«Ваша Эксцэленцыя, спадар Старшыня Сената Мілаш Выстрчыл,
Шаноўнае спадарства, дарагія сябры,
Перш за ўсё, хацела б падзякаваць спадару Выстрчылу і шаноўным сябрам Сената за гэтае запрашэнне. Я шчыра ўдзячная за магчымасць выступіць перад вамі ад імя беларускага народа ў той час, калі ён перажывае адзін з найважнейшых і найцяжэйшых момантаў сваёй гісторыі.
Гэтая складаная беларуская гісторыя мае шмат падабенстваў з чэшскай, а сувязі паміж нашымі краінамі налічваюць не адно стагоддзе. Беларусы добра памятаюць, што менавіта тут, у Празе, больш за паўтысячы год таму гуманіст Францішак Скарына надрукаваў сваю першую Біблію. У прадмове да яе ён напісаў на старой беларускай мове, што ўсе людзі да таго месца, дзе нарадзіліся, «вялікую ласку маюць». Але любіць сваю радзіму – гэта значыць несці адказнасць за яе. І драма беларусаў і чэхаў доўгі час была ў тым, што яны не маглі самі свабодна кіраваць на сваёй зямлі.
Нарэшце, сто гадоў таму нашыя народы адначасова абвесцілі незалежнасць, але далейшы іх лёс склаўся па-рознаму. Беларусь не ўтрымалася як самастойная дзяржава і гвалтоўна ўключаная ў склад Савецкага Саюза. Але дэмакратычны беларускі ўрад працягнуў сваю працу за мяжой, у тым ліку і ў Чэхіі, якая гасцінна іх прыняла. Учора мы ўшанавалі памяць прэзідэнтаў Беларускай Народнай Рэспублікі на Альшанскіх могілках. Гэта былі людзі, якія ўсё жыццё працавалі дзеля Беларусі і спадзяваліся ўбачыць яе зноў незалежнай. На жаль, яны не змаглі дажыць да гэтага дня.
Але і пасля іх мы ўбачылі, што незалежная краіна не абавязкова азначае свабодная краіна. Незалежная краіна таксама можа зрабіцца несвабоднай, калі ў ёй зневажаюць закон і чалавечую годнасць. Таму змаганне працягваецца, і цяпер у нас ёсць вялікі шанец нарэшце здзейсніць мару пра свабодную, дэмакратычную Беларусь – такую, якая натхняла пакаленні нашых папярэднікаў.
Увесь апошні год беларусы перажываюць і ствараюць самі гістарычныя падзеі, калі за адзін дзень здараецца болей, чым звычайна за цэлае дзесяцігоддзе. Мяркую, што чэшскі народ добра ведае гэтае пачуцце са сваёй гісторыі 1968 года. Так, год таму дыктатура Аляксандра Лукашэнкі канчаткова адмовілася ад клопату пра жыццё і здароўе людзей і пакінула іх сам-на-сам з каранавірусам. Але замест таго, каб разгубіцца, беларусы самаарганізаваліся і пачалі дапамагаць лекарам і адно аднаму. Народ адчуў сваю сілу і аб'яднаўся ўжо дзеля абароны сваіх правоў, у тым ліку і права голасу. Таму што чалавек вольны, калі мае голас. Незалежныя кандыдаты, у тым ліку мой муж Сяргей, былі затрыманыя і кінутыя за краты. Але беларусы прагаласавалі за новага лідара краіны
Рэжым адказаў на гэта тэрорам, якога наша краіна не бачыла са сталінскіх часоў. Але беларусы настойліва патрабуюць дэмакратычных выбараў, і нашы мірныя пратэсты цягнуцца ўжо больш за 300 дзён. За гэты час не было ні дня без вулічных дэманстрацый, нават у зімовыя маразы. Але таксама не было ні дня без арыштаў і гвалту з боку рэжыма – дзясяткі тысяч чалавек прайшлі праз турмы, тысячы знаходзяцца там зараз.
Дзесяць месяцаў мінулае змагаецца з будучыняй, дзесяць месяцаў улада спрабуе весці вайну супраць народа, дзесяць месяцаў беларусы не здаюцца і ідуць наперад.
Некаторыя сумна жартуюць, што калі б Кафка жыў у наш час, то ён перастаў бы пісаць, бо большага абсурду, чым суды ў Беларусі, ён усё роўна не змог бы прыдумаць. Калі ў краіне больш не дзейнічаюць законы, то робіцца нібыта нармальным, што людзей садзяць на паўмесяца ў турму за колер штаноў і пазногцяў. Салідарнасць становіцца злачынствам. A сведкі на судах – гэта міліцыянеры ў масках, якія выступаюць праз Zoom.
