Беларуска-расійскі экспертны дыялог – гэта анлайн-канферэнцыя пра шляхі развіцця Беларусі і Расіі і іх узаемадзеянне, у якой удзельнічаюць беларускія і расійскія палітыкі, эканамісты і эксперты. У праграме будзе тры блокі: стан эканомікі Беларусі і ўплыў эканамічных санкцый; эканамічныя рэформы ў новай Беларусі; лёс беларуска-расійскіх эканамічных адносінаў.
У абмеркаванні прымуць удзел чальцы эканамічнай каманды Ціханоўская, расійскія эксперты Сяргей Гурыеў і Яўген Гантмахер, беларускія эксперты Кацярына Барнукова і Максім Баграцоў.
На сайце вы знойдзеце больш падрабязнасцяў пра канферэнцыю.
Зварот Святланы Ціханоўскай:
«Добры дзень, паважаныя ўдзельнікі канферэнцыі.
Хоць гэта і эканамічная канферэнцыя, я буду казаць таксама пра палітыку – таму што эканоміку не заўсёды можна аддзяліць ад палітыкі, асабліва ў нашым выпадку.
Я ведаю, што для многіх прадстаўнікоў улады і бізнесу Расіі Лукашэнка хоць і не самы прыемны, але звыклы партнёр. Прынята думаць, што ён увасабляе стабільнасць. Але адзіная стабільнасць, якую ён усё яшчэ можа прапанаваць, – гэта стабільнасць рэпрэсій і беззаконня – у тым ліку ў эканоміцы і бізнесе. Як і любы беларус, я разумею, наколькі моцна эканоміка Беларусі звязаная з эканомікай Расіі. І ведаю, што нам трэба будзе выбудоўваць новыя, сумленныя і празрыстыя адносіны і дамоўленасці з Расіяй.
Вядома, сёння складана казаць пра тое, якой будзе расійска-беларуская сітуацыя ў момант змены ўлады ў Беларусі. Рэжым працягвае падпісваць дарожныя карты, а беларусы працягваюць адстойваць свой суверэнітэт. Таму я хачу нагадаць, што новая ўлада можа не прызнаць дамоўленасці Лукашэнкі пасля 5 лістапада 2020 года, бо гэта дамоўленасці чалавека, які нелегітымна ўтрымлівае ўладу тэрорам і больш не мае паўнамоцтваў выступаць і заключаць угоды ад імя народа.
Мы не ведаем, на якіх прынцыпах расійскі бок вырашыць выбудоўваць новыя адносіны з Беларуссю. Але я гатовая сказаць, на якіх прынцыпах дэмакратычныя сілы плануюць выбудоўваць новыя адносіны з Расіяй:
Першы прынцып – гэта вяршэнства права. Любы расійскі інвестар або гандлёвы партнёр, які вядзе сваю дзейнасць законна, зможа разлічваць на абарону сваіх інтарэсаў у незалежных беларускіх і міжнародных судах. Больш не будзе рызыкі быць арыштаваным. Больш не будзе рызыкі страціць усе актывы на тэрыторыі Беларусі толькі з-за таго, што камусьці з чыноўнікаў спадабаўся ваш бізнес.
Другі прынцып – гэта празрыстасць і адкрытасць дамоўленасцяў. Больш не будзе падпісаных угодаў, пра змест якіх ведае толькі вузкае кола набліжаных. Усе дамоўленасці будуць адкрытымі і выгаднымі для эканомік абедзвюх краін.
Трэці прынцып – Беларусь стане партнёрам, які выконвае ўзятыя на сябе абавязальніцтвы і не займаецца ўзбагачэннем за кошт падману гандлёвых партнёраў.
Наступны прынцып – у новай Беларусі будзе вітацца канкурэнцыя і не будзе спецыяльных умоваў, якія цяпер атрымліваюць набліжаныя да рэжыму бізнесмены.
Упэўненая, што грамадзяне Расіі знайшлі б лепшае прымяненне тым 150 мільярдам даляраў, якія расійскі бюджэт выдаткаваў на падтрыманне рэжыму за апошнія 27 гадоў.
Беларусі давядзецца вельмі хутка наганяць тое тэхналагічнае адставанне, якое дастанецца нам пасля дзеянняў рэжыму. Таму нам вельмі патрэбныя будуць прамыя замежныя інвестыцыі, у тым ліку з Расіі, якія дадуць магчымасць мадэрнізаваць вытворчасці, павысіць кваліфікацыю беларускіх рабочых і прыцягнуць новых партнёраў. Беларусь будзе імкнуцца інтэгравацца ў сусветную эканоміку.
Кіраўніцтва новай Беларусі будзе дзейнічаць адкрыта, каб максімальна хутка павысіць узровень жыцця беларусаў. Мы занадта доўга жылі бедна, нягледзячы на высокі ўзровень адукаванасці людзей. Нам трэба будзе пераадолець сіндром вывучанай бездапаможнасці, дазволіць людзям палепшыць сваё жыццё за кошт новых магчымасцяў, якія з'явяцца з прыходам паўнавартаснай рынкавай эканомікі. Мы зробім ухіл на развіццё малога бізнесу з максімальна простымі ўмовамі і магчымасцю атрымання крэдытаў. І, вядома, расійскі малы бізнес зможа прыйсці ў Беларусь і працаваць на роўных умовах з беларусамі.
Я разумею, што не ўсе прадстаўнікі расійскага боку будуць зацікаўленыя ў змене фармату беларуска-расійскіх адносін. Таму я назаву галоўныя перавагі супрацоўніцтва з адказным і надзейным партнёрам, якім стане новая Беларусь без Лукашэнкі:
- Гэта ўпэўненасць у выкананні ўзятых на сябе дамоўленасцяў.
- Гэта магчымасць мець паўнавартаснага гандлёвага і інвестыцыйнага партнёра – замест таго, які ўвесь час просіць даць пазыку.
- Гэта адсутнасць страху будучыні, бо ўмовы працы бізнесу не будуць залежаць ад рашэнняў аднаго чалавека, а будуць рэгулявацца рэальна дзейнымі законамі.
- Гэта гарантыя права ўласнасці, бо для інвестараў значна ўпадуць рызыкі за кошт такіх інстытутаў, як сапраўдны парламент, незалежныя суды, прававая сістэма, якая працуе.
- І самае галоўнае – гэта павышэнне ўзроўня жыцця народа як асноўная мэта беларускай эканомікі. Не ўзбагачэнне набліжаных да рэжыму людзей, калі ўвесь прыбытак асядае ў вузкім коле, а страты дастаюцца ўсёй краіне. Нашая задача – дазволіць нашым дзецям жыць значна лепш, чым жылі мы. Не паўтарыць складаны шлях, які давялося праходзіць нам. І ставіцца да народаў, якія жывуць па суседстве, сумленна і адкрыта, як да сапраўдных сяброў і партнёраў.
Дзякуй!»