• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Глабальны пікет салідарнасці: каля 30 краін далучыліся да закліку Ціханоўскай

    30 мая, 2021

    Жыхары розных краін свету і беларускія дыяспары падтрымалі Глабальны пікет салідарнасці з Беларуссю.

    Святлана Ціханоўская абвясціла 29 траўня Глабальным пікетам салідарнасці з Беларуссю. Да афлайн- і анлайн-акцый далучыліся сусветныя палітыкі, журналісты, актывісты. Святлана Ціханоўская выступіла на пікеце ў Вільні.

    «Апошні год даўся ўсім нам вельмі цяжка. Але гэта адбылося, таму што мы перасталі лічыць, што хтосьці вырашыць нашым праблемы за нас. Я не сумняюся: мы працягнем наш шлях, колькі б сіл і часу ён не заняў. Нават калі хтосьці лічыць нас ідэалістамі, ужо сама барацьба за свабодную Беларусь – гэта ўнёсак кожнага з нас у краіну, якую мы пакінем сваім дзецям».

    У акцыі прынялі ўдзел жыхары больш чым 90 гарадоў з 30 краін свету, уключаючы Аўстралію, Вялікабрытанію, Германію, Іспанію, Італію, Літву, Новую Зеландыю, Польшчу, ЗША, Францыю і Паўднёвую Карэю. Праглядзець мапу пікетаў з фотаздымкамі з кожнага можна на сайце https://dze.chat/.

    • Гарады і краіны:

    Аўстралія: Адэлаіда, Сіднэй, Перт.

    Аўстрыя: Вена.

    Бельгія: Брусель.

    Вялікабрытанія: Лондан, Манчэстэр.

    Германія: Берлін, Брэмен, Гамбург, Гановер, Дрэздэн, Ена, Лейпцыг, Мюнстэр, Мюнхен, Нюрнберг, Саарбрукен, Франкфурт-на-Майне, Штутгарт.

    Грузія: Батумі.

    Данія: Капенгаген.

    Ізраіль: Тэль-Авіў.

    Ірландыя: Дандолк, Дублін, Корк.

    Іспанія: Барселона, Валенсія, Малага, Севілья, Тарэв'еха.

    Італія: Балонья, Мілан, Рым, Падуя, Палерма.

    Канада: Атава, Таронта.

    Латвія: Рыга.

    Літва: Вільня, Клайпеда, Рукла.

    Нідэрланды: Амстэрдам.

    Новая Зеландыя: Окленд.

    Нарвегія: Осла.

    Польшча: Беласток, Бельска-Бяла, Быдгашч, Бяла-Падляска, Варшава, Вроцлаў, Гданьск, Гдыня, Жэшув, Зялёна Гура, Катавіцэ, Кракаў, Лодзь, Познань, Торунь, Шчэцін.

    Партугалія: Лісабон, в. Сан-Мігель.

    Рэспубліка Карэя: Сеул.

    Расія: Масква, Санкт-Пецярбург.

    ЗША: Атланта, Бостан, Вашынгтон, Дэнвер, Нью-Ёрк, Сан-Дыега, Сіэтл, Філадэльфія, Х'юстан, Чыкага.

    Украіна: Кіеў, Львоў, Адэса.

    Фінляндыя: Хельсінкі.

    Францыя: Ансі, Бардо, Ліён, Ніца, Парыж.

    Чарнагорыя: Будва.

    Чэхія: Прага.

    Швейцарыя: Берн, Курэй.

    Швецыя: Гетэборг, Лудвіка, Стакгольм.

    Эстонія: Талін, Тарту.

    • Палітыкі і арганізацыі:

    Міністарка замежных спраў Нарвегіі Іне Эрыксен Серэйдэ ў відэазвароце выказала падтрымку «мужнай барацьбе беларускага народа за дэмакратыю і правы чалавека». Міністарка таксама заявіла пра патрабаванні міжнароднай супольнасці вызваліць Рамана Пратасевіча, Сафію Сапега, усіх палітвязняў і падтрымала інклюзіўны дыялог рэжыму з дэмакратычнымі сіламі.