Пісьменнікам яшчэ доўга прыйдзецца асэнсоўваць, як такое стала магчымым, але ж гэта рэальнасць, а не літаратура, і ўжо цяпер у беззаконня ў Беларусі ёсць незваротныя ахвяры. Літаральна тыдзень таму 18-гадовы сірата Дзмітрый Стахоўскі скончыў жыццё самагубствам, не вытрымаўшы бясконцага ціску следчых, якія завялі на яго крымінальную справу за ўдзел у мірных маршах. А ў мінулы панядзелак палітвязень Сцяпан Латыпаў паспрабаваў забіць сябе прама падчас суду пасля таго як яму пачалі пагражаць катаваннямі яго сваякоў. Раней адбыліся самаспаленні перад будынкам міліцыі у Смалявічах і перад Домам ураду на галоўнай плошчы Мінска.
Я прыгадвала ўсіх гэтых людзей перад помнікам Яну Палаху, які таксама быў вымушаны абраць крайнюю форму пратэсту і пазбавіў сябе жыцця ў цэнтры Прагі. Як супрацьстаяць адчаю, калі людзі губляюць надзею? Як прадухіліць іншыя падобныя трагедыі? Што можа зрабіць для гэтага кожны з нас? Вось тыя пытанні, якія зараз паўстаюць перад беларусамі, і адказы на іх неабходна знайсці неадкладна.
Гэта тым больш пільная справа, што за апошнія тыдні крызіс у Беларусі з унутранай праблемы ператварыўся ў выклік для ўсёй Еўропы і міжнароднай супольнасці. Калі рэжым Лукашэнкі падняў у паветра знішчальнік, каб пасадзіць самалёт Афіны-Вільня і затрымаць журналіста Рамана Пратасевіча, то ён не зрабіў нічога для сябе надзвычайнага – гэта было тое ж самае, што ўвесь час робіцца супраць беларусаў. Але гэтым разам страляць збіраліся не па мірных дэманстрантах, а па больш чым сотні іншаземных грамадзян, у тым ліку па дзецях. Усё гэта – каб арыштаваць маладога чалавекa, які ў 2017 годзе атрымаў стыпендыю імя Вацлава Гаўла за сваю журналісцкую працу. Тым часам тое, што рэжым у Беларусі лічыць журналістыкай – гэта прызнанні на відэакамеру, атрыманыя пасля катаванняў. У гэтага ёсць назва – тэрарызм, і цяпер тэрарыстычная прырода лукашэнкаўскай дыктатуры робіцца відавочнаю для ўсяго свету. Калі ж цывілізаваныя краіны не лічаць прымальным, што дзевяцімільённая краіна ў цэнтры Еўропы кантралюецца тэрарыстамі, то ў іх ёсць нямала інструментаў, каб іх спыніць. У спалучэнні з унутраным ціскам на рэжым, які беларусы не спыняюць ні на дзень, знешні ціск можа кардынальна змяніць сітуацыю і прадухіліць новыя ахвяры.
Шаноўнае спадарства,
Мне адразу прыходзяць у галаву дзве рэчы, якія павінны добра адгукнуцца ў гістарычнай памяці чэшскай нацыі. Першая – дакумент, падрыхтаваны савецкім урадам у 1968 годзе, які сцвярджаў, што чэшскія лідары самі «запрасілі» сілы Варшаўскага дагавора ўвайсці ў Чэхаславакію. Сёння рэжым Лукашэнкі таксама сцвярджае, што пілот самалёта Ryanair сам папрасіў прызямліцца ў Мінску.
І другая – вяртанне заходніх лідараў з Мюнхена ў 1938 г., калі яны заяўлялі пра «гістарычную дамову», калі Чэхаславакія на самай справе была прынесена ў ахвяру дыктатуры. Сёння я баюся, каб свабода і дэмакратычныя памкненні беларускага народа не былі ахвяраваныя дзеля таго, каб «супакоіць» дыктатара. Баюся, каб яны не былі ахвяраваныя для таго, каб «пакінуць каналы для дыялога адкрытымі».
Вось чаму я заклікаю Чэхію займаць паслядоўную пазіцыю ў дачыненні да нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі, не прызнаваць яго ўладу, і ўсе яго рашэнні і дамоўленасці лічыць незаконнымі.
Я заклікаю прызнаць арганізацыі, у тым ліку КДБ, АМАП, ГУБАЗіК, якія ажыццяўляюць тэрор супраць насельніцтва – злачыннымі. Я заклікаю Чэхію распачаць справы супраць вінаватых у межах універсальнай юрысдыкцыі. Я заклікаю ініцыяваць стварэнне Міжнароднага трыбуналу, каб правесці расследванне злачынстваў дыктатуры Лукашэнкі ў мінулым і ў перыяд пасля выбараў 2020 года.
Я заклікаю арганізаваць міжнародную канферэнцыю высокага ўзроўня па выхадзе Беларусі з крызісу. Я нагадваю, што адзіным магчымым вырашэннем крызіса ў Беларусі могуць стаць толькі свабодныя выбары з міжнародным назіраннем.
Я заклікаю Чэхію павялічыць падтрымку праектаў беларускай грамадзянскай супольнасці – журналістаў, студэнтаў і медыкаў, бо зараз яна надзвычай каштоўная. Вельмі важна падтрымаць мясцовыя супольнасці, стачачныя камітэты і ініцыятывы, якія з'явіліся пасля жніўня 2020 года. Асаблівую ўвагу прысвяціць бяспецы актывістаў і журналістаў. Вельмі важна падтрымаць традыцыйныя і новыя медыі, такія як Еўрарадыё, Белсат, Радыё Свабода; Youtube-блогераў, тэлеграм-каналы, і праекты друкаванага самвыдата.
Я заклікаю пашырыць праграмы падтрымкі для параненых, сем’яў рэпрэсаваных і студэнтаў. Новая Беларусь будзе мець патрэбу ў высокакваліфікаваных кадрах, і чэшскія ўніверсітэты маглі б павялічыць колькасць стыпендыяў для беларускай моладзі. Падтрымаць мастацкія, музычныя і выдавецкія праекты, якія спрыяюць чэшска-беларускаму паразуменню.
Я заклікаю Чэхію і Еўрасаюз прыняць чацвёрты пакет эканамічных санкцый і ініцыяваць пяты. У спіс павінны трапіць памагатыя рэжыму, суддзі, пракуроры, сілавікі, бізнесоўцы. Я заклікаю Чэхію і Еўрасаюз спыніць гандаль нафтапрадуктамі і ўгнаеннямі з нелегітымным рэжымам. Я заклікаю спыніць інвестыцыі і крэдыты для беларускіх дзяржаўных кампаній і банкаў, якія на самай справе служаць крыніцай прыбытку для рэжыму дыктатара.
Чэхія мае доўгую традыцыю падтрымкі беларусаў, якія змагаюцца за свабоду – ад дваццатых гадоў мінулага стагоддзя да дваццатых гадоў нашага стагоддзя. Падчас нядаўняй сустрэчы з удавой прэзідэнта Гаўла, Дагмар Гаўлавай, я мела магчымасць падзякаваць за салідарнасць і нагадаць, што апошні ў сваім жыцці ліст прэзідэнт Гавел напісаў беларускім палітычным зняволеным. Зараз у Празе працягвае працаваць беларуская рэдакцыя «Радыё Свабода», а чэшскія лекары з арганізацыі MEDEVAC выратавалі многіх з тых, хто быў пакалечаны ў найгоршыя дні жніўня. Я шчыра дзякую ўсім чэхам добрай волі ад Брно да Плзені, ад Ліберца да Будэёвіцэ, усім нашым дапаможцам у кожным муніцыпалітэце, тэатры, універсітэце, якія дапамагаюць беларусам у іхняй барацьбе. Пазаўчора на Старамесцкай плошчы я бачыла сотні беларусаў і чэхаў, іх салідарнасць дае асабіста мне, і тысячам беларусаў новыя сілы, і надзяляе нас верай у тое, што нашае змаганне з'яўляецца справай пераможцаў.
Я ўжо некалькі разоў прыгадала імя прыгожай чэшскай сталіцы — Прага. Мне гэта здаецца сімвалічным, бо па-беларуску слова «прага» азначае глыбокае жаданне, патрэбу. Зараз гэтае слова асабліва актуальнае для нашага народа, які адчувае сапраўдную прагу да справядлівасці, прагу да праўды, прагу да свабоды. Прага да справядлівасці была лейтматывам жыцця для Вацлава Гаўла і Яна Сокала – абаронцаў Чэшскай дэмакрытыі.
«Дзякуючы прагрэсу у галіне правоў чалавека, дыктатары ўжо не могуць рабіць тое, што хочуць. Ім даводзіцца яшчэ больш старанна хаваць, што яны рабілі і робяць. І што самыя паспяховыя сярод іх пачынаюць лічыцца з тым, што аднойчы будуць прыцягнуты да адказнасці. Але нават самыя прасунутыя ўжо не могуць быць упэўнены, што гэта яны будуць «пісаць гісторыю»».
Гэта цытата з эсэ акурат Яна Сокала, якога Чэхія нядаўна страціла.
Мы не можам дазволіць дыктатарам пісаць гісторыю. Таму што гісторыя – і будучыня – належыць нам, людзям з сапраўднай прагай. Прагай да свабоды.
Дзякуй».