• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • «Я хацела б, каб Беларусь стала часткай Рады Еўропы». Выступ Святланы Ціханоўскай на пасяджэнні Пастаяннага камітэта ПАРЕ ў Рэйк’явіку, 2023

    16 мая, 2023

    Святлана Ціханоўская ўдзельнічае ў саміце Рады Еўропы, які зараз праходзіць у сталіцы Ісландыі Рэйк’явіку.

    • Тэкст выступу: 

    «Прэзідэнт Кокс,
    Спадарыня прэм'ер-міністарка,
    Спадарыня міністарка,

    Паважаныя чальцы Пастаяннага камітэта
    Дарагія сябры,

    Сёння я паспрабую перадаць вам вельмі простае пасланне ад беларусаў: будзьце голасам тых, хто зараз не можа гаварыць.

    На мінулым тыдні я размаўляла з адной беларускай. Рэжым Лукашэнкі пасадзіў у турму яе дачку і сына. Іх затрымалі ў першыя дні вайны.

    Яны не былі актывістамі. Яны ніколі раней не пратэставалі. Але калі Расія пачала абстрэльваць Украіну з тэрыторыі Беларусі, яны не змаглі застацца ўбаку і разам з тысячамі іншых людзей выйшлі на вуліцы.

    На наступны дзень у іх дом уварвалася паліцыя і разграміла яго. Іх адвезлі ў КДБ і, не выключана, катавалі. Іх прымусілі запісаць «пакаяльнае» відэа, якое КДБ размясціў на YouTube.

    Сыну гэтай жанчыны сказалі, што ён здзейсніў дзяржаўную здраду і можа быць прысуджаны да смяротнага пакарання. Цяпер яны знаходзяцца ў поўнай ізаляцыі, і нават іх маці не ведае пра іх месцазнаходжанне.

    Калі гэтая жанчына расказвала гісторыю пра сваіх дзяцей, яна сказала мне: усё, што ў мяне засталося, – гэта надзея. І мая адзіная надзея – гэта тое, што свет не забудзецца пра нас. Каб я змагла зноў убачыць сваіх дзяцей.

    Я разумею, што адной толькі надзеі недастаткова для перамогі. Але надзею можна ператварыць у энергію, а энергію – у дзеянні. Гэтая жанчына ў роспачы стала актывісткай і зараз дапамагае сем'ям іншым рэпрэсаваных, якія апынуліся ў падобнай бядзе.

    І мая задача, нашая агульная задача – зрабіць так, каб ніхто з гэтых людзей, як і гэтая беларуска, не страцілі надзею.

    На жаль, яе гісторыя не адзіная. Ад пачатку нашай рэвалюцыі ў 2020 годзе праз затрыманні прайшлі 60 000 чалавек. Многіх катавалі, збівалі і нават гвалтавалі. Толькі ў красавіку штодзень затрымлівалі ў сярэднім 11 чалавек. Беларусь стала краінай беззаконня і тэрору.

    У мінулым месяцы ў шпіталь у цяжкім стане даставілі палітвязня Віктара Бабарыку – аднаго з галоўных супернікаў Лукашэнкі. Ён быў настолькі збіты, што яго цяжка было пазнаць. Нягледзячы на заклікі праваабаронцаў, рэжым адмаўляецца пускаць да яго наведвальнікаў. Невядома нават, ці жывы ён.

    З 10 сакавіка я нічога не чула пра свайго мужа Сяргея. Яго асудзілі на 19 гадоў, а мае дзеці не бачылі яго ўжо тры гады. Магчыма, ён знаходзіцца ў карцары – я не хачу думаць пра горшае. Праз ціск на яго рэжым спрабуе зламаць мяне.

    Палітычныя зняволеныя – закладнікі. І нам трэба казаць пра іх кожны божы дзень, нам трэба падтрымліваць іх сем'і. Нам трэба даваць ім надзею і энергію. Ім трэба ведаць, што іх не кінулі.

    Паважаны Прэзідэнт Кокс, я бясконца ўдзячная Вам і ўсёй ПАРЕ, што Вы надаяце столькі ўвагі сітуацыі з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі. Паверце мне: кожная заява, кожная рэзалюцыя, кожнае слова – маюць значэнне.

    Дарагія сябры,

    Мы змагаемся не толькі супраць тыраніі Лукашэнкі, але і супраць акупацыі Беларусі Расіяй. Як і мужны народ Украіны, мы змагаемся за нашую свабоду.

    Учора я была ў Аахене на цырымоніі ўручэння прэміі Карла Вялікага. Я вельмі радая, што ў гэтым годзе прэмія была прысуджаная Прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму і народу Украіны. У мінулым годзе мне выпаў гонар атрымаць гэтую прэмію ад імя ўсіх беларусаў, якія хочуць жыць у міры і свабодзе.

    Нас аб'ядноўвае барацьба дэмакратыі супраць тыраніі, будучыні супраць мінулага. Украінцы і беларусы дакладна заявілі, што выбіраюць свабоду. Без усялякіх сумневаў: мы не можам не перамагчы. Калі мы прайграем, Еўропа зноў апынецца ў цемры.

    Супраціў вайне і рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі пайшоў у падполле. З-за рэпрэсій зараз няма маштабных вулічных дэманстрацый. Але больш за 200 000 беларусаў далучыліся да плана «Перамога», які быў створаны для каардынацыі падпольнага супраціву. Толькі ў 2022 годзе на чыгунцы было здзейснена больш за 80 актаў сабатажу.

    Напрыклад, паспяховая дыверсія здарылася ў лютым, калі беспілотнік атакаваў важны для Расіі радыёлакацыйны самалёт. Многія беларусы таксама дапамагаюць украінскай разведцы. Яны працягваюць сачыць за перамяшчэннем расійскіх войскаў па тэрыторыі Беларусі.

    Пазіцыя беларусаў зразумелая: мы супраць вайны. Мы выступаем на баку Украіны. Вельмі важна адрозніваць беларускі народ і рэжым Лукашэнкі. Памочнікам Пуціна стаў менавіта рэжым.

    Калі пачалася вайна, многія краіны пачалі ўводзіць забарону на выдачу візаў для беларусаў. Гэта не правільна. Віза – гэта не раскоша, а неабходнасць. У жанчыны, пра якую я расказала раней, была магчымасць мне патэлефанаваць толькі таму, што яна змагла своечасова з'ехаць з Беларусі. Тады да яе ўжо збіраліся прыйсці з КДБ.

    Важна не ставіцца да Беларусі і Расіі аднолькава. Беларусы не хочуць, каб іх ставілі на адну дошку з расіянамі. У 2020 годзе мы абралі дэмакратыю і вяршэнства закону, і мы заплацілі за гэта вялікую цану. Мы супраць крывавай вайны Расіі, і мы падтрымліваем Украіну. І сам факт таго, што я зараз раблю перад вамі прамову, азначае, што вы гэта разумееце.

    Дарагія сябры,

    Мы хочам, каб Беларусь вярнулася ў Раду Еўропы. Беларусь больш не павінна быць чорнай плямай на мапе Рады Еўропы.

    Таму што мы – еўрапейцы. Мы хочам, каб дэмакратычная Беларусь заняла сваё месца ў еўрапейскай сям'і свабодных народаў.

    Я хацела б, каб Беларусь стала часткай Рады Еўропы, таму што так мы зможам пабудаваць будучыню, у якой кожны беларус зможа жыць свабодна, гаварыць адкрыта і актыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцці нашай дзяржавы.

    Размова ідзе не толькі пра міжнароднае прызнанне. Гаворка ідзе пра пераўтварэнне нашага грамадства і пабудову сапраўднай дэмакратыі, дзе пануе вяршэнства закона і выконваюцца правы чалавека.

    Я мару пра Беларусь, у якой прынцыпы, якія адстойваюцца Радай Еўропы, – гэта не далёкія ідэалы, а паўсядзённая рэальнасць.

    Мы гатовыя супрацоўнічаць ужо цяпер і выкарыстоўваць ваш вопыт пры падрыхтоўцы рэформаў для будучай дэмакратычнай Беларусі. Гэта дапаможа нам падрыхтавацца да дэмакратычных пераменаў.

    Як я ўжо казала летась, трэба, каб у Радзе Еўропы было больш Беларусі, а ў Беларусі – больш Рады Еўропы. Я вельмі радая стварэнню Кантактнай групы паміж Радай Еўропы і Беларуссю. У межах Кантактнай групы мы займаліся арганізацыяй дапамогі незалежным беларускім журналістам у выгнанні. Мы плануем мерапрыемствы па выкараненні гендарнай няроўнасці і гвалту ў дачыненні да жанчынаў. Для вядучых беларускіх юрыстаў мы плануем азнаямляльную паездку ў Раду Еўропы. Прадстаўнікі нашай моладзі прымуць удзел у мерапрыемстве пра адмену смяротнага пакарання.

    Я радая, што ПАРЕ не запрашае на свае мерапрыемствы набліжаных Лукашэнкі. Тут няма месца злачынцам. Замест іх вы запрашаеце выступіць перад Асамблеяй прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў.

    Я хачу скарыстацца гэтай магчымасцю, каб папрасіць кіраўнікоў нацыянальных дэлегацыяў на Асамблеі сумесна з вашымі ўрадамі надаць фінансавую падтрымку Плану дзеянняў Кантактнай групы. У Плане ёсць спіс з 15 розных тэматычных абласцей, з якіх лёгка выбраць кірункі для падтрымкі.

    Мы хочам дзейнічаць. Дзякуючы вашай падтрымцы мы зможам паўплываць на сітуацыю ўжо зараз. Дзякуючы вашай падтрымцы мы зможам у будучыні пабудаваць устойлівую дэмакратыю. Дзякуючы вашай падтрымцы мы зможам даучыцца да Рады Еўропы як мага хутчэй.

    Напрыканцы, я хачу падзякаваць краіне, якая прымае, – цудоўнай Ісландыі. Маленькай краіне з вялікім сэрцам. Паважаныя прэм'ер-міністарка, міністарка, спікер – сваім прыкладам і актыўнай працай вы паказваеце, што і маленькія краіны могуць дабіцца вялізных пераменаў.

    Калі ў нас ёсць такія сябры, такія саюзнікі, як вы, гэта дае мне надзею і ўпэўненасць працягваць нашую барацьбу.

    Я ўдзячная вам за запрашэнне на Саміт. Вы даяце нам не проста платформу – вы даяце нам голас. Вы даяце голас усім тым, у каго няма магчымасці казаць за сябе, але хто падзяляе вашыя каштоўнасці і мару пра свабодную, дэмакратычную і мірную Еўропу.

    Дзякуй!»

    Апошнія навіны