    Міністр па еўрапейскіх справах Ірландыі Томас Бірн заявіў у твітары: «Мы цалкам падтрымліваем дэмакратыю ў Беларусі, асноўныя правы чалавека і свабоды належаць народу Беларусі, і ён павінен сам вызначаць свой лёс».

    МЗС Літвы апублікаваў у твітары заяву: «На Глабальным пікеце салідарнасці з Беларуссю мы выказваем безумоўную падтрымку дэмакратызацыі Беларусі, народу якой павінны быць прадастаўленыя асноўныя правы і свабоды чалавека, а таксама магчымасць самастойна выбіраць свой лёс».

    Мэр Рыгі Марцін Стакіс апублікаваў фота бела-чырвона-белых сцягоў на будынку Рыжскай гарадской рады. У Стакгольмскім муніцыпалітэце Нока, а таксама ў Беластоку ўзнялі бела-чырвона-белыя сцягі ў межах Глабальнага пікету салідарнасці з Беларуссю.

    Урады Аўстрыі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, Ісландыі, Канады, Кіпра, Латвіі, Люксембурга, Нідэрландаў, Новай Зеландыі, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, ЗША, Украіны, Фінляндыі, Чэхіі, Швейцарыі, Эстоніі выпусцілі сумесную заяву ў межах кааліцыі за свабоду медыя, у якой асудзілі захоп самалёта рэжымам, запатрабавалі вызвалення Рамана Пратасевіча і ўсіх арыштаваных журналістаў Беларусі.

    Міхаіл Шчэрба, дэпутат сейма Польшчы апублікаваў у твітары шэраг фотаздымкаў акцый у польскай сталіцы: «Мінск-Варшава разам. Варшавянкі і варшавяне салідарныя з Беларуссю! Свабоду Раману Пратасевічу і ўсім палітвязням!».

    Амерыканскі кангрэсмен Біл Кіцінг размясціў у твітары заяву, у якой распавёў пра бягучую сітуацыю ў Беларусі, асудзіў дзеянні рэжыму Лукашэнкі і рэпрэсіі супраць TUT.by, незалежных медыя і журналістаў, заклікаў ICAO расследаваць захоп самалёта Ryanair з мэтай затрымання Рамана Пратасевіча, а таксама падтрымаў беларускія дыяспары.

    Нільс Шмід, дэпутат Бундэстага заявіў: «Сяргей Ціханоўскі, муж Святланы Ціханоўскай, знаходзіцца за кратамі ўжо адзін год. Мы на баку дэмакратычнага руху ў Беларусі і патрабуем вызвалення Ціханоўскага, Пратасевіча, Сапегі, Калеснікавай і ўсіх палітычных зняволеных».

    Дэпутатка Еўрапарламента Каці Піры адзначыла, што «беларусы маюць патрэбу ў падтрымцы міжнароднай супольнасьці» і падзялілася інтэрв'ю, у якім яна абмеркавала, якую падтрымку Нідэрланды і ўвесь ЕС могуць аказаць Беларусі.

    Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр заявіла пра падтрымку беларускаму народу і адзначыла, што вырашэннем крызісу павінны стаць вызваленне палітвязняў і сапраўдны дыялог, які прывядзе да новых сумленных і празрыстых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

    Да акцыяў у Еўропе таксама далучыліся амбсадар Літвы ў Нідэрландах Відмантас Пурліс, аўстрыйская палітык Каці Шнеебергер, французскі дзяржслужбоўца, пісьменнік Нікаля Тэнцер.

    Нідэрландскі аддзел еўрапейскай партыі Volt Nederland адзначылі ў твітэры: «Народ Беларусі ўжо больш за год супрацьстаіць дыктатару, нягледзячы на   арышты, катаванні і гвалт. Яны цвёрда стаяць на сваім. Мы не павінны іх кідаць. ЕС: устаньце на абарону правоў чалавека і свабоды ў Беларусі».

    Найбуйнейшая партыя Еўрапарламента EPP Group заявілі: «Нягледзячы на тыранію і злачынныя метады, якія выкарыстоўваюцца рэжымам, беларуская апазіцыя працягвае змагацца за дэмакратыю. Сёння Глабальны пікет салідарнасці з Беларуссю. Дайце ім сілы! Жыве Беларусь!».

    Апошнія навіны