Святлана Ціханоўская завяршыла працоўны візіт у Нідэрланды. Падчас візіту яна сустрэлася з каралём Нідэрландаў Вілемам Аляксандрам, прэм'ер-міністрам Маркам Рутэ, міністаркай абароны Кайсай Алангрэн, камітэтам па замежных справах парламента. Прадстаўнік Офісу Дзяніс Кучынскі правёў сустрэчы ў Міністэрстве юстыцыі па пытаннях беларускай дыяспары, візаў і рэлакацыі рэпрэсаваных бізнесаў.
Вось вынікі візіту – коратка:
– Нідэрланды разгледзяць магчымасць перадаць дапамогу беларускім медыкам ва Украіне – у тым ліку абсталявання і інструментаў. Спіс складзены Фондам медыцынскай салідарнасці. Таксама Святлана Ціханоўская перадала спіс патрэбаў батальёна Каліноўскага, у асноўным гэта ахоўная амуніцыя (каскі, бронекамізэлькі), абсталяванне, уніформа і наборы першай дапамогі.
– Нідэрланды падтрымліваюць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі. Ціханоўская падкрэсліла, што Расія абавязаная вывесці свае войскі з беларускай тэрыторыі. Святлана Ціханоўская і прэм'ер Нідэрландаў абмеркавалі гарантыі бяспекі для Беларусі, перспектывы далучэння Беларусі ў ЕС і Раду Еўропы.
– Ужо ў найбліжэйшыя дні ў парламенце Нідэрландаў разгледзяць пытанне пра стварэнне фармальнай або нефармальнай парламенцкай групы «Сябры Беларусі». У парламенце Нідэрландаў працягваецца кампанія ўзяцця палітвязняў «пад апеку».
– Урад разгледзіць прапановы ад беларускай дыяспары па спрашчэнні працэдураў рэлакацыі, легалізацыі беларускіх уцекачоў з Беларусі і Украіны, прадаўжэння дакументаў без неабходнасці звяртацца ў афіцыйныя органы Рэспублікі Беларусь.
– Нідэрланды правераць наяўнасць шчылінаў (калі такія засталіся – зачыняць) – для абыходу санкцый дзяржаўнымі прадпрыемствамі-памагатымі рэжыму Лукашэнкі. Раней у Нідэрланды ішла значная частка экспарту нафтапрадуктаў.
– Нідэрланды звернуць асаблівую ўвагу на пераслед незалежных прафсаюзаў (Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў), які мы назіраем у апошнія тыдні. Ціханоўская падкрэсліла, што пераслед працоўных павінен пацягнуць самыя сур'ёзныя наступствы для рэжыму, вінаватыя ў рэпрэсіях супраць працоўных павінныя быць уключаныя ў санкцыйныя спісы. Пытанне падтрымкі працоўнага руху і прафсаюзаў будзе ўзнятае ў міжнародных прафсаюзных арганізацыях.
– Нідэрланды працягнуць падтрымліваць Міжнародную платформу для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці (International Accountability Platform for Belarus). Падтрымка беларускіх праваабаронцаў будзе аказвацца праз Нідэрландскі Фонд правоў чалавека. Нідэрланды сёлета падтрымаюць і шэраг беларускіх арганізацый: якія займаюцца грамадскім і моладзевым актывістам, эканамічнымі рэформамі, прасоўваннем беларускай культуры.
– Святлана Ціханоўская сустрэлася з міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі Amnesty International, Helsinki Committee, Libereco і іншымі. Абмеркавалі магчымасць удакладніць крытэры прызнання палітвязнямі. Ціханоўская звярнула ўвагу, што важна прызнаць палітвязнямі затрыманых беларускіх партызанаў, у тым ліку тых, якія займаюцца акцыямі на чыгунцы, і вызвалення ад адказнасці кіберпартызанаў, якія ажыццяўляюць акцыі ў кіберпрасторы, і іншых удзельнікаў беларускага супраціву.
– Разам з арганізацыяй Justice and Peace абмеркавалі магчымасць стварэння спецыяльных шэлтараў для беларускіх уцекачоў, актывістаў, сем'яў палітвязняў у Нідэрландах і іншых краінах Еўропы, а таксама праграмаў рэабілітацыі для палітвязняў, якія выходзяць на волю.
Ціханоўская таксама сустрэлася з беларускай дыяспарай, наведала базу, дзе беларускія і ўкраінскія актывісты збіраюць машыны хуткай дапамогі і адпраўляюць ва Украіну, выступіла ў нідэрландскіх СМІ і ў грамадскім цэнтры DeBalie з лекцыяй пра Беларусь.