Таццяна Шчытцова, выпускніца БДУ, доктарка філасофскіх навук, прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі: «БДУ мог бы стаць пляцоўкай для абмеркавання наспелых рэформаў, але замест гэтага рэпрэсуе студэнтаў і выкладчыкаў».
«Сёння Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт адзначае сваё 100-годдзе. У яго гісторыі шмат значных дасягненняў у розных галінах ведаў і шмат вядомых імёнаў – вучоных і выкладчыкаў, якія зрабілі істотны ўнёсак у развіццё вышэйшай адукацыі і навукі ў Беларусі. Але ці здолеў універсітэт стаць сапраўды сучаснай нацыянальнай ВНУ – як пра гэта марылі многія пасля здабыцця нашай краінай незалежнасці?
У нас было 30 гадоў на правядзенне рэформаў, на выбудоўванне новай дзяржаўнай палітыкі ў сферы вытворчасці ведаў, – 27 з іх прыйшліся на перыяд кіравання Лукашэнкі. Сёння мы змушаныя з сумам канстатаваць, што сістэма вышэйшай адукацыі ў Беларусі і БДУ, у прыватнасці, так і не сталі паўнавартаснымі ўдзельнікамі Балонскай сістэмы. Гэтая інтэрнацыяналізацыя ўніверсітэта апынулася немагчымай, паколькі не адбылося сур'ёзнага рэфармавання інстытутаў адукацыі і самога падыходу да кіравання вышэйшай адукацыяй.
Няма сумненняў, што БДУ са сваім кадравым патэнцыялам мог бы стаць галоўнай пляцоўкай для кваліфікаванага абмеркавання і прасоўвання наспелых рэформ, але не стаў. Пытанне «чаму?» будзе рытарычным. Адказ на яго загадзя ўсім вядомы: ўлада цалкам кантралюе ВНУ і не зацікаўленая ў іх мадэрнізацыі і інтэрнацыяналізацыі. Усё, на што хапае ўяўлення і палітычнай волі ў дзяржчыноўнікаў, гэта пасільнае стымуляванне прыкладных сфераў ведаў і даследаванняў, здольных прыносіць прамы эканамічны прыбытак. Што ж датычыцца фундаментальнай навукі, тэарэтычных распрацовак, яны не разглядаюцца ў якасці прыярытэтнага напрамку. Гэта тычыцца нават фізіка-матэматычных навук, што ўжо казаць пра сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.
Сітуацыю з сацыягуманітарнымі даследаваннямі без перабольшання можна назваць крытычнай. І прычына тая ж: дзейная ўлада ніколі не была зацікаўленая ў аб'ектыўным асэнсаванні сацыяльных працэсаў у Беларусі, у адкрытым публічным абмеркаванні дыскусійных пытанняў, што тычацца нашай гісторыі, культуры і грамадства. У выніку замест таго, каб стаць месцам генеравання і назапашвання інтэлектуальных рэсурсаў для свабоднага рэфлексіўнага асэнсавання праблемаў сучаснага свету і месца Беларусі ў ім, БДУ стаў інстытуцыяй, якая абслугоўвае дзяржідэалогію.
Ці мае права называцца ўніверсітэтам навучальная ўстанова, якая няздольная быць пляцоўкай для фармавання незалежнай навуковай экспертызы, для развіцця здольнасці крытычнага мыслення і яго прымянення ў кантэксце актуальных задачаў і выклікаў сучаснага жыцця? Да свайго стогадовага юбілею ўніверсітэт прыйшоў з вельмі падарванай рэпутацыяй, красамоўным сведчаннем чаму стаў нядаўні разрыў партнёрства з БДУ з боку Брэменскага ўніверсітэта. У адсутнасць універсітэцкай аўтаноміі, БДУ сёння стаў месцам, дзе кіраўніцтва – пры маўклівым ухваленні з боку значнай часткі акадэмічнай супольнасці – дапамагае незаконнай уладзе ажыццяўляць рэпрэсіі ў дачыненні да студэнтаў і выкладчыкаў, якія мелі смеласць заявіць адкрыта пра сваю грамадзянскую пазіцыю, пра сваю нязгоду з гвалтам і парушэннем закону.
На сайце БДУ напісана: «хто не мае гісторыі, той не мае будучыні». Трэба спытаць у сённяшніх «бдушнікаў» – пачынаючы з рэктара: вы памятаеце сваю гісторыю? Памятаеце, напрыклад, што 29 кастрычніка 1937 года пасля катаванняў органамі НКУС у Мінску быў расстраляны рэктар БДУ, вучоны-педагог Язэп Пятровіч Каранеўскі? Калі памятаеце, якую будучыню вы выбіраеце?»