Святлана Ціханоўская: «Як атрымалася, што праз 76 гадоў пасля перамогі нашыя ж суграмадзяне ў пагонах і пры чынах сталі паводзіць сябе ў Беларусі як фашысцкія захопнікі? Я перакананая, што асноўная прычына – гэта пачуццё беспакаранасці. А яшчэ – адсутнасць ўсеагульнай працы над памылкамі. Калі людзі забываюцца сваё мінулае і не робяць з яго высноў, яны непазбежна паўтараюць памылкі.
Менавіта таму беззаконне, гвалт і катаванні зноў вярнуліся ў Беларусь. І менавіта таму ў новай Беларусі павінна з'явіцца Камісія народнай памяці.
Галоўнай задачай Камісіі народнай памяці будзе распавесці пра ўсе цёмныя эпізоды гісторыі нашай краіны. Мы адкрыем архівы і даведаемся, хто расстраляў паэтаў у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. Высветлім, хто загадаў збіць дэпутатаў у зале пасяджэнняў парламента ў 1995 годзе; хто аддаваў і выконваў загад, пасля якога генерал Юры Захаранка лічыцца без вестак зніклым – 7 траўня прайшло 22 гады з моманту яго знікнення; як зніклі Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, Дзмітрый Завадскі. Нам стане вядома, хто забіў Рамана Бандарэнку, Мікіту Крыўцова і ўсіх загінулых у 2020 годзе актывістаў, хто давёў да смерці Аляксандра Віхора.
Кожны пацярпелы ад гвалту, катаванняў, рэпрэсій, зневажанняў з боку рэжыму мае права ведаць імёны тых, хто іх арганізоўваў, здзяйсняў і апраўдваў, – і падаць заяву ў суд. А кожны, хто стане абвінавачаным, мае права на сумленны, справядлівы, адкрыты суд у новай Беларусі».
ПРАЕКТ
Камісія народнай памяці (КНП) – дзяржаўная гісторыка-архіўная і даследчая ўстанова. Місіяй КНП з'яўляецца дакументаванне масавых парушэнняў правоў чалавека і злачынстваў супраць беларускага народа з мэтай правядзення расследаванняў такіх злачынстваў і недапушчэння іх у будучыні. Офіс Святланы Ціханоўскай публікуе праект канцэпцыі Камісіі народнай памяці, якая можа быць створаная для выканання наступных функцый:
- збор і захоўванне дакументаў (у тым ліку сведчанняў і публікацый) пра масавыя парушэнні правоў чалавека ў сучаснай Беларусі, акупантамі падчас Вялікай айчыннай вайны, а таксама дзяржаўнымі органамі ў складзе СССР;
- забеспячэнне захаванасці і доступу да дакументаў;
- апрацоўка і публікацыя дакументаў;
- ініцыяванне расследаванняў найбольш значных і масавых парушэнняў правоў чалавека і злачынстваў супраць беларускага народа, а таксама выяўленне асоб, якія маюць дачыненне да такіх злачынстваў;
- абарона персанальных дадзеных асоб, інфармацыя пра якіх утрымліваецца ў архіве КНП;
- садзейнічанне праваахоўным органам, грамадскім і навуковым арганізацыям у правядзенні расследаванняў парушэнняў правоў чалавека, супрацоўніцтва з Упаўнаважаным па правах чалавека і праваабарончымі арганізацыямі;
- ажыццяўленне навуковай, адукацыйнай і асветніцкай дзейнасці.
КНП ствараецца рашэннем Парламента Рэспублікі Беларусь і з'яўляецца дзяржаўнай установай. Старшыня КНП прызначаецца і вызваляецца ад пасады рашэннем Парламента. КНП мае доступ да ўсіх дзяржаўных архіваў, у тым ліку архіваў спецслужбаў.
Структура КНП:
1. Старшыня. Прызначаецца Парламентам.
2. Рада, якая складаецца з 8 чалавек. 4 чалавекі прызначаюцца рашэннем Парламента, 4 чалавекі – рашэннем Урада. Рада фармуе планы дзейнасці КНП і прызначае кіраўнікоў структурных падраздзяленняў КНП, прымае рашэнні большасцю галасоў.
3. Аддзелы:
1. Аддзел збору, аналізу і захоўвання дакументаў – Архіў КНП;
2. Аддзел даследаванняў і публікацый;
3. Бюро расследаванняў злачынстваў супраць беларускага народа;
4. Аддзел адукацыйных праграм;
5. Аддзел грамадскіх сувязяў і разгляду зваротаў грамадзян і арганізацый;
6. Аддзел бяспекі і абароны персанальных дадзеных.
Святлана Ціханоўская: «Толькі праўда і няўхільнасць пакарання дазволяць нам зберагчы краіну ад такіх трагедый у будучыні. І Камісія народнай памяці – гэта інструмент, які неабходны, каб не дапусціць замятання слядоў гэтых злачынстваў, а прызнаць ўсе памылкі і больш ніколі іх не паўтарыць».