ» можна азнаёміцца з вакансіямі ў гэтай арганізацыі.
– Літоўскі Фонд падтрымкі адукацыйных абменаў прапануе штомесячную стыпендыю і грант на пакрыццё выдаткаў на навучанне ва ўніверсітэтах Літвы на працягу 1–2 семестраў. Памер стыпендыі складае 490 еўра на месяц для студэнтаў і 980 еўра на месяц для аспірантаў. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 8 траўня 2023 года.
– Форум Эйнштэйна і Фонд Вітэнштэйна прапануюць стыпендыі для замежных студэнтаў, якія жадаюць праводзіць даследаванні ў сферы гуманітарных, сацыяльных або прыродазнаўчых навук. Стыпендыяты будуць жыць у летнім доме Альберта Эйнштэйна ў Капуце (Германія) на працягу 5–6 месяцаў і атрымаюць грант у памеры 10 000 еўра. Патрабаванні да суіскальнікаў: узрост да 35 гадоў, дыплом аб вышэйшай адукацыі ў сферы гуманітарных, сацыяльных або прыродазнаўчых навук, прапанова міждысцыплінарнага праекта, які не звязаны з папярэднімі даследаваннямі, добрае валоданне англійскай мовай. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 15 траўня 2023 года.
– У лютым 2023 года фонд «Ратары» (The Rotary Foundation) адкрыў конкурс на ўдзел у праграме «Rotary Peace Fellowship» на 2024–2025 гг. для атрымання ступені магістра ў сферы вывучэння свету і развіцця ў шасці вядучых універсітэтах свету. Стыпендыя пакрывае пражыванне і харчаванне, транспартныя выдаткі, медыцынскае страхаванне, розныя выдаткі на навучанне ды інш. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 15 траўня 2023 года.
– Стыпендыяльная праграма ўрада Рэспублікі Польшча імя К. Каліноўскага па падтрымцы грамадзян Беларусі, адлічаных з ВНУ па палітычных матывах у год залічэння або ў папярэднім годзе, якія не маюць магчымасці прадоўжыць навучанне ў сваёй краіне, а таксама выпускнікоў Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа абвесціла набор заяў. Стыпендыя пакрывае выдаткі на навучанне на моўных курсах, а потым у вышэйшай навучальнай установе, а таксама выдаткі на пражыванне. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 15 траўня 2023 года.
– Літоўскі Фонд падтрымкі адукацыйных абменаў прапануе дзяржаўныя стыпендыі і гранты грамадзянам Беларусі для атрымання ступені магістра ці інтэграванага навучання (максімум – два апошнія гады інтэграванага навучання) у вышэйшых навучальных установах Літвы на 2023 год. Памер стыпендыі складае 490 еўра на месяц, грант пакрывае выдаткі на навучанне. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 22 мая 2023 года.
– Фонд Фрыдрыха Эберта прапануе стыпендыі на навучанне па праграмах магістратуры ў летнім семестры 2024 года. Студэнты будуць атрымліваць штомесячную стыпендыю ў памеры ад 830 да 850 эўра ў залежнасці ад праграмы навучання. Таксама пакрываюцца выдаткі на медыцынскае страхаванне, студэнты з дзецьмі змогуць атрымаць сямейную дапамогу ў памеры 276 еўра. Адным з крытэраў адбору з'яўляецца веданне англійскай і нямецкай моў. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 31 траўня 2023 года.
– Гарвардскі ўніверсітэт прапануе стыпендыю, якая пакрывае 75% ад кошту навучання ў межах праграмы «The Harvard MBA», а таксама выдаткі на праезд і пражыванне. Кандыдаты могуць падаць заяўку на атрыманне стыпендыі толькі пасля атрымання прапановы аб залічэнні на праграму «The Harvard MBA». Апошні тэрмін падачы заяўкі – 31 траўня 2023 года.
– Дэпартамент публічнай гісторыі Інстытута гісторыі Хагенскага завочнага ўніверсітэта прапануе стыпендыі для атрымання доктарскай ступені. Удзельнікі, якія прайшлі адбор, будуць працаваць над праектам: «Лічбавыя гісторыі гвалту ў 21 стагоддзі: сумесныя публічныя сферы і аўтабіяграфічныя апавяданні ў ваенны час у Расіі, Беларусі і Украіне». Старт праекта – 1 лістапада 2023 года. Заяўкі прымаюцца ад кандыдатаў, якія маюць досвед працы ў сферы медыя і камунікатыўных даследаванняў, антрапалогіі, гісторыі, сацыялогіі і культуралогіі. Яшчэ адна ўмова – валоданне нямецкай мовай на ўзроўні B2 на момант пачатку праграмы. Дактаранты атрымаюць пакет фінансавання ў памеры 1450 еўра. Акрамя таго, можа быць прадастаўлена субсідыя на медыцынскае страхаванне ў памеры да 100 еўра і сямейныя дапаможнікі. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 31 траўня 2023 года.
– Цэнтр перспектыўных даследаванняў у Сафіі (CAS Sofia) абвесціў пра прыём заявак на стыпендыі 2023–2024 гг. ад фонду Герды Хенкель для правядзення фундаментальных даследаванняў у сферы сацыяльных і гуманітарных навук. Працягласць стыпендыяльнай праграмы – 5 месяцаў. Прадугледжваецца выплата штомесячнай стыпендыі ў памеры 850 еўра для пакрыцця расходаў на пражыванне. Таксама стыпендыя пакрывае выдаткі на праезд з краіны пражывання ў Сафію і назад, выдаткі на візу і страхоўку (да 800 еўра); выдаткі на навуковую паездку за мяжу ў перыяд стажыроўкі – да 1200 еўра (аднаразовая дапамога) і выдаткі на правядзенне даследавання (100 еўра на месяц). Для ўдзелу ў праграме неабходна мець ступень кандыдата навук і валодаць англійскай мовай. Апошні тэрмін падачы заяўкі на летні семестр – 31 ліпеня 2023 года.
- Грамадзянская супольнасць і адукацыя
– Праект «Васьміног» ініцыяваў серыю семінараў па абмеркаванні адукацыйнай палітыкі і працэсаў, звязаных з падрыхтоўкай да рэфармавання сістэмы адукацыі ў Беларусі. У межах першай сустрэчы эксперты абмяркоўвалі змены ў адукацыйнай сферы 2020–2023 гадоў. Адносна рэформы ўдзельнікі дыскусіі гаварылі пра неабходнасць выпрацоўкі новага разумення не толькі сутнасці адукацыі, але і самога працэсу рэформы. «Васьміног» сабраў і зафіксаваў ключавыя тэзісы з выступаў экспертаў. Праца па падрыхтоўцы да рэформы адукацыі ў Беларусі працягваецца, і арганізатары запрашаюць зацікаўленых экспертаў і педагогаў далучацца да дыскусіяў. Каб даведацца дэталі пра наступныя семінары і дыскусіі – неабходна даслаць запыт па адрасе vasminoh.reform@gmail.com.
– Праект EduExpert апублікаваў вынікі даследавання рынку і запатрабаванняў беларускіх адукацыйных арганізацый і праектаў. Удзельнікі апытання адзначылі, што адзінай думкі пра перспектывы рынку адукацыі на бліжэйшыя два гады няма. У ліку ключавых трэндаў адзначаны развіццё анлайн–адукацыі і EdTech–сферы, навучанне прафесіям для дыстанцыйнай працы, павышэнне цікавасці да асваення новых навыкаў, перанавучання ў цэлым. Даследаванне выявіла такія негатыўныя тэндэнцыі, як стагнацыя рынку адукацыі, страта кваліфікаваных кадраў, узмацненне кантролю з боку дзяржавы. 55% апытаных адзначылі наяўнасць у іх арганізацыях (праектах) сур'ёзных праблем, якія перашкаджаюць развіццю і ўстойлівасці. Разгорнутую справаздачу па выніках даследавання можна прачытаць тут.
– Цэнтр беларускай культуры і супольнасці ў Літве (Беларускі дом) вядзе актыўную працу па інтэграцыі беларусаў у Літве і садзейнічае падтрыманню сувязі з беларускай ідэнтычнасцю. Сярод праектаў Цэнтра – мерапрыемствы для дзяцей і дарослых, моўныя курсы, тэматычныя сустрэчы ды іншыя актыўнасці. Дзейнічае самая вялікая ў Літве публічная бібліятэка з беларускімі кнігамі, працуе нядзельная школа. Яшчэ адна важная ініцыятыва Цэнтра – арганізацыя дзіцячых летнікаў. Як будуецца праца сёння і як беларусы могуць дапамагчы Цэнтру – можна прачытаць тут.
– Навукова–папулярны зін «Памылка» запусціў краўдфандынгавую кампанію. Ідэя стварыць беларускамоўны самвыдат пра навуку прыйшла паўтара гады таму. Арганізатары самі пісалі матэрыялы ў першы нумар, шукалі экспертаў у розных сферах, і зараз – выходзяць на новы ўзровень. «Памылка» запрашае стаць часткай каманды рэдактараў, аўтараў, мастакоў. І збірае сродкі на развіццё. Зін распаўсюджваецца па свабоднай ліцэнзіі, выданне выходзіць на беларускай мове. Што такое першы беларускі зін пра навуку і як падтрымаць каманду – можна прачытаць тут.
– Адбылася прэзентацыя новай кнігі Уладзіміра Арлова «Айчына. Ад Агінскага да Багушэвіча». Гэта другая частка трылогіі (першая частка выйшла сем гадоў таму і дапоўнена аўтарскімі ілюстрацыямі Паўла Татарнікава). У серыі эсэ аўтар апускае чытача ў гістарычны і культурны кантэкст ХІХ стагоддзя, а таксама знаёміць з нечаканымі і часам кур'ёзнымі фактамі пра асобы і лёсы вядомых беларусаў. Рукапіс кнігі чакаў сваёй гадзіны тры гады, а яе публікацыя стала магчымай дзякуючы фонду Kamunikat. Па незалежных ад аўтара прычынах, другая частка «Айчыны» апублікаваная без суправаджальных ілюстрацый. Тым не менш, у планах застаецца перавыданне кнігі ў поўным аб'ёме, і выпуск трэцяй часткі.
– Былы дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ, доктар гістарычных навук, прафесар Віктар Шадурскі даў вялікае інтэрв'ю выданню «Наша Нiва». Як змянілася міжнародная палітыка Беларусі, што стала асноўнай прычынай масавых пратэстаў у Беларусі і што беларусам давядзецца пераадольваць – пра гэта і многае іншае можна прачытаць у поўнай версіі інтэрв'ю. Віктар Шадурскі займаў пасаду дэкана 13 гадоў, пасля звальнення з БДУ пераехаў у Польшчу.
- Рэпрэсіі
– Менскі гарадскі суд пачаў разгляд крымінальнай справы паэта і выкладчыка Зміцера Юртаева. Зміцер быў затрыманы 21 верасня 2023 года і прызнаны палітвязнем. Настаўнікі вымусілі запісаць пакаяльнае відэа. Пасля двух адміністрацыйных абвінавачанняў была ўзбуджаная справа па артыкулах аб абразе Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК), пазней – дададзена другое абвінавачанне ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці (арт. 130 КК РБ) Справу разглядае суддзя Анжэла Касцюкевіч, суд праходзіць публічна.
– Стала вядома пра затрыманне псіхолага і былога супрацоўніка БДПУ Сяргея Іванцова. Калі менавіта гэта адбылося – невядома, інфармацыя з'явілася постфактум. Сяргей Іванцоў – практыкуючы псіхолаг, дырэктар кампаніі, якая займалася маркетынгавымі даследаваннямі ў фармакалогіі (уваходзіць у ESOMAR), малодшы навуковы супрацоўнік Акадэміі навук РБ. Паводле інфармацыі канала, звязанага з сілавікамі, затрыманне звязана з каментарамі, якія Сяргей нібыта пісаў у чат–бот канала «Беларусь галаўнога мозгу». Распачата крымінальная справа па двух артыкулах (па якіх – не ўдакладняецца).
– Затрыманні пасярод адукацыйнага працэсу працягваюцца. 12 красавіка ў магілёўскай сярэдняй школе № 43 сілавікі затрымалі настаўніцу падчас урока. Імя педагога не раскрываецца. Вядома, што пасля затрымання жанчыну адвезлі на допыт у КДБ наконт падпісанага ў 2020 годзе ліста супраць міліцэйскага гвалту. Таксама з яе ўдзелам было запісана відэа. У дадзены момант яна на волі.
– Выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Ірына Леснічэнка была асуджаная за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Па гэтай справе была пададзена апеляцыйная скарга, якую Віцебскі абласны суд разгледзіць 3 траўня. Ірына Уладзіміраўна працуе ў знакамітай Ушацкай сярэдняй школе, дзе вучыліся паэты Рыгор Барадзін і Еўдакія Лось, акцёр Генадзь Гарбук, падрыхтавала многіх дыпламантаў рэспубліканскіх алімпіяд па беларускай мове, а ў 2020 годзе яе імя было ўнесена на раённую дошку гонару.
– Яшчэ два студэнты гістарычнага факультэта БДУ трапілі пад рэпрэсіі: 18 красавіка арыштаваны Сафія Гельман і Данііл Каранкевіч. Сафія атрымала 10 сутак адміністрацыйнага арышту, па якім артыкуле – невядома. З Даніілам сілавікі выпусцілі відэа, у якім ён сцвярджае, што нібыта ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года і быў зарэгістраваны ў плане «Перамога». Магчымай прычынай затрымання студэнтаў крыніцы называюць фатаграфіі з масавых збораў ля будынкаў факультэтаў на акцыі салідарнасці ў 2020 годзе.
- Палітыка рэжыму
– На патрыятычнай канферэнцыі «Мой родны край», арганізаванай «Рускім домам у Мінску», беларускія школьнікі павінны былі напісаць лісты сваім аднагодкам да «Дня яднання народаў РБ і РФ». У рэальнасці падлеткі былі вымушаны размаўляць па відэаканферэнцыі з аднагодкамі з Растоўскага рэгіянальнага патрыятычнага руху і непрызнанай ЛНР. На скрыншотах бачна, што настаўнікі беларускіх школ збіралі непаўналетніх для ўдзелу ў відэасувязі ў асобных кабінетах. Як сцвярджае лідар растоўскай арганізацыі Ася Кампаніец, рух ужо больш за 20 гадоў афіцыйна падтрымлівае шчыльныя адносіны з Беларуссю, а ў 2021 годзе падпісаў пагадненне аб партнёрстве з Рэспубліканскім творчым моладзевым аб'яднаннем «Прасоўванне моладзі». Мэта – патрыятычнае выхаванне, сацыяльная абарона правоў і інтарэсаў ветэранаў баявых дзеянняў. Як высветлілася, рух супрацоўнічае з прадстаўнікамі ЛНР, у т.л. у праектах, звязаных з Беларуссю.
– Рэктар БДУ Андрэй Кароль прызнаў, што беларускія вучоныя і даследчыкі апынуліся ў інфармацыйным вакууме. Расійскія і беларускія ВНУ выбылі з рэйтынгу вышэйшых навучальных устаноў U-Multirank, а пастаўшчыкі навуковых баз даных закрылі свае прадстаўніцтвы ў Беларусі і Расіі. Па словах рэктара, стала больш складана знаходзіць актуальную інфармацыю і свежыя навуковыя публікацыі, хуткім часам будуць радзей цытавацца працы беларускіх навукоўцаў, і праз некаторы час гэта адаб'ецца на ўсіх рэйтынгах.
– З 1 верасня 2023 года ў Барысаве закрыецца адзіны агульнаадукацыйны ліцэй. Чуткі пра закрыццё хадзілі ўжо каля 10 гадоў, але ліцэй працягваў працу. Кодэкс аб адукацыі, які ўступіў у сілу, прадугледжвае ўмовы функцыянавання такіх навучальных устаноў. Сярод іншых – наяўнасць інтэрната для прыезджых навучэнцаў. У ліцэя Барысава такога няма. Як адзначыла начальнік упраўлення па адукацыі Барысаўскага райвыканкама Ірына Садоўская, у горадзе функцыянуюць тры гімназіі і яшчэ адна – у раёне. Гэта было ўлічана пры прыняцці рашэння аб ліквідацыі. Таксама паводле слоў Садоўскай, на леташняй сустрэчы з педагогамі ліцэя адзначалася, што ўсе будуць працаўладкаваны. І да цяперашняга моманту многія з іх ужо сумяшчалі працу ў іншых школах і гімназіях з працай у ліцэі